Беларуская Народная Партызанка
Краіна
Тып арганізацыі узброеная арганізацыя[d]

Беларуская Народная Партызанка (БНП) — беларуская ўзброеная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя, якая дзейнічала ў акупаванай Беларусі падчас Другой сусветнай вайны і ў першыя пасляваенныя гады.

Перадгісторыя стварэння БНП

Напярэдадні нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў нямецкае вайсковае камандаванне меркавала, што падчас захопу Палесся будзе немажлівае выкарыстанне танкаў, і яго трэба будзе абысці, таму вайсковая выведка Абвер атрымала заданне звярнуць пільную ўвагу на гэтую тэрыторыю будучага «палескага катла», дзе мелі апынуцца савецкія войскі. Каб вырашыць гэтую праблему, у Абверы было вырашана выкарыстаць беларускія і ўкраінскія нацыяналістычныя арганізацыі, якія дзейнічалі на былой польскай тэрыторыі: «Украінскае Нацыянальнае Вызваленне» Тараса Бульбы-Бараўца і «Беларускі Народны Фронт» Шчорса-Гадлеўскага. Апошняя, выступаючы як нацыяналістычная арганізацыя, займалася разбудовай у Польшчы падпольных структураў беларускага супраціву і спрычынілася да арганізацыі беларускіх дыверсійных груп, якія перакідваліся ў БССР. Ужо ў першыя дні нямецка-савецкай вайны, пакуль немцы яшчэ не дайшлі да Палесся, беларусы ўжо загаспадаравалі на вялікім абшары, стварыўшы аддзелы Беларускай Самаабароны, якая пераняла ўладу ў цэлых раёнах. Паводле Сяргея Ярша, да кіраўніцтва Беларускай Самаабароны належалі ацалелыя ад рэпрэсій НКУС кіраўнікі антыпольскага паўстання ў верасні 1939 года. Беларуская Самаабарона цесна супрацоўнічала з украінскімі арганізацыямі і разам з імі праводзіла вайсковыя аперацыі на Палессі супраць савецкіх партызанаў і фармаванняў Чырвонай Арміі. Навязанню сувязі паміж патрыятычнымі групамі і атрадамі садзейнічала неабходнасць барацьбы з савецкімі марадзёрамі і партызанамі, якія правакавалі немцаў на карныя меры, гвалцілі сялянак і рабавалі сялян. Такім чынам, беларускія атрады ў 1942 годзе на тэрыторыі Слонімшчыны, Ружаншчыны, Целяханшчыны і Піншчыны налічвалі ўжо больш за 3000 чалавек, а савецкая партызанка там мела значна меншыя сілы.

Стварэнне і дзейнасць БНП

Беларуская Народная Партызанка была ўтворана ў выніку перафарматавання Беларускай Самаабароны пасля ўсталявання нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. У 1942 годзе з будучай БНП навязала кантакт іншая канспірацыйная арганізацыя — Беларуская Народная Грамада (БНГ), якая праз сваіх сяброў намагалася ўсталяваць кантакты паміж рознымі аддзеламі БНП і аб’яднаць іх пад адзінае кіраўніцтва.

На пачатку ліпеня 1942 года на хутары ў раёне Івацэвічаў адбыўся першы з’езд камандзіраў Беларускай Самаабароны і прадстаўнікоў Беларускай Народнай Грамады (Сяргей Хмара, Васіль Вір, Юрка Стасевіч). У выніку была ўтворана так званая «Лава атаманаў», якая мела збірацца ў разе патрэбы і быць аб’ядноўваючым органам Беларускай Народнай Партызанкі, а кіраўніком лавы абраны атаман Якуб Харэўскі. На нарадзе прысутнічала 8 атаманаў: па аднаму з Ліпічанскай пушчы, Целяханшчыны, Косаўшчыны, два з Піншчыны і тры з Ружаншчыны, але па іншых звестках удзельнікаў было 12. Кожны з атаманаў уплываў адразу на некалькі іншых аддзелаў Партызанкі, якія не маглі вылучыць сваіх прадстаўнікоў з прычыны «адсутнасці палітычна вырабленых людзей», але з большага трымаліся прабеларускага кірунку. На нарадзе была падтрымана ідэя Беларускай Народнай Грамады аб «засадзе ператрывання», то бок чакання зручнага моманту для збройнага супраціву, а таксама было вырашана нападаць першымі толькі на марадзёраў і на тыя аддзелы, якія і пасля першага папярэджання працягваюць правакаваць нямецкія ўлады на расправу з мясцовымі жыхарамі ці проста іх рабаваць. У лістападзе 1942 года была праведзена другая канферэнцыя, але невядома, менавіта на якой з дзвюх канферэнцый была ўтворана ўласна Беларуская Народная Партызанка. Галоўны Штаб БНП ачоліў палкоўнік Іван Шанько — былы лейтэнант Чырвонай Арміі, які стаў камандзірам партызанскага аддзелу з Ружаншчыны і атрымаў падвышэнне рангу ад Лавы атаманаў. Таксама да кіраўніцтва належалі Васіль Вір (Пінскі), Сяргей Хмара і Юрка Стасевіч, пры тым апошні знаходзіўся ў атрадзе атамана Язэпа Таўпекі.

