БелаПАН | |
---|---|
Тып | інфармацыйнае агенцтва |
Заснаванне | 19 лістапада 1991 |
Заснавальнікі | Алесь Ліпай, Віталь Цыганкоў |
Размяшчэнне | Мінск, Беларусь |
Галіна | інфармацыйнае агенцтва |
Сайт | by.belapan.by |
Белару́скае прыва́тнае аге́нцтва наві́н (БелаПАН) — беларускае інфармацыйнае агенцтва, з’яўляецца крыніцай палітычнай, эканамічнай, дзелавой, фінансавай і іншай інфармацыі з Беларусі, займае сур’ёзнае месца на рынку розных даследаванняў, маніторынгу, рэкламы і PR-паслуг. Від уласнасці — закрытае акцыянернае таварыства, акцыянеры — прыватныя асобы. БелаПАН выпускае навіны на беларускай, рускай і англійскай мовах у рэжыме рэальнага часу. Агенцтва мае разгалінаваную сетку карэспандэнтаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і ў суседніх краінах.
Гісторыя
Створана 19 лістапада 1991 года Алесем Ліпаем і Віталем Цыганковым. Спачатку ў БелаПАНе працавала 3 чалавекі, а навіны рассылаліся падпісчыкам уручную па факсе некалькі разоў у дзень. Сёння стужка навін агенцтва абнаўляецца кожныя некалькі хвілін, у дзень з’яўляецца каля ста паведамленняў.
Паведамленні БелаПАН публікуюць буйнейшыя выданні Беларусі, цытуюць многія сусветныя радыёстанцыі і тэлекампаніі. Сярод кліентаў таксама — дзяржаўныя і міжнародныя арганізацыі, дыпламатычныя прадстаўніцтвы, банкаўскія і фінансавыя інстытуты, прадпрыемствы і кампаніі.
У 2001 годзе паўстаў праект «Выбары ў Беларусі»[1]. Улетку 2002 года пачаўся выпуск інтэрнэт-газеты «Белорусские новости» (naviny.by).
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН было генеральным спонсарам свята на Дзень Волі, якое прайшло 25 сакавіка 2018 года, калі адзначалася 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. У сярэдзіне ліпеня Дэпартамент фінансавых расследаванняў завёў крымінальную справу на Алеся Ліпая. Яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў на суму 173 тысячы рублёў[2].
7 жніўня 2018 года супрацоўнікі Следчага камітэта і МУС Беларусі правялі ператрус у рэдакцыі кампаніі ў сувязі з распачатай крымінальнай справай на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Беларусі («несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды»). Падставай да справы БелТА паслужыла «паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „БелТА“ аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў».
14 студзеня 2021 года ў рэдакцыі прайшоў ператрус, была канфіскавана аргтэхніка і частка рукапіснай і пячатнай дакументацыі, што паралізавала працу інфармацыйнага агенцтва[3].
18 жніўня 2021 года сілавікі рэжыму Лукашэнкі правялі ператрусы ў рэдакцыі і ў журналістаў, канфіскавалі тэхніку, некалькі супрацоўнікаў былі затрыманыя, у тым ліку галоўная рэдактарка Ірына Леўшына, а сайты belapan.by і belapan.com перасталі працаваць[4][5]. Праца БелаПАН у Беларусі была паралізаваная, але частка рэдакцыі паабяцала працягнуць дзейнасць за мяжой[6]. Зняволеныя ў рамках крымінальнай справы паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Леўшына, былы дырэктар Зміцер Наважылаў і бухгалтар Кацярына Боева сумеснай заявай дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, 19 жніўня 2021 года былі прызнаны палітычнымі зняволенымі[5][7].
У лістападзе 2021 года КДБ Беларусі прызнаў інфармацыйнае агенцтва БелаПАН экстрэмісцкім фарміраваннем. Стварэнне такога фарміравання або ўдзел у ім з’яўляецца ў Беларусі крымінальным злачынствам, і сапраўды, Леўшыну і Наважылава абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання[8][9].
