Сабор | |
Сабор святых мучанікаў-страстацерпцаў благаверных князёў Барыса і Глеба | |
---|---|
| |
53°36′01″ пн. ш. 25°49′27″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Навагрудак |
Канфесія | праваслаўе |
Епархія | Наваградская і Лідская |
Тып будынка | Сабор |
Архітэктурны стыль |
готыка, сармацкае барока, псеўдарускі |
Заснавальнік |
гетман Канстанцін Астрожскі, мітрапаліт Іосіф Солтан |
Дата заснавання | 1517 |
Будаўніцтва | 1517—1519 гады |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзеючы |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Навагрудская Барысаглебская царква — помнік архітэктуры XII—XVII стст. у горадзе Навагрудку.
Гісторыя
Пабудавана на месцы храма першай паловы XII ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы як крыжовакупальны храм. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства XII ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. Падчас яго будаўніцтва выкарыстаны галаснікі. З XIV ст. пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр (з 1624 г. — жаночы, з 1628 г. — мужчынскі манастыр базыльян (гл. Навагрудскі Барысаглебскі манастыр), з 1839 г. праваслаўная царква).
Перабудовы XVI—XVII стагоддзяў
У пачатку XVI ст. і асабліва ў першай чвэрці XVII ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх вертыкальных калон-лапатак, якія ў верхняй частцы пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см.). У XVII ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай.
Перабудова XIX стагоддзя
У XIX ст. фасады храма цалкам перабудаваны. Архітэктурнае рашэнне было заснавана на традыцыйным для рэтраспектыўна-рускага стылю выкарыстанні формаў маскоўска-яраслаўскага дойлідства XVII ст. Праектам рэканструкцыі прадугледжвалася змяненне сілуэту атыка (трохчастковае завяршэнне з трохдольных какошнікаў), ліштвы на праёмах вежаў, а таксама ў цэнтральным акне заходняга фасада, раскрыццё праёму званіцы, пластычная раскрапоўка заходняй сцяны, стварэнне над асноўным аб’ёмам вялікага «глухога» драўлянага барабана, «васьмярык на чацвярыку» з шатровым завяршэннем з какошнікамі на развітых карнізах і цыбульнай глаўкай. Падобнае завяршэнне мелі і вежы, якія фланкіравалі заходні фасад[1].
Адначасова быў створаны драўляны чатырохярусны іканастас у 30 абразоў. У верасні 1876 г. ў прысутнасці 10 тыс. вернікаў уладыка Аляксандр (Дабрынін) асвяціў перабудаваны храм.
Найноўшы час
У 1923—24 гг. храм зноў рэканструяваны: замест драўлянага барабана з галоўкай адноўлена першапачатковае скляпенне, умацаваны падмурак. Пасля Другой сусветнай вайны будынак царквы выкарыстоўваўся як архівасховішча. Адноўлена і адкрыта для набажэнстваў у 1990-х гг[2].
Рэстаўрацыйныя працы
У 1989 годзе падчас рэканструкцыі былі разабраны вежы, была зроблена так званая рэстаўрацыя на прамежкавы этап[1].
У чэрвені 2010 года Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата пачаў рэстаўрацыю царквы (навуковы кіраўнік Г. Лаўрэцкі), у выніку якой у лістападзе таго ж года на вежы царквы паставілі какошнікі з шатрамі, завершанымі пазалочанымі купаламі-цыбулінамі. У сувязі з гэтым старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч звярнуўся з лістом у Міністэрства культуры з просьбай спыніць працы і прыцягнуць да адказнасці тых, хто ініцыяваў і дазволіў парушэнне закона (рэканструкцыя праводзілася без дазволу Міністэрства культуры і пратакола паседжання навукова-метадычнага савета ад 3 лістапада, які павінен быў гэтаму дазволу папярэднічаць)[3]. Ён просіць распачаць у адносінах да прыходу царквы і адказных супрацоўнікаў Навагрудскага райвыканкама адміністрацыйную справу (за парушэннем пунктаў 2 і 4 артыкулу 10 «Закона аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны»). Апроч таго, А. Астаповіч звярнуўся ў наваградскую пракуратуру[4]. Г. Лаўрэцкі ў адказ заявіў, што «тыя, хто падняў шум», асабліва не разабраліся ў сітуацыі і зрабілі паспешныя высновы і спаслаўся на Венецыянскую хартыю, якая гаворыць, што мэтай рэстаўрацыі з’яўляецца не вяртанне першапачатковага аблічча аб’екту, і ўжо тым больш не прамежкавага, а аднаўленне помніка ва ўсёй яго гісторыі — захаванне ўсіх яго стылістычных напластаванняў[1].
