Барыс Рагуля | |
---|---|
Род дзейнасці | палітык, ваенны, анколаг |
Дата нараджэння | 1 студзеня 1920 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 красавіка 2005 (85 гадоў) |
Месца смерці | |
Жонка | Людміла Гутар |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Барыс Дзмітрыевіч Рагуля (1 студзеня 1920 — 21 красавіка 2005) — беларускі палітычны і ваенны дзеяч. Член ЦК БНП, камандзір Наваградскага беларускага эскадрона, афіцэр БКА, намеснік Старшыні Рады БНР і дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе. Доктар медыцыны, лекар анкалагічных хвароб, прэзідэнт London Academy of Medicine (Канада)[1].
Біяграфічныя звесткі
Маладосць
Нарадзіўся 1 студзеня 1920 года ў вёсцы Турэц Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Бацька быў лекарам, але калі Барысу было два гады, памёр у час эпідэміі тыфу, пасля чаго маці з сынам пераехалі ў Любчу. У 1930 годзе маці атрымала работу ў наваградскім шпіталі пасля заканчэння акушэрскіх курсаў у Варшаве. У тым жа годзе Барыс Рагуля паступіў у Навагрудскую беларускую гімназію, дзе ён і атрымаў нацыянальнае выхаванне. У 1935 годзе гімназія была закрытая польскімі ўладамі, таму Барыс Рагуля быў вымушаны перайсці ў Навагрудскую польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Пазней Барыс Рагуля пісаў, што атмасфера ў польскай гімназіі была неспрыяльная: «У беларускай гімназіі я ведаў, што я беларус, а ў польскай я адчуў сябе беларусам». У 1938 годзе скончыў польскую гімназію і здаў уступныя іспыты на медычны факультэт Універсітэту імя Стэфана Баторыя ў Вільні, але ў абыход закону быў забраны ў войска польскімі ўладамі.
Другая сусветная вайна
У чэрвені 1939 года Барыс Рагуля скончыў польскую падафіцэрскую школу ў Замбраве, быў прызначаны камандзірам эскадрону ў 42-м палку Войска Польскага ў Беластоку. З пачаткам Другой сусветнай вайны ваяваў супраць нямецкіх войскаў у складзе Войска Польскага на мяжы Польшчы і Усходняй Прусіі, у выніку чаго трапіў у палон. У студзені 1940 года няўдала спрабаваў уцячы з палону, у жніўні здолеў уцячы з палону ў Заходнюю Беларусь, ужо далучаную да СССР. Працаваў настаўнікам у школе ў Любчы.
У студзені 1941 года арыштаваны НКУС, утрымліваўся ў мінскай «амерыканцы», абвінавачаны «у нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасці, шпіянажы». Быў асуджаны на смерць, здолеў вырвацца на волю на пачатку нямецка-савецкай вайны і вярнуўся да хаты. У гэты час маці загінула падчас бамбёжкі Наваградка, ратуючы пацыентаў. З пачаткам нямецкай акупацыі браў актыўны ўдзел у палітычных, грамадскіх, школьных ды вайсковых акцыях. Працаваў перакладчыкам у Навагрудку, выкладчыкам настаўніцкай семінарыі. Далучыўся да ЦК падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі.
У ліпені 1942 года прызначаны камандзірам акруговага аддзелу Беларускай самааховы ў Навагрудку. З восені 1943 — камандзір беларускага эскадрона (батальёна) ў Навагрудку: батальён быў створаны з прапановы нямецкага камісара Наваградскага павету Вільгельма Траўба ў кастрычніку 1943 года, які пагадзіўся на ўмовы Рагулі — поўная незалежнасць эскадрону перад мясцовымі нямецкімі ўладамі, поўная свабода ў тактыцы барацьбы з партызанамі, пачатак арганізацыі эскадрону толькі пасля атрымання ўзбраення, амуніцыі і абмундзіравання, а таксама асабістая гарантыя генеральнага гаўляйтара фон Готберга, што немцы будуць прытрымлівацца гэтых умоў. У лістападзе таго ж году батальён атрымаў усе згоды, амуніцыю, зброю і абмундзіраванне, а ў снежні пачалося фармаванне. Эскадрон выкарыстоўваў нямецкую форму з беларускай нацыянальнай сімволікай. Фактычнае фармаванне батальёну скончылася ў студзені 1944 г., але насамрэч яго жаўнеры прымалі ўдзел у баях з савецкімі і польскімі партызанамі амаль з самага пачатку фармавання. На пачатку 1944 г. капітан Рагуля быў прызначаны акруговым начальнікам Беларускай краёвай абароны, што было звязана з забеспячэннем мабілізацыі ў БКА і аховай Навагрудскім батальёнам мабілізацыйных пунктаў.
