Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе. Дзейнічала з перапынкамі ў 1925—1937(?). Аб'ядноўвала зямляцтвы беларускіх студэнтаў асобных навучальных устаноў Ленінграда. Утворана ў выніку рэарганізацыі Асацыяцыі беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе.
Асноўныя задачы: нацыянальна-культурная праца, навуковая дзейнасць, матэрыяльная ўзаемадапамога. Выканаўчы орган — выбарнае праўленне. Супрацоўнічала з Ленінградскім гарадскім саветам пралетарскага студэнцтва і Цэнтральным бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі. З 1927 на арганізацыю культурна-асветных мерапрыемстваў (адбываліся ў Беларускім доме асветы) атрымлівала грашовыя датацыі ад Наркамата асветы БССР (да 1500 руб. на навучальны год). Сябры зямляцтва ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы літаратурна-музычных вечарын беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, пачынаючых літаратараў П. Кабзарэўскага, З. Піваварава, Б. Пятроўскага, Р. Сапуна (Р. Папараць), Я. Шарахоўскага.
З зямляцтвам супрацоўнічалі беларускія вучоныя А. Сержпутоўскі, К. Пушкарэвіч, дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху Я. Канчар, Л. Сеўрук і інш. Сярод сяброў беларускія пісьменнікі Р. Жалязняк, Р. Сапун, А. і П. Пруднікавы і інш. Са студзеня 1929 пры зямляцтве дзейнічала навуковае таварыства па вывучэнні Беларусі ў складзе каля 30 сяброў (старшыня праўлення А. Дрозд, навуковы сакратар Пратасевіч). Сябры таварыства (сярод іх М. Грынблат і інш.) удзельнічалі ў экспедыцыях па Беларусі, арганізаваных супрацоўнікамі АН БССР.
Літаратура
- Васілеўскі, Ю. Р. Беларускае студэнцкае зямляцтва / Ю. Р. Васілеўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 358.