Бай 白和 | |
Агульная колькасць | 1933510 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Кітай |
Мова | бай |
Рэлігія | культ продкаў, будызм |
Блізкія этнічныя групы | кітайцы |
Бай (саманазва: 白和, літаральна «белы») — народ у Кітаі. Жывуць пераважна ў аднайменным аўтаномным раёне правінцыі Юньнань. Згодна перапісу насельніцтва 2010 г. у КНР жыло 1 933 510 прадстаўнікоў гэтага народа.
Паходжанне
Назва народа бай з’явілася ў кітайскіх крыніцах толькі падчас дынастыі Юань, аднак запісы на іх мове, зробленыя кітайскімі іерогліфамі, вядомы ўжо ў перыяд існавання дзяржаў Наньчжаа (VIII—X стст.) і Далі (X—XIII стст.).
Сучасныя генетычныя даследаванні дэманструюць тое, што бай блізкія да іншых народаў населенага імі рэгіёна, асабліва да йі. Аднак мова бай бліжэй да кітайскай, чым да моў суседзей. Таму ў новуковых колах існуе 2 групы версій аб іх паходжанні. Першая канцэнтруецца вакол мовы і сцвярджае, што бай маюць агульнае паходжанне з кітайцамі, канчаткова аддзяліліся ад іх у канцы 1 тысячагоддзя да н. э. Прыхільнікі другой групы версій лічаць, што бай маюць агульнае паходжанне з йі, а іх мова сфарміравалася пазней у выніку даўгатэрміновай асіміляцыі выхадцаў з Кітая.
Субэтнічныя групы
Частка бай належыць да субэтнічных груп нама і лейма. Яны лічацца нашчадкамі бежанцаў з дзяржавы Далі, заваяванай ў XIII ст. Хубілай-ханам. Нама аселі ў рэчышчы Меконга на захадзе ад асноўнай часткі бай і кантактавалі пераважна з суседнімі тыбета-бірманскімі народамі. Каля 300 гадоў таму з іх ліку вылучыліся лейма, якія мігрыравалі ў горныя раёны далей на захад. Хаця кантакты паміж асноўнай часткай бай і дзвюмя субэтнічнымі групамі ніколі не перарываліся, у XVIII — XIX стст. нават назіраўся прыток перасяленцаў з усходу, адносная ізаляванасць спрыяла ўзнікненню спецыфічных рыс мовы і культуры.
Культура
Асноўным заняткам бай здаўна з’яўляецца сельская гаспадарка. Продкі бай узводзілі маштабныя ірыгацыйныя збудаванні, якія дазвалялі пашыраць плошчы земляробчых угоддзяў. Вядома, што ўжо ў сярэднявеччы яны мелі шырокі набор культурных раслін — рыс, проса, пшаніцу, грэчку, бабовыя. Дзякуючы вывучэнню метэаралогіі і ўдасканальванню прыёмаў працы, яны атрымоўвалі 2 ураджаі за год. У наш час таксама вырошчваюць кукурузу, тытунь, бавоўнік, цукровы трыснёг, рапс і інш.
Жывёлагадоўля адыгрывае дадатковую ролю. Звычайна трымаюць курэй, качак, кароў, авечак, свінняў. У мінулым існаваў звычай лову рыбы з дапамогай прыручаных бакланаў.
Народныя рамёствы існуюць як самастойны і дадатковы занятак. Бай вядомы як выдатныя будаўнікі, архітэктары, ганчары, разьбяры, апрацоўшчыкі мармуру і вытворцы лакіраванага посуду. Даўнім камерцыйным заняткам з’яўляецца здабыча солі.
Марка Пола пісаў пра жыхароў Далі, што яны ўжываюць сырое мяса, прыпраўленае часныком. Для кухні бай сапраўды характэрна хуткая тэрмічная апрацоўка, так што некаторыя стравы могуць падацца сырымі. Мяса, вантробы, рыбу і нават гародніну часцяком вэндзяць або марынуюць, падаюць з вострымі прыправамі і мучной падлівай. Існуе этыкет, згодна якому гасцей напераменку частуюць чаем, 8 стравамі і 2 дадатковымі талеркамі з садавіной. Чай — найбольш папулярны напой. Прынята выпіваць 3 невялікія кубкі. Лічыцца, што першы дае прыемны водар, другі — прыемны смак, трэці спаталяе смагу.
Белы колер адлюстроўвае годнасць і падкрэслівае высокі сацыяльны статус, таму белая вопратка разглядаецца як пераважная. Мужчыны апранаюць белыя кашулі з белымі нагавіцамі, белы цюрбан і ярка вышытыя шкарпэткі і рамяні. Маладыя жанчыны таксама аддаюць перавагу светлым спадніцам, але па-над імі нацягваюць болей цёмны жакет. Старыя жанчыны апранаюцца ў чорную і сінюю вопратку. Распаўсюджаны такія ўпрыгожванні, як срэбраныя завушніцы, заколкі для валасоў, каралі і нефрытавымі бранзалеты. Адзенне багата дэкаруецца вышыўкай.
