Барыс Давыдавіч Берман | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Георгій Малчанаў | ||||||
Пераемнік | Аляксей Наседкін | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
15 мая 1901 |
||||||
Смерць |
23 лютага 1939 (37 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Партыя | УКП(б) | ||||||
Дзейнасць | ваенны, палітык | ||||||
Ваенная служба | |||||||
Прыналежнасць | СССР | ||||||
Род войскаў | НКУС | ||||||
Званне | |||||||
Узнагароды |
|
Бары́с Давы́давіч Бе́рман (15 мая 1901, вёска Андрыянаўка, Забайкальская губерня, Расійская імперыя (цяпер — Чыцінская вобласць, Расійская Федэрацыя) — 23 лютага 1939) — народны камісар унутраных спраў БССР, камісар дзяржаўнай бяспекі 3-га рангу (1937). Адзін з кіраўнікоў сталінскіх рэпрэсій на Беларусі ў час іх найвышэйшага размаху. Малодшы брат Мацвея Бермана (1898–1939), кіраўніка ГУЛАГа АДПУ–НКУС (1932–1937).
Біяграфія
Нарадзіўся ў яўрэйскай сям'і. Адукацыя сярэдняя. Працоўную дзейнасць пачаў у 1912 г ў прыватных крамах г. Чыты, затым вучыўся ў Вышэйшым пачатковым вучылішчы, займаўся прыватнымі ўрокамі. 3 1918 г. у РСЧА, удзельнічаў у баях супраць войск атамана Р. М. Сямёнава.
З 1921 г. ў органах дзяржбяспекі — супрацоўнік Іркуцкага губернскага аддзела ДПУ. Узначальваў аперацыі супраць басмачоў ва Усходнім Туркестане. У 1923 г. уступіў у РКП(б). У 1923 г. — супрацоўнік Цэнтральнага апарата АДПУ СССР, затым — начальнік КРС, памочнік начальніка САУ ПП АДПУ пры СНК СССР па Сярэдняй Азіі. У 1931—1937 гг. на кіруючых пасадах Цэнтральнага апарата АДПУ — НКУС СССР: намеснік начальніка замежнага аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі, быў у складзе следчай групы па падрыхтоўцы працэсу «аб’яднанага трацкісцка-зіноўеўскага блока» і «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра».
Пасля лютаўска-сакавіцкага (1937) пленума ЦК УКП(б) накіраваны ў Беларускую ССР. З 4 сакавіка 1937 па 22 мая 1938 гг. — народны камісар унутраных спраў БССР і адначасова начальнік АА ГУДБ НКУС СССР па БВА. Уваходзіў у тройку НКУС СССР. Падчас кіраўніцтва Б. Д. Берманам НКУС БССР на тэрыторыі Беларусі былі праведзены найбольш маштабныя рэпрэсіі ў дачыненні да насельніцтва рэспублікі. У матэрыялах архіўнай крымінальнай справы на наркама ўнутраных спраў БССР А. А. Наседкіна прыводзіцца факт, што ў студзені 1938 г. на нарадзе ў наркама ўнутраных спраў СССР М. І. Яжова Б. Д. Берман назваў лічбу рэпрэсаваных па Беларусі — 60 тысяч чалавек[1], у т.л. старшыні ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў, М. В. Стакун, старшыні СНК БССР М. М. Галадзед, Д. I. Валковіч, 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б В. Ф. Шаранговіч, камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І. П. Убарэвіч, вялікая колькасць беларускай творчай інтэлігенцыі. Распаўсюджваліся і заахвочваліся даносы, незаконныя арышты, катаванні, фальсіфікацыя крымінальных спраў, адпрацоўвалася тэхніка масавых расстрэлаў і захаванняў.
Абіраўся дэлегатам XVI з'езду КП(б)Б, членам ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ, дэпутатам Вярхоўнага Савеіа СССР I-га склікання.
Арыштаваны 24 верасня 1938 г. на пасадзе начальніка 3-га ўпраўлення НКУС СССР. 22 лютага 1939 г. Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны па артыкулах 58-1 «а», 58-8 і 58-11 КК РСФСР да высшай меры пакарання. Прысуд прыведзены ў выкананне 23 лютага 1939 г. Згодна з Пастановай Галоўнай ваеннай пракуратуры ад 26 красавіка 1957 г., падстаў для рэабілітацыі не мае. 27 сакавіка 2017 г. гэта рашэнне пацвердзіла Ваенная калегія Вярхоўнага суда РФ.
Зноскі
Літаратура
- Быстролетов, Д. Как я умер Воспоминания // Кодры. — 1989. — № 6. — С. 112—115.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- БЕРМАН Б. Д. // Петров Н. В., Скоркин К. В. Кто руководил НКВД, 1934—1941 : справочник / Под ред. Н. Г. Охотина и А. Б. Рогинского. — М.: Звенья, 1999. — 502 с. — 3 000 экз. — ISBN 5-7870-0032-3.
- Розумаў, А. Я. Берман Барыс Давыдавіч / А. Я. Розумаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 21.
Спасылкі
- «Ён быў д’яблам з апраметнай»: жыццё і кара Барыса Бермана, які падвёў пад расстрэл урад БССР // nashaniva.by 2 кастрычніка 2019