«Правапіс беларускай мовы» (1934) — нарматыўныя (1934—1958) правапіс і граматыка беларускай мовы, выдадзеныя ў 1934 годзе ў Менску асобнай кнігай 100 тыс. тыражом пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча для рэформавання беларускай граматыкі (1933)
Правапіс уключаў шэраг палажэнняў забароненага праекту рэформы Правапіснай камісіі Некрашэвіча (1930), але дадаткова ўтрымліваў і змяненні ў граматыцы[1].
Быў узмоцнены марфалагічны прынцып будовы граматыкі, у параўнанні з граматыкай Тарашкевіча (1918). Шэраг правілаў быў спрошчаны і ўпарадкаваны.
Правапіс слоў замежнага паходжання быў прыведзены ў большую адпаведнасць з правіламі беларускай фанетыкі, але прынцып акання, хоць і пашыраны, быў вельмі абмежавана распаўсюджаны на «э»/«е». Дадаткова былі ўведзены палітычна матываваныя выняткі (г.зв. «словы інтэрнацыянальнага рэвалюцыйнага паходжання», напр., комуніст, большэвік і пад.)
Ацэнкі
Правапіс выклікаў шмат пытанняў і нават пратэстаў[2] у БССР.
Шэраг правілаў, напрыклад, ужывання вялікіх літар, напісання слоў разам, асобна ці праз злучок, некаторыя формы форма- і словазмянення, быў сфармуляваны на ўзор адпаведных правілаў рускай арфаграфіі[3].
Некаторыя арфаграфічныя правілы не маглі забяспечыць прынцыпу аднолькавага напісання, былі ўведзены надуманыя, штучныя правілы, якія не адпавядалі літаратурнаму вымаўленню, былі недакладнымі ў фармулёўках, не пашыраліся на ўсю лексіку.
У газеце «Звязда» была адкрытая (1938) шырокая дыскусія па далейшых кірунках развіцця беларускай граматыкі і правапісу. Выказацца па гэтых пытаннях заклікала сваіх чытачоў газета «Советская Белоруссия». Гэтая дыскусія, а пазней і акадэмічнае абмеркаванне, была працягнута пасля вайны (гл. Гісторыя беларускай мовы ў 1950-х гг.), і мела вынікам яшчэ адну рэформу беларускай граматыкі (1957).
Гэты правапіс быў катэгарычна не прыняты часткай тагачаснай грамадскасці і пераважнай большасцю заходнебеларускай і пасляваеннай эмігранцкай супольнасці. У крытыцы (якая ўзыходзіць да публікацыі Яна Станкевіча, «Зьмена граматыкі беларускага языка ў БСРР», Вільня, 1936) усе змяненні абвяшчаліся русіфікацыйнымі, а мэты рэформы — несапраўднымі, апроч пункту пра «скасаванне штучных бар’ераў паміж рускай і беларускай мовамі», які, разам з крытыкай «русіфікацыйных» змяненняў, агучваўся і трактаваўся ў далейшым як намер «наблізіць беларускую мову да рускай». Такі кірунак крытыкі, з падкрэсленнем ідэалагічнага аспекту, быў працягнуты ў 1990—2000 гг. шэрагам аўтараў (Л. Лыч, В. Вячорка, Н. Баршчэўская).
Гл. таксама
- Грамадская камісія (1993)
- Альтэрнатыўны правапіс беларускай мовы (2005)