Пасля эвакуацыі немцаў з тэрыторыі Беларусі, Барыс Рагуля распусціў батальён на пачатку ліпеня 1944 г., на Захад адышоў толькі яго касцяк. У тым жа годзе ажаніўся з Людмілай Гутар, дачкой шчырага беларускага патрыёта, які загінуў у падвалах НКУС. Са жніўня 1944 — у ваеннай школе «Дальвіц» (таксама вядомай як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»), дзе меў ранг капітана і займаўся падрыхтоўкай. У кастрычніку 1944 адмовіўся ляцець з дэсантам у Беларусь.
Эміграцыя
Пасля вайны апынуўся ў амерыканскай зоне акупацыі Германіі. Скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) і далучыўся да Рады БНР. Пры падтрымцы заходніх спецслужб удзельнічаў у закідцы беларускіх груп за «жалезную заслону» (група Вострыкава, група Філістовіча).
4 снежня 1954 года Барыс Рагуля, Людміла і дзеці, Рагнеда і Вітаўт, адплылі ў Канаду. Сям’я пасялілася ў Лондане (Канада). Там адбыў 16 месяцаў лекарскай стажыроўкі, здаў экзамены і атрымаў ліцэнзію на практыку. У 1963 г. быў запрошаны прадставіць ад імя беларускай грамады ў Канадзе меркаванні адносна дзвюхкультурнасці і дзвюхмоўя краіны, у выніку чаго ягоныя прапановы былі прынятыя і разасланыя больш як у 160 бібліятэк.
Зацікавіўся прэвентыўнай медыцынай, асабліва выяўленнем ранніх сімптомаў рака шыйкі маткі. Вынікі працы Барыса Рагулі зацікавілі Pan American Cancer Cytology Society (New York), і ў маі 1967 г. ён быў запрошаны з дакладам на трэці Панамерыканскі Кангрэс, дзе ягоны даклад быў вельмі добра прыняты і апублікаваны ў часапісе Cancer Cytology: a Journal for Clinicians Dedicated to Cancer Detection, што дало вялікі штуршок у кар’еры. У гэтым жа годзе яго выбралі Старшынёй Камітэта па даследаванні цыталогіі рака і кампаніі па цыталогіі (Chairman of the Cancer Cytology Research Committee and Cytology Campaign, London Ont.), а Кангрэс запрасіў яго на становішча сакратара гэтай арганізацыі. У 1967—1968 гадах Барыс Рагуля разгарнуў шырокую адукацыйную акцыю сярод жанчын Лондану і прадмесцяў, прапагандуючы штогоднае абследаванне ўсіх жанчын у веку ад 17 да 65 гадоў, у выніку чаго да 1970 г. (да часу даклада на кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society на Ямайцы) удалося абследаваць 84 % жанчын, прычым у кожнай сотай жанчыны была выяўлена пачатковая стадыя захворвання. На пятым Кангрэсе ў Аўстрыі (Зальцбург, 1973) Барыс Рагуля дакладваў, што дзякуючы ранняй дыягностыцы больш за 85 % з гэтых жанчын былі вылечаныя.
У 1971 годзе заняў пасаду медычнага дарадчыка ў Canadian Cancer Society, дзе заняўся доследамі ранняга выяўлення рака страўніка і тоўстай ды адхадной кішак. На шостым Кангрэсе Pan American Cancer Cytology Society (Las Vegas, 1976) Барыс Рагуля паказаў, што спецыяльным метадам аналізу крыві можна выявіць каля 80 % захворванняў і паспяхова лячыць, у выніку чаго гэты метад дыягностыкі сталі паспяхова выкарыстоўваць медыкі Лондану, а пазней і іншых правінцый. У тым жа годзе здаў дадаткова экзамены на права выкладаць у медычнай школе і быў запрошаны на факультэт медыцыны, дзе працаваў да 1991 г., не пакідаючы прыватнай практыкі.