Да моманту другой канферэнцыі нямецкае кіраўніцтва ўжо паспела сябе дыскрэдытаваць, таму было вырашана намагацца трымаць нейтралітэт з савецкімі партызанамі ці нават спрабаваць супрацоўнічаць з імі супраць немцаў. Тым не менш, некаторыя аддзелы БНП бралі ўдзел у акцыях супраць польскай і савецкай партызанкі на Палессі разам з Палескай Сеччу УПА: атрады Харэўскага, Перагуда, Патрубейкі і Суворага дапамагалі атрадам Тараса Бульбы-Бараўца ў барацьбе з польскімі прасавецкімі партызанамі ў раёне Дубровіцы, Вялікай Глушы, Камень-Кашырска і Любяшова. У гэты час на Браншчыне, Магілёўшчыне і Смаленшчыне дзейнічалі незалежныя партызанскія аддзелы пад кіраўніцтвам беларускіх дзеячаў, з якімі Беларуская Народная Партызанка спрабавала наладзіць сувязь. На Смаленшчыну быў накіраваны складзены амаль з «усходнікаў» аддзел былога капітана Чырвонай Арміі атамана Кавалёва, але атрад удалося знішчыць у Цэнтральнай Беларусі дыверсійнымі атрадамі НКУС. Тым не менш, перамовы з эсэрамі былі праведзены ў Віцебску з дапамогай бурмістра Усевалада Родзькі, а паводле Васіля Віра, на перамовах усе «ўсходнікі» размаўлялі па-расейску, але стаялі за незалежнасць Беларусі і лічылі сябе беларусамі[1]. Усталяванню трывалых сувязей эсэраў і Беларускай Народнай Партызанкі перашкодзілі савецкія і нямецкія спецслужбы.

Барацьба СССР супраць БНП

Калі раней беларускія партызаны з асобных партызанскіх атрадаў, Беларускай Самаабароны ці БНП змагаліся пераважна з савецкімі «акружэнцамі» і марадзёрамі, то ў 1942 годзе з’явіліся першыя сур’ёзныя савецкія дэсантныя групы. У другой палове 1942 г. у раёне Целяханаў была скінутая з самалёта дыверсійная група капітана НКУС Топкіна, і хоць той не ўдалося адразу падначаліць сабе беларускія атрады, услед за гэтай групай скідваліся іншыя спецатрады НКГБ і НКУС. Таму ўжо ў наступным годзе савецкім дэсантнікам і партызанам удалося знішчыць кіраўніцтва БНП і падпарадкаваць сабе многія яе аддзелы, хоць сама арганізацыя разраслася і налічвала больш за 5 тысяч чалавек, дзейнічаючых на Піншчыне, Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне. У 1943 годзе ў раёне Косава, Быценя і Ружан было скінута 5 вялікіх дэсантных груп НКУС пад кіраўніцтвам палкоўніка спецвойскаў НКУС Рыгора Лінькова, які меў заданне ад П. Панамарэнкі неадкладна ліквідаваць беларускую незалежную партызанку. Пры дапамозе камуніста Язэпа Урбановіча, які не ведаў пра заданне Лінькова, апошні арганізаваў сустрэчу з камандзірам БНП Іванам Шанько, дзе мелася абмеркаваць пастаўкі савецкай зброі. Іван Шанько пагадзіўся на сустрэчу, бо было вядома, што падобныя перамовы праводзіліся атрадамі Тараса Бульбы-Бараўца, а таксама таму, што пасярэднік Урбановіч быў вядомы як беларускі патрыёт і былы вучань Віленскай Беларускай Гімназіі. На сустрэчы Лінькоў патрабаваў, каб Шанько перадаў яму ўсё кіраўніцтва над партызанскімі атрадамі, але той адмовіўся і быў застрэлены выстралам у грудзі, а ад’ютант Мікалай Скрундзь («Ваўкалак»), які прыбыў разам з ім, быў схоплены.

