Баст | |
---|---|
| |
Багіня весялосці, кахання, жаночай прыгажосці | |
Міфалогія | Старажытнаегіпецкая |
Пол | жанчына |
Бацька | Ра |
Маці | Хатор |
Дзеці | Maahes[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Баст (Бастэт, Убастэт, Бубасціс, Пушт) — у Старажытным Егіпце багіня радасці, весялосці і кахання, жаночай прыгажосці, урадлівасці і хатняга агменю, якая адлюстроўвалася ў выглядзе коткі ці жанчыны з галавой коткі. У перыяд ранніх дынастый, да прыручэння коткі, яе малявалі ў выглядзе львіцы, а раней — з галовой ільва, што намякала на яе дваістую прыроду (спалучэнне мужчынскага і жаночага пачатку).
Бацька яе — Сонца; маці — Хатор — Месяц. Нут, багіня нябёсаў, — сястра ёй, а брат яе — Хонсу, які выганяе злых духаў.
Гісторыя культу
Верагодна, спачатку была іншароднай багіняй, якая распаўсюдзілася на Егіпет у вельмі раннія часы і стала атаясняцца з жаночай паловай багоў сонца — Птаха, Ра, а таксама Асірыса і Тэма. Культ Баст найболей дынамічна развіваўся ў Ніжнім Егіпце. На вобраз багіні напластаваліся некаторыя рысы Ісіды, якая таксама шырока ўшаноўвалася ў горадзе Абу-Пушт («горад Пушт»), названым у гонар Баст (Пушт — адно з яе імёнаў). У Абу-Пушт са старадаўніх часоў коткі лічыліся сакральнымі жывёламі: пасля смерці коткі яе гаспадары збрывалі бровы ў знак жалобы, а калі памірала сакральная котка, што жыла ў гарадскім храме, то ў жалобу ўпадаў увесь горад. Вазака, які пераехаў котку, натоўп забіваў камянямі насмерць. Існуе паданне, што персідскі цар Камбіз II узяў егіпецкі горад Пілузу, прымусіўшы сваіх воінаў узяць замест шчытоў у рукі па котцы: жыхары не пажадалі забіваць сакральных жывёл і здалі горад.
Згадваецца яшчэ ў «Тэкстах пірамід», у Кнізе мёртвых яе імя сустракаецца вельмі рэдка. Горад Бубасціс (таксама названы ў гонар Баст) размяшчаўся на ўсход ад дэльты Ніла, у тым месцы ўсё яшчэ знаходзіцца высокі насып Тэл-Баст, які згадваецца таксама ў біблейскай кнізе прарока Езекііля як Пай-Бісет (егіп. Пу-Бастум). У часы фараона Аменхатэпа III культ Баст шырока распаўсюдзіўся па Егіпту: ва ўсякім выпадку, на многіх статуях Баст у Брытанскім музеі можна разгледзець імя Аменхатэпа.
У перыяд позняга Егіпта развіццё культаў замарудзілася, тэолагі таго часу амаль не ўносілі ў рэлігію новыя элементы, зрабіўшы галоўнымі лозунгамі кансерватызм і ахавальніцтва. У позняй міфалогіі Баст часта малявалі ў выглядзе каршака з галавой коткі. Верагодна, гэта падкрэслівала тоеснасць Баст з Ісідай, якая ў міфе лятала над целам памерлага мужа Асірыса ў выглядзе каршака-перапёлачника і ўзмахамі крылаў нагнятала паветра ў яго памерлыя лёгкія, чым ажывіла бога.
Хаця імя Баст перакладаецца як «якая плача», «якая аддае», у процівагу грознай Сехмет, багіні вайны, якая ўвасабляла разбуральную моц сонечнай арбіты, Баст увасабляла добрае сонца, якое давала жыццё. Яна лічылася таксама алегорыяй карысных рыс агню, багіняй шчаслівага лёсу.
Часта атаяснялася з іншымі багінямі-коткамі — Сехмет, Тэфнут, Мут і Хатор. Старажытныя грэкі атаяснялі Баст з Артэмідай, часам — з Афрадытай.
Свята ў гонар Баст
У Бубасцісе знаходзіўся найвялікшы храм багіні Баст: паводле Герадота, ён стаяў на востраве, які цалкам атачала вада, акрамя праходу, які вёў да брамы. Два асобныя каналы вялі ад Нілу да ўваходу ў храм, апаясваючы культавае месца справа і злева. Каналы былі па 100 футаў шырынёй, а на іх берагах раслі дрэвы. Рэшткі велічнага будынка, які захаваўся ў часы Герадота, гаварылі аб тым, што храм меў да 500 футаў у вышыню. Паводле Герадота, адно з галоўных святаў у гонар Баст ладзілася ў красавіку ці ў траўні. Грэчаскі гісторык лічыць, што гэта было галоўнае свята ва ўсім Егіпце. Паводле Герадота, у час свята па Нілу ішло шмат лодак, напоўненых людзьмі. Некалькі жанчын білі ў бубны, некаторыя мужчыны гралі на флейтах, астатнія пелі і пляскалі ў далоні. Пад’ехаўшы да горада, яны выцягвалі лодкі на бераг, тысячы людзей крычалі да знямогі, жартоўна здзекаваліся з жыхароў горада, цягнулі іх за адзенне, а тыя танцавалі. Тая ж гульня адбывалася ў многіх іншых гарадах. Па словах мясцовых жыхароў, якія перадае Герадот, удзел у святкаваннях прымала не меней за 700 тысяч людзей, не ўлічваючы дзяцей.
Баст у міфалогіі
Ёсць міфічны сюжэт з удзелам багіні Сехмет, якую часам атаяснялі з Баст альбо лічылі яе агрэсіўнай, жорсткай, «ільвінай» іпастассю. Калі бог Ра жыў на зямлі і кіраваў людзьмі, як фараон, людзі паўсталі супраць яго і пажадалі забіць багоў. Тады багіня Сехмет разганяе іх войскі. Але яна не можа спыніць сваю лютасць, і над чалавецтвам навісае пагроза вынішчэння. Тады багі прыдумваюць, як спыніць Сехмет: яны паліваюць зямлю півам, афарбаваным чырвонымі мінераламі, ад чаго яно робіцца падобным да крыві. Сехмет злізвае яго і засынае.
Спасылкі
- Баст (руск.)
- Энцыклапедыя міфалогіі. Баст (руск.)