У 1973 годзе Барыс Рагуля выбраны прэзідэнтам London Academy of Medicine (Канада) і стаў першым лекарам неканадскага паходжання, выбраным на гэтае становішча. На становішчы займаўся прапагандай медыцынскіх ведаў і добрага фізічнага стану сярод насельніцтва, а таксама дабіўся забароны курэння на тэрыторыі школ, пазней — у шпіталях і публічных месцах. Пры гэтым на працягу 15 гадоў сам даваў прыклад і браў удзел у двухдзённым лыжным марафоне на 160 км.
Дасягнуўшы вялікіх прафесійных поспехаў, таксама актыўна ўдзельнічаў у беларускім эміграцыйным жыцці. З 1971 года быў намеснікам старшын і Рады БНР. Генерал Рады БНР. Старшыня сусветнай арганізацыі «Канфэрэнцыя Вольных Беларусаў». Старшыня філіялу Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе. Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады ў 1971—1989 гадах. Сябра Canadian Councel of Multiculturalism у 1976—1989 гадах. У 1976—1978 гадах працаваў з прадстаўнікамі латышоў, літоўцаў, эстонцаў і ўкраінцаў над дакументам пра дэкаланізацыю Савецкага Саюзу. Дакумент быў уручаны Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 20 лістапада 1978 года.
З 1986 г. Барыс Рагуля актыўна ўдзельнічаў у Камітэце дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю. З 1990 г. — мэдычны дырэктар дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю. З 1994 г. — старшыня камітэту, мэта якога была пабудаваць дзіцячую дантыстычную клініку ў Мінску паводле канадыйскіх стандартаў.
У 1997 г. з яго ініцыятывы была актывізавана Рада БНР, у яе былі ўведзеныя свежыя сілы.
Памёр 21 красавіка 2005 года. Развітанне адбылося 23 красавіка, пасля ён быў крэміраваны паводле сваёй волі.
Памяць
- У сувязі са смерцю Барыса Рагулі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла сказала: «Гэтак як і ўся беларуская дыяспара, і беларусы Канады, я з вялікім сумам даведалася пра смерць доктара Барыса Рагулі. Барыс быў чалавекам шчодрым і разумным. Быў ён вялікім беларусам. Я моцна цаніла ягонае супрацоўніцтва як у Радзе БНР, так і ў Канадыйскім Фондзе дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Цяжка будзе без яго. Дык вечная яму памяць!»
- Наконт смерці Барыса Рагулі старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк сказаў: «Адыходзяць Рыцары беларускай справы. Адышоў смелы беларускі афіцэр, які змагаўся за беларускую справу. Вечная яму памяць!»
Творы
- Беларускае студэнцтва на чужыне = Belarusian Students Abroad / Барыс Рагуля. — Лёндан (Канада) — Нью-Ёрк: [б.в.], 1996. — 206 с.[2]
- Беларускае студэнцтва на чужыне / Барыс Рагуля. — 2-е выд, выпраўл. й дап. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2006. — 188 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 10). — ISBN 985-504-048-1.
- Against the Current: The Memoirs of Boris Ragula. MD McGill-Queen’s University Press, 2005.
Зноскі
- ↑ Дзеячы БНР. Барыс Рагуля . Рада БНР.
- ↑ Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на чужыне .
Літаратура
- Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах.— Минск: Навука і тэхніка,1995. С. 83, 85, 168, 169;
- Ёрш С. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. С. 20, 21, 25, 49-54;
- Юрэвіч Л. Жыцьцё пад агнём. Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзея ча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі. — Менск: Спэцвыпуск часопіса ARCHE,1999.
- Каваль Я.Камандзір легендарнага эскадрону // Голас Краю, 2002, № 1 (16);
- Ёрш С. Ён мог стаць беларускім Адамкусам // Наша ніва, 2005, № 16, 29 красавіка;
- Жук-Грышкевіч Р. Сьв. пам. Барыс Рагуля // Беларус, 2005, № 508, травень.
- Беларускае студэнцтва на чужыне = Belarusian Students Abroad / Барыс Рагуля. — Лёндан (Канада) — Нью-Ёрк: [б.в.], 1996. — (Старонкі жыцьця. Рагуля Барыс).
Спасылкі
- У Канадзе памёр Барыс Рагуля . Радыё Свабода.
- Барыс Рагуля, дзе ні быў, меў харызму страшную . Радыё Свабода.