Беларуская Служба Бацькаўшчыне (БСБ) — беларуская грамадская моладзевая арганізацыя, якая была арганізаваная ў акупаванай немцамі Беларусі падчас Другой Сусветнай Вайны з мэтай фізічнага, працоўнага, і патрыятычнага ўзгадавання беларускай моладзі ўзростам з 18 да 20 год. Колькасць сяброў — каля 250 чалавек.
Гісторыя
У 1943 г. дзейнасць савецкіх партызанаў у Беларусі дайшла да надзвычай вялікіх памераў, таму немцы пачалі рабіць больш актыўныя захады да супрацоўніцтва з мясцовымі беларускімі арганізацыямі і на больш гуманных умовах. Адным з такіх захадаў была пастанова Камісарыяту для Беларусі ў Мінску зарганізаваць Беларускую Службу Бацькаўшчыне (БСБ). Беларуская Служба Бацькаўшчыне была ўтвораная восенню 1943 г. па ініцыятыве Вацлава Іваноўскага, старшыні Беларускай Цэнтральнай Рады. Яны была змадэлявана з нямецкай Імперскай службы працы (ням.: Reichsarbeitsdienst, RAD).
У кастрычніку 1943 г. да латвійскай Мітавы пераехала 15-асабовая група актывістаў БСБ баранавіцкага раёну на 3-месячны курс для кіраўнікоў, арганізаваны пры VIII акрузе RAD. Пасля вяртання ў Беларусь гэтыя актывісты склалі каманду кіравання БСБ. Наступны курс адбываўся з лютага па чэрвень 1944 г. ў Кёнігсберзе, сярод удзельнікаў былі беларусы з мінскага і маладзецкага раёну. Пасля завяршэння курса, каб азнаёміцца з дзейнасцю мясцовых структур RAD, удзельнікі курса наведалі некалькі гарадоў Усходняй Прусіі. Моладзь у БСБ вучылі працаваць кіркамі, рыдлёўкамі і іншымі прыладамі, а таксама муштравалі па вайсковаму. У праграму заняткаў уваходзілі лекцыі на тэмы гісторыі і палітыкі Германіі, былі вызначаныя гадзіны для беларускіх тэмаў. Сіламі ўдзельнікаў курсу чыталіся творы беларускіх паэтаў, рабіліся разборы, аналізы.
Перад пачаткам савецкай акупацыі быў арганізаваны батальён БСБ у Слоніме пад кіраўніцтвам афіцэра беларускай самапомачы Уладзіміра Лазара. Падчас эвакуацыі да Германіі немцы першапачаткова наказалі БСБ ехаць ва Усходнюю Прусію каб прыняць удзел у абароне супраць наступаючых савецкіх войскаў, але кіраўніцтва БСБ пераканала немцаў змяніць гэтыя планы. Большасць сябраў БСБ засталася ў Беларусі, а да Германіі эвакуявалася каля 120 чалавек, якія прыбылі ў горад Эгер у пратэктарат Багеміі і Маравіі. Значная частка эвакуяваных сябраў БСБ была накіравана на абарону мясцовых авіябаз. Некаторыя сябры БСБ трапілі да 30 грэнадзёрскай (1-й беларускай) дывізіі СС і ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касына, а таксама ў 75-ы грэнадзёрскі полк СС (1-ы беларускі) Частка сяброў БСБ была накіравана ў Памеранію.
Рангі і ўніформа БСБ

У шэрагах БСБ былі прынятыя наступныя пасады і рангі:
Пасада ў БСБ | Ступень у БСБ | Ступень у СПІ (RAD) |
---|---|---|
— | — | Reichsarbeitsführer |
Кіраўнік штабу БСБ | Майстра | Generalsarbeitführer |
Акруговы кіраўнік | Малодшы майстра | Arbeitsführer |
Кіраўнік групы | Груповы | Feldmeister |
Кіраўнік звязу | Звязовы | Truppfuhrer |
Кіраўнік дружыны | Старшы сябра | Vormann |
— | Сябра | Arbeitsmann |
На пачатку фармавання ў Слоніме ў 1943 г. сябры БСБ атрымалі курткі пашытыя з сабранага Беларускай народнай самапомачу белага палатна. Пазней, прыехаўшы ў Эгер, аддзелы БСБ пачалі атрымліваць нямецкія шэра-сінія курткі Люфтвафэ і дзягі з спражкамі люфтвафэ. На левым рукаве павінна была насіцца бел-чырвона-белая нарукаўка з бел-чырвона-белым трыкутнікам з напісам «БCБ».
БСБ мела ўласны гімн, які пачынаўся словамі «Край наш, Табе свае сілы, здольнасці і працу даём мы...».
Глядзіце таксама
Літаратура
- Алесь Вінніцкі. Матарыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох.–Менск: Тэхналогія, 1995.
- Arche №5, 2008.