Байка — невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару. Жыццё чалавека адлюстроўвае ў вобразах жывёл, раслін, рэчаў або зводзіць да ўмоўных адносін. Іншасказальнасць байкі заўсёды шматзначная. Гэтым яна адрозніваецца ад прытчы, у якой увасобленая адна нейкая ідэя. Часта байка мае дыялагічную форму, што надае дзеянню драматычную напружанасць, дапамагае моўнай індывідуалізацыі персанажаў. Шырока карыстаецца вольным (баечным) вершам. Генетычна звязаная з народным раслінным і жывёльным эпасам, прытчай.

Гісторыя байкі

У Старажытнай Грэцыі быў знакаміты Эзоп (VI-V стагоддзя да нашай эры), які пісаў байкі ў прозе. У Рыме - Федр (I стагоддзе нашай эры). У Індыі зборнік баек «Панчатантра» асдносіцца да III стагоддзя. Найслынным байкапісцам новага часу быў французскі паэт Ж. Лафантэн (XVII стагоддзе).

Беларускія байкі

Першыя беларускія байкі Ф. Багушэвіча («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды»), А. Абуховіча («Ваўкалак», «Старшына») часта былі прамым або апасродкаваным наследаваннем I. Крылову. Наследаванне асабліва выразна выяўляецца ў творчасці М. Косіч, якая выдала цэлую кніжку («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую гаворку». Чарнігаў, 1903). У творчасці Я. Купалы («Ігнат і п'яўкі», «Мікіта і валы», «Асёл і яго цень» і інш.), Я. Коласа («Пастух і авечкі», «Пан і рэчка», «Конь і сабака» і інш.), М. Багдановіча («Варона і чыж») і некаторых іншых беларускіх пісьменнікаў байка яшчэ да рэвалюцыі наблізілася да сацыяльных і нацыянальных патрэбаў народа, выразна акрэслілася ў жанравых адносінах. На новую вышыню байку ўзняў К. Крапіва, творам якога характэрнае высокае грамадзянскае гучанне і мастацкая дасканаласць («Сава, Асёл ды Сонца», «Жаба ў каляіне», «Дыплямаваны баран» «Махальнік Іваноў» і інш.). Байкі К. Крапівы — гэта значнае дасягненне ўсёй беларускай літаратуры. З беларускіх байкапісцаў пасляваеннага часу вылучаюцца У. Корбан, Э. Валасевіч, М. Скрыпка. Найбольш пашыраныя байкі на маральна-этычныя і палітычныя тэмы. У байцы закранаюцца пытанні літаратуры, мастацтва, рэлігіі, права і інш. З боку мастацкай структуры сустракаюцца балады ў форме казкі, пародыі, алегорыі, фельетона, анекдота, маналога, дыялога і інш. Узоры беларускай байкі ў зборніку «Беларуская байка» (1986), «Анталогіі беларускай байкі» (2001).

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.