Бата | |
---|---|
| |
Двухадзіны бог у выглядзе быка | |
Міфалогія | Старажытнаегіпецкая |
Пол | мужчынскі пол |
Бат, Бата — найстаражытнейшае боства егіпецкай міфалогіі ў выглядзе быка. Бата і Бат — яго мужчынская і жаночая іспастасі адпаведна. Цэнтрам ушанавання быў егіпецкі горад Каса (Кінопаль), дзе богу маліліся нараўне з Анубісам — правадыром у замагільны свет.
У фальклорнай традыцыі
Анубіс і Бата былі братамі, што адлюстравана ў казцы перыяду Новага царства, якая была знойдзена ў сярэдзіне ХІХ ст., а запісана на папірусе ў ХІІІ ст. да н.э.
Галоўныя героі казкі — заможныя сяляне-браты Анупу (Анубіс) і Бата. Старэйшы, Анупу, ужо меў жонку, а малодшы Бата быў ім як сын. Аднойчы жонка старэйшага брата прапанавала Бату правесці з ёю гадзіну, але сумленны Бата адмовіўся. Тады помстлівая жанчыцна нагаварыла мужу, нібыта Бата жадаў яе спакусіць. Анупу вырашыў забіць Бату, але той узмаліўся богу Ра, і паміж братамі з'явілася рака, поўная кракадзілаў. Бата расказаў брату, што было на самай справе, і пайшоў у Даліну Акацый на марскія берагі, дзе памясціў сваё сэрца на вяршыні высокай акацыі і застаўся там жыць. Багі пашкадавалі Бату і паслалі яму ў жонкі самую прыгожую жанчыну.
Бата расказаў сваёй новай жонцы, дзе знаходзіцца яго сэрца, і што кожны, хто ім авалодае, здолее валодаць яго жыццём. Фараон даведаўся пра гэтую прыгажуню, падкупіў яе дарагімі падарункамі. Легкадумная прыгажуня пакінула Бату і ўцякла да фараона. Але, асцерагаючыся помсты мужа, загадала ссекчы акацыю, на якой вісела сэрца Баты. Калі сэрца ўпала на зямлю, Бата памёр.
Анупу даведаўся пра здарэнне, знайшоў сэрца Баты, апусціў яго ў свежую ваду і тым ажывіў брата. Каб адпомсціць жонцы, Бата ператварыўся ў быка, якога Анупу прадаў фараону. Прыгажуня пазнала ў быку былога мужа і загадала забіць яго. Але там, куда пралілася кроў, выраслі дрэвы. Тады наложніца фараона загадвае пассякаць іх. Але трэска, якая адляцела ад аднаго дрэва, трапіла ў рот наложніцы, і Бата нарадзіўся ў яе ў выглядзе дзіцяці. Ён падрос, стаў фараонам, пакараў смерцю жонку-здрадніцу і пачаў кіраваць Егіптам.
Багіня Бат
Багіня Бат малявалася ў выглядзе сістра (старажытнага егіпецкага музычнага інстурмента) з чалавечай галавой, каровінымі рагамі і вушамі. Лічылася ўвасабленнем Млечнага шляху. Цэнтрам яе культу быў горад Хіў (грэч. Дыоспаліс Мікра), сталіца 7-га нома Верхняга Егіпта. У перыяд Новага царства была цалкам атоеснена з багіняй Хатор.
Спасылкі
- Егіпецкі бог Бата (рус) Архівавана 15 лютага 2015.