6 кастрычніка 2022 года Леўшынай, Наважылаву, Аляксандраву і Ірыне Злобінай прызначылі турэмныя тэрміны[10].
Кіраўнікі
- Алесь Ліпай (1991—2018)
- Зміцер Наважылаў (чэрвень 2018 — 18 студзеня 2021)
- Ірына Леўшына (з 21 студзеня 2021 года)[11]
Структура
У структуры інфармацыйнай кампаніі БелаПАН дзейнічаюць:
- інфармацыйнае агенцтва;
- рэдакцыя мультымедыйных навін;
- аналітычная служба;
- рэкламнае агенцтва;
- служба маніторынгу;
- рэдакцыя інтэрнэт-газеты «Белорусские новости»[12]
Дасягненні
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН — адзіны беларускі ўдзельнік міжнароднага праекта «CEE-BusinessLine» — «Стужкі эканамічных навін з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы».
У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага — «За мужнасць і прафесіяналізм», як «пацвярджэнне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнанне высокага прафесіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названа лаўрэатам Прэміі імя Герда Буцэрыўса «Вольная прэса Усходняй Еўропы». У 2006 годзе БелаПАН і інтэрнэт-газета «Белорусские новости» (naviny.by) атрымалі «Прэмію Рунэта» ў намінацыі «Рунэт за межамі Ru». Цырымонія ўзнагароджання адбылася 29 лістапада ў Маскве.
Адрас
Цэнтральны офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Акадэмічнай, 17 (офіс 3).
Зноскі
- ↑ belaruselections.info Архівавана 23 снежня 2008.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ «Работа парализована». В офисе агентства БелаПАН прошел обыск. Изъята техника и документы (руск.). TUT.BY (14 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2021. Праверана 14 студзеня 2021.
- ↑ als. Belarus: Lukaschenkos Regime geht gegen unabhängige Nachrichtenagentur Belapan vor (ням.). Deutsche Presse-Agentur. Der Spiegel (18 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2021. Праверана 18 жніўня 2021.
- 1 2 Заява аб прызнанні трох супрацоўнікаў «БелаПАН» палітычнымі зняволенымі . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (19 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2021. Праверана 26 жніўня 2021.
- ↑ asty\mtom. Praca redakcji BiełaPAN sparaliżowana po rewizji białoruskich służb. Agencja będzie kontynuować pracę z zagranicy (польск.). Польскае агенцтва друку. TVN24 (19 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 7 верасня 2021. Праверана 19 жніўня 2021.
- ↑ Зняволеныя супрацоўнікі «БелаПАН» прызнаныя палітвязнямі . Новы Час (19 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2021. Праверана 26 жніўня 2021.
- ↑ БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова(недаступная спасылка). Беларуская асацыяцыя журналістаў (17 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2021. Праверана 22 снежня 2021.
- ↑ «Трапіўшы ў гістарычную мясарубку, мы ня сталі фаршам». Найстарэйшаму незалежнаму агенцтву навінаў БелаПАН — 30 гадоў (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (19 лістапада 2021). Праверана 22 снежня 2021.
- ↑ Вярхоўны суд пакінуў прысуды абвінавачаным па «справе БелаПАН» . Новы Час (6 студзеня 2023).
- ↑ "У інфармацыйнай кампаніі БелаПАН памяняўся дырэктар". БелаПАН. 21 студзеня 2021.
{{cite news}}
: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры:|trans_title=
,|separator=
,|month=
, і|coauthors=
(даведка) - ↑ Белорусские новости Архівавана 21 чэрвеня 2012.
Літаратура
- Белару́скае прыва́тнае аге́нцтва наві́н (БелаПАН) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 399. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- А. М. Міхальчанка. Беларускае прыватнае агенцтва навін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 357.