Ад моманту забойства камандзіра Беларускай Народнай Партызанкі пачалося далейшае знішчэнне арганізацыі і яе камандзіраў. Як і палкоўнік Шанько, быў забіты атаман Бокан, яго намеснік і іншыя сувязныя і камандзіры. Напачатку скрытна забіваліся найбольш свядомыя і дасведчаныя беларускія партызаны і іх кіраўнікі: пад покрыўкай загібелі ад нямецкіх войскаў, «вылетаў у Маскву», з дапамогай правакацый і падкідвання немцам карыснай для знішчэння беларускіх партызанаў інфармацыі, але потым пачаліся адкрытыя забойствы, калі забітых абвінавачвалі ў сувязі з нямецкімі спецслужбамі. Калі Язэп Урбановіч на свае вочы ўбачыў адно з такіх забойстваў, ён адразу паведаміў аб здарэнні Беларускай Народнай Грамадзе, параіў ратавацца сябрам і дзеячам беларускага партызанскага руху, а таксама запэўніў у сваёй нявіннасці. Сувязная паспела выканаць сваю справу і перадаць інфармацыю да БНГ, але пасля была схопленая Ліньковым і павешаная. Дзякуючы гэтай інфармацыі атаманам Харэўскаму, Перагуду, Хомічу (Мінічу) і Таўпеку ўдалося ўратавацца, хоць апошні ўжо паспеў атрымаць запрашэнне на перамовы. Але не ўдалося ўратавацца ад забойства атрадамі НКУС атаману Канстанчуку з Белавежскай пушчы, сувязному БНП і дзеячу БНГ Уладзіміру Альшэўскаму, камандзіру савецкага атрада на Ружаншчыне маёру Канстанціну Нішчакову (быў забіты 28 траўня 1943 г., аб чым пазней падрабязна пісаў сам Лінькоў), аддзелу атамана Івана Лясніка каля Вялікага Балота (дзейнічаў на тэрыторыі Ратненшчыны, Янаўшчыны і Кобрыншчыны), аддзелу атамана Патрубейкі (дзейнічаў на Высоччыне), аддзелу атамана Лявона, а таксама атаману Сувораму (сапраўднае імя — Барыс Лукашук, дзейнічаў у раёне Пінска, Лунінца, Камень-Кашырска і Давыд-Гарадка) і іншым атаманам і іх аддзелам. Пазней, як сведка, быў забіты і Язэп Урбановіч.

Адна з тактык НКУС прагледжваецца ў тым, якім чынам быў забіты атаман Суворы: пад маскай палонных Чырвонай Арміі да аддзелу былі паступова інфільтраваныя савецкія агенты. Аднаго дня іх набралася больш за дваццаць, і яны забілі атамана разам з ад’ютантамі, а «чыстку» дакончыў спецыяльны атрад НКУС. Пасля забойства Суворага, каб падмануць мясцовых палешукоў і мець ад іх дапамогу, НКУС вырашыла змяніць назву аддзела на сугучную «атрад імя Маршала Суворава». Тым не менш, украінцаў-«бульбаўцаў» такім чынам падмануць не ўдалося, і калі мела адбыцца запланаваная раней сустрэча атрадаў дзеля супольнай акцыі, то савецкія агенты не ведалі патрэбнага адказу на гасла следапытаў УПА, якія потым зажадалі выйсця наперад атамана Суворага і, выкрыўшы правакацыю, уцяклі адстрэльваючыся. Сярод іншых метадаў было перакідванне партызанаў за сотні кіламетраў у іншы раён, захоп сям’і партызана ў палон і далейшы яе расстрэл у разе, калі партызан выказвае незадаволенне ці збягае, або звыклы расстрэл самога непадуладнага партызана.