Бай маюць розныя тыпы паселішчаў. Хаця большасць жыве ў сельскай мясцовасці, з перыяду сярэднявечча вядомы гарады. Найболей слынны горад Далі, калісьці адметны сваімі белымі мармуровымі будынкамі. Даліна вакол Далі і ў нашы дні з’яўляецца месцам, дзе найлепей захоўваюцца архітэктурныя традыцыі. У вёсцы Сіньжоу сустракаюцца пабудовы XVII — пачатку XX стст. Традыцыйна паселішчы складаліся з асобных двароў, вакол якіх узводзіўся мур з вежай над брамай. Ён фарбаваўся белым колерам. Асноўнымі будаўнічымі матэрыяламі былі дрэва і цэгла. Да пачатку XX ст. склаўся стыль пабудовы 3 хацін, аб’яднаных агульнымі сценамі ў форме літары П. Знутры жытло даволі прасторнае, часцяком шматпавярховае. Дахі крылі керамічнай дахоўкай. Вуліцы ў вялікіх паселішчах брукаваліся лупняком. Дамы багатых жыхароў дэкараваліся разьбою і каляровымі цаглінамі.
Асноўная сацыяльная адзінка — малая нуклеарная сям’я. Хаця ў мінулым была дазволена палігамія, большасць сем'яў фарміраваліся як манагамныя. Вялікія пашыраныя сем'і часцей сустракаліся сярод заможных землеўладальнікаў, якія такім чынам імкнуліся захаваць цэласнасць валоданняў. Традыцыйна заахвочваліся шлюбы паміж стрыечнымі братамі і сёстрамі. Выкуп за нявесту быў абавязковым. Часцяком, жаніх не мог расплаціцца да вяселля і выплачваў выкуп пасля заключэння шлюбу. У сельскай мясцовасці ён мог расплочвацца асабістай працай і такім чынам ператвараўся ў парабка бацькоў жонкі. Спадчына перадавалася толькі па мужчынскай лініі. Падчас культурнай рэвалюцыі выкуп нявесты і пазбаўленне жанчын маёмасці былі забаронены.
Да XX ст. развівалася складанае іерархічнае грамадства, дзе на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы, а на вышэйшым — буйныя землеўладальнікі і чыноўнікі кітайскай адміністрацыі. У некаторых раёнах захоўвалася абшчынная маёмасць на зямлю, практыкавалася ўзаемадапамога і супольная праца для пабудовы і эксплуатацыі ірыгацыйных збудаванняў. Але 80% зямлі былі прыватнай маёмасцю невялікага пласта гаспадароў. Многія з іх належалі да старой арыстакратыі, сфарміраванай да далучэння да Кітая. Сяляне, што траплялі ў залежнасць да іх, фактычна ператвараліся ў прыгонных, не мелі права пакідаць занятыя імі надзелы без дазволу пана. З іншага боку, арыстакраты павінны былі клапаціцца пра падданых, ашчаджаць значныя грошы для існавання рэлігійных устаноў, лічыліся правадырамі сваёй мясцовасці. Бай знакаміты буйнымі паўстаннямі, якія яны арганізоўвалі супраць імперыі Цын. У 1910 г. рабства было адменена. У 1949 г. адбылася зямельная рэформа.
Бай маюць багатую вусную і пісьмовую спадчыну. Асабліва вылучаюцца старажытныя эпічны твор «Быццё», вершы і кароткія апавяданні пра Наньчжаа, перакладзеныя ў позняе сярэднявечча на кітайскую мову. Са старажытных часоў вядзе сваё існаванне комплекснае музычнае відовішча чуйчуй, якое спалучае народныя спевы і танцы. Бай вядомы маляўнічымі святамі. Звычайна яны прысвечаны будысцкім святыням, аднак сустракаюцца рэгіянальныя святы, якія бяруць пачатак ад старажытных штогадовых кірмашоў. Яны суправаджаюцца ахвярапрынашэннямі, карнаваламі і песеннымі спаборніцтвамі.
- Традыцыйная вышыўка
- Баба — аладкі з мясным начыннем
- Уваходная брама
- Сучаснае народнае свята
Рэлігія
Традыцыйныя вераванні бай у Кітаі часцяком аб’ядноўваюць адзіным вызначэннем бен-жу (кіт.: 本主) (літаральна «вера ў пана»). Для іх характэрны культ продкаў, перад усім сямейных. Таксама існуюць культы абшчынных і рэгіянальных заступнікаў. Імі лічацца старажытныя манархі, рэчаісныя і міфічныя героі. Галоўная роля заступніка ў вачах вернікаў — ахова людзей ад злых духаў, хвароб і няўдач. Яны могуць мець другарадных памагатых. У гонар заступнікаў у многіх вёсках будуюць храмы або вылучаюць асобныя месцы для іх шанавання, двойчы на год арганізуюць рэлігійныя святы, падчас якіх ахвяруюць свойскую жывёлу, паляць вогнішчы, фіміям, паперу, петарды. У мінулым вылучаўся вузкі пласт шаманаў, якія займаліся лекаваннем, выгнаннем злых духаў і прадказаннямі. Нама таксама практыкуюць культ белых камянёў, болей характэрны для цян, і нябеснага быка.
З IX ст. сярод бай распаўсюджаны будызм у форме дзэн. Мясцовая будысцкая традыцыя адрозніваецца ад кітайскай наяўнасцю некаторых тантрычных элементаў. Падчас культурнай рэвалюцыі будысцкія кляштары былі зачынены, многія манахі рэпрэсаваны, але ў апошнія дзесяцігоддзі адбываецца паступовае адраджэнне гэтай рэлігіі.