Белавежская пушча
Катэгорыя МСАП — II (Нацыянальны парк)
Размяшчэнне Беларусь, Гродзенская і Брэсцкая вобласці
Плошча 152 962 га
Дата заснавання 1932
Сайт npbp.by
physical
Белавежская пушча
Белавежская пушча
Катэгорыя на Вікісховішчы

Нацыянальны парк Белавежская пушча, дзяржаўны нацыянальны парк у Беларусі. Размешчаны на тэрыторыі буйнога ляснога масіву Белавежская пушча (Камянецкі, Пружанскі і Свіслацкі раёны). Займае плошчу каля 153 тыс. га. Лясамі пакрыта 117 тыс. га. гэтай плошчы.

Гісторыя

Пушча — былая паляўнічая гаспадарка польскіх каралёў (з XV ст.) і рускіх цароў (XVIII — пач. ХХ ст.). У 1939 абвешчана дзяржаўным запаведнікам. У 1957-91 мела статус запаведна-паляўнічай гаспадаркі, была месцам паляванняў для прадстаўнікоў высокай савецкай наменклатуры і іх замежных гасцей. З 1991 нацыянальны парк. У 1992 ўключана ЮНЕСКА ў спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны. З 1993 біясферны запаведнік.


Герб Белавежскай пушчы распрацаваны да святкавання ў 2009 годзе 600-годдзя першай згадкі пра ўвядзенне запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы

Апісанне

Нацыянальны парк створаны ў мэтах захавання эталонных і ўнікальных прыродных комплексаў і аб'ектаў прыроды, правядзення навуковых даследаванняў, распрацоўкі і ўкаранення навуковых метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання, экалагічнай асветы і рэкрэацыйнай дзейнасці.

Адміністрацыйна-гаспадарчым і навуковым цэнтрам нацыянальнага парку з'яўляецца аграгарадок Каменюкі Камянецкага раёна.

Геаграфія

Нацыянальны парк «Белавежская пушча» размешчаны ў басейне Заходняга Буга на вышынях 160—180 м над узроўнем мора. Рэльеф тут спадзіста-ўзгорысты, раўнінныя ўчасткі чаргуюцца з асобнымі ўзвышшамі і паніжэннямі. Вышэйшым пунктам з'яўляецца гара паблізу пасёлка Поразава (242,5 м), самым нізкім — урэз р. Правая Лясная (143,6 м). Большасць рэк маюць шыротную скіраванасць (Правая Лясная, Нараў, Нараўка) і адносяцца да басейна Балтыйскага мора. Іх вытокі знаходзяцца непасрэдна ў межах ляснога масіва, альбо ў балотах непадалёк. Паблізу паўночна-ўсходняй ускраіны пушчы праходзіць водападзел паміж рэкамі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Там добра захавалася Дзікае балота, якое ў Еўропе з'яўляецца адным з самых буйных нізінных балот мезатрофнага тыпу.

Натуральных азёр на тэрыторыі нацыянальнага парка няма. Але ёсць больш 10 штучных вадаёмаў. Самымі вялікімі сярод іх з'яўляюцца вадасховішчы Лядское і Хмелеўскае, створаныя на месцы нізінных балот у паўднёвай частцы нацыянальнага парка.

Клімат

Па дадзеных шматгадовых назіранняў Камянюкскай метэастанцыі, сярэднегадовыя тэмпературы (5,1° — 8,5 °C). Сярэднія тэмпературы самага цёплага месяца (ліпень) складаюць 17,4°, самога халоднага (студзень) −4,5°. Максімальная і мінімальная тэмпературы дасягаюць значэнняў у 36,4° і −40,1°, адпаведна. Ападкаў выпадае каля 653 мм, прычым асноўная іх частка (66 %) прыходзіцца на цёплы перыяд.

Серыя паштовых марак Беларусі

Дырэктары

Спасылкі


This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.