Заняпад БНП

Да 1944 года засталіся толькі асобныя аддзелы БНП, а залежныя ад савецкага кіраўніцтва атрады былі «разбаўлены» расейцамі. Летам незалежныя атрады зноў распачалі маштабную барацьбу супраць СССР, але кожны з іх дзейнічаў самастойна, і сама БНП была развалена. Аддзелам з Лунінеччыны (Марочна, Лахва, Давыд-Гарадок) і Піншчыны прыйшлося самаліквідавацца ці адступіць да сваіх украінскіх саюзнікаў на пагранічча ў Століншчыне і Камень-Кашыршчыне, дзе яны змагаліся разам з аддзеламі Бульбы-Бараўца. Аддзел атамана Бякеты быў знішчаны Арміяй Краёвай каля Беліцы на Лідчыне, а аддзелу атамана Таўпекі (дзейнічаў у раёне Баранавічаў, Навагрудка і Слоніма) прыйшлося адысці ў Аўгустоўшчыну пасля бою, у якім ад разрыву гранаты адарвала руку Юрку Стасевічу. Ліпічанскі аддзел БНП далучыўся да Слонімскага батальёна Беларускай краёвай абароны. Мікалай Скрундзь ачоліў частку былога аддзела камандзіра Шанько і далучыўся да косаўскай самааховы, дзе рэшткі аддзела паспяхова змагаліся з савецкімі партызанамі. Праз некаторы час аддзелы Харэўскага і Перагуда паспяхова змагаліся з савецкімі войскамі дзякуючы захопу першагатунковай зброі, пакінутай немцамі каля Любяшава: кожнаму хапіла па нямецкім аўтамаце, былі здабытыя лёгкія кулямёты і шмат гранатаў, але цяжкія мінамёты і кулямёты давялося закапаць у схоўках. Так, аддзел Харэўскага змагаўся на Берасцейшчыне і Піншчыне, каля канала Агінскага, на поўнач ад Косаўшчыны да Высацка ў Століншчыне, Лахвы і Камень-Кашырска у супрацоўніцтве з аддзеламі Тараса Бульбы-Бараўца, якія дзейнічалі на поўдзень ад Прыпяці. Аддзелы Бялейкі і Мініча (Хоміча) самаліквідаваліся. Пазней аддзелы атаманаў Таўпекі, Перагуда і Харэўскага разам з іншымі прабіліся на Захад у 1945—1948 гадах. Да 1947 г. партызаны з аддзела атамана Перагуда змагаліся таксама і з польскімі нацыяналістычнымі партызанамі, якія забівалі беларусаў і палілі беларускія вёскі, прымушаючы тых эміграваць з камуністычнай Польскай Народнай Рэспублікі ў СССР.

У 1949 годзе партызаны атаманаў Харэўскага і Перагуда выехалі з Заходняй Германіі ў Паўднёвую Амерыку. Былыя ўдзельнікі і сябры БНП эмігравалі да Канады, ЗША, Венесуэлы, Балівіі, Парагвая, Аргенціны і Бразіліі, дзе арганізавалі Саюз былых удзельнiкаў збройнай барацьбы за вызваленне Беларусі. У Бразіліі праводзіліся сустрэчы ветэранаў БНП, а ў 1968 годзе КДБ забіў Якуба Харэўскага разам з ад’ютантам Канстанам Гукам, інсцэніраваўшы аўтакатастрофу[2].

Некаторыя групы і асобныя партызаны былой БНП працягвалі збройную барацьбу супраць СССР нават у 1950-х, паасобку ці ў складзе аддзелаў «Чорнага Ката» і ў атрадах УПА.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Сяргей Ёрш. Беларуская Народная Грамада і Беларуская Народная Партызанка ў 1942—1943 гадах. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016.
  2. Сяргей Ёрш. Беларуская Народная Партызанка ў 1944-48 гадах. Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2016.

Літаратура

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.