Вёска
Багрымавічы
± |
Багры́мавічы[1] (трансліт.: Bahrymavičy, руск.: Багримовичи) — вёска ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Пціцкага сельсавета.
Геаграфія
Знаходзіцца на правым беразе ракі Пціч, за 1 км ад яе ўпадзення ў Прыпяць.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Вядома, што жыхары сяла Багрынавічы мелі грамату на карыстанне грунтам Піліпаўшчына яшчэ ад вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы і атрымаць яе маглі не пазней 1432 года, пасля чаго манарх заняўся войнамі і было не да разгляду гаспадарчых пытанняў, тым больш зваротаў даннікаў. У апісанні Мазырскага замка 1552 года сказана, што сяло дало сваю назву нядзелі[upper-alpha 1] і належала да Бчыцкай воласці. На той час у Багрынавічах налічвалася 12 гаспадарак[3]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, была вызначана мяжа сяла Бахрынавічы (Bachrynowicze) воласці