Герб Беарна

Беа́рн (фр.: Béarn, аксіт.: Bearn/Biarn, баскск.: Biarno) — паўднёвая памежная гістарычная вобласць Францыі, якая займае плошчу каля 4500 км². У наш час яе тэрыторыя вуваходзіць галоўным чынам у склад цяперашняга дэпартамента Атлантычныя Пірэнеі, тады як меншая частка адносіцца да дэпартамента Ланды. Галоўны горад вобласці — По.

Геаграфія

Пірэнеі, пакрытыя густымі ляснымі прасторамі, а месцамі вечным снегам, паступова спускаюцца тут да нізкіх перадгор'яў, якія шмат дзе збаразнёныя рэчкамі і маленькімі горнымі ручаямі. Клімат здаровы, і багатыя горныя пашы падтрымліваюць цудоўную жывёлагадоўлю, асабліва конегадоўлю. Горныя цясніны і ўзгоркі ўсеяныя вінаграднікамі; у нізінных месцах расце кукуруза, а на плоскіх узвышшах вырошчваецца лён.

Гісторыя

Замак віконтаў Беарна ў По

У часы Каралінгаў Беарн з'яўлязся асобным віконцтвам, першым кіраўніком якога быў Санцюль I. Сярод яго пераемнікаў асабліва праславіўся Гастон IV, які кіраваў у 1090—1130 гадах, адзін з герояў Першага крыжовага паходу, які атрымаў потым за свае вайсковыя подзвігі на службе караля Альфонса I Арагонскага ў леннае валоданне Сарагосу.

У 1134 годзе згасла па мужчынскай лініі дынастыя віконтаў Беарна, і краіне пагражала небяспека пазбавіцца сваёй самастойнасці і быць далучанай да Арагонскага каралеўства. Беарнцы ўзяліся за зброю, прагналі ад сябе Марыю, дачку апошняга віконта Санцюля VI, якая прызнала над сабой вярхоўную ўладу Альфонса II Арагонскага, і абвясцілі сваім кіраўніком аднаго двараніна з Бігора, які, аднак, быў забіты імі на другі год свайго кіравання. Тая ж доля спасцігла і яго пераемніка, нейкага рыцара з Аверна. Тады беарнцы выбралі сына прынцэсы Марыі, Гастона VI, пры нашчадках якога Беарн у выніку шлюбных саюзаў перайшоў спачатку да графаў Фуа, а потым разам з Фуа да Навары.

Пры Генрыху IV, выхадцы з Беарна, краіна ўвайшла ў склад Французскага каралеўства і канчаткова была далучана да яго Людовікам XIII ў 1620 годзе. Разам з тым у Беарне пачалося гвалтоўнае выкараненне пратэстанцтва, якое пусціла там глыбокія карані з 1560. Насельніцтва Беарна карысталася вялікімі палёгкамі аж да Рэвалюцыі 1789 і мела свой Cour major, аб'яднаны потым Людовікам XIII з наварскім парламентам.

Літаратура

  • Беарн // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). СПб., 1890—1907.
  • Pierre de Marco, «Historie de Béarn» (Пар., 1640);
  • Bordenove, «Histoire de Béarn et Navarre» (Пар., 1873);
  • Bourdeau, «Ancienne Gascogne et Béarn» (18611862);
  • Kivarez, «Chansons et airs populaires de Béarn» (1844);
  • L. Cadier, «Les États de Béarn Depuis Leurs Origines Jusqu’au Commencement Du XVIe Siècle. Étude Sur L’Histoire Et L’Administration D’Un Pays D'États.» (1888).
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.