Рэстаўрацыя прадугледжвае таксама расчыстку фасада для адкрыцця аўтэнтычнага муру XVI стагоддзя і адкрыццё галерэі і сцен у стылі готыкі XII стагоддзя[1].
Архітэктура
Храм уяўляе сабой прамавугольны пад вальмавым дахам карабель, які пераходзіць у больш нізкую 5-гранную апсіду пад асобным вальмавым дахам. Першапачаткова высокі двухсхільны дах над асноўным аб’ёмам з усходу і захаду завяршаўся мураванымі шчытамі. У плане няправільны (крыху звужаны з заходняга боку) прамавугольнік шырынёю 16 м. Галоўны фасад фланкіраваны дзвюма шатровымі вежамі (васьмярык на чацверыку), паміж якімі выступае нізкі прытвор. Рысы рэтраспектыўна-рускага стылю прыўнеслі ў архітэктуру храма завяршэнні вежаў у выглядзе невысокіх граненых шатроў з макаўкамі і каронай какошнікаў у аснаванні. Бакавыя фасады члянёны гранёнымі контрфорсамі, плоскімі пілонамі, высока ўзнятымі стральчатымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны спляценнем аркатур. Струмень вертыкалей нервюр, граняў контрфорсаў, вялікіх стральчатых вокнаў стварае непаўторнае аблічча гэтай святыні[2].
Інтэр’ер
Чатыры слупы пасярэдзіне падзяляюць інтэр'ер храма на дзевяць частак (травей). 3 іх тры сярэднія блізкія да квадрата, а астатнія прамавугольныя. Травеі паміж сабою падзелены падпружнымі аркамі і перакрыты крыжовымі нервюрнымі скляпеннямі. Пры гэтым рэбры нервюр не аддзяляюцца ад апор гарызантальнымі цягамі, што надае інтер’еру гатычную ўзнёсласць. Асабліва прыгожым зоркавым малюнкам нервюр вылучаецца перадалтарнае скляпенне[2].
Цэнтральны неф завершаны мураваным іканастасам XVIII ст., першы ярус якога складаецца з масіўных слупоў; па цэнтры другога яруса — паўцыркульны праём для алтарнага абраза; трэці ярус аддзелены ад папярэдняга магутным антаблементам[2].
Галерэя
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 3 4 Барысаглебская царква (Навагрудак) на сайце Radzima.org
- ↑ Печанко С. Дык хто ж дазволіў перарабляць царкву ў Наваградку? // «Наша Ніва», 15 лістапада 2011.
- ↑ Печанко С. На навагрудскай царкве Барыса і Глеба ўсталёўваюць «цыбуліны»(недаступная спасылка) // «Наша Ніва», 14 лістапада 2010.
Літаратура
- Трусов, О. А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины: Концепции. Открытия. Версии. Том 2. — СПб. — Псков, 1997.
- Варавва А. Г. Новогрудский район. Край замков, рыцарей и поэтов / ред. Н. А. Плыткевич — Мн.: РИФТУР, 2008. — С. 10. — 40 с. — (Жемчужины Беларуси). — 3000 экз. — ISBN 978-985-6700-73-9.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Барысаглебская царква (Навагрудак)
- Барысаглебскі сабор на сайце Навагрудскай епархіі Архівавана 21 снежня 2011.
- Барысаглебская царква (Навагрудак) на сайце Radzima.org
- Інтэр'ер Барысаглебскай царквы ў Навагрудку ў 1930-я гг. . Праверана 19 сакавіка 2011.
- Барысаглебская царква (Навагрудак) на сайце «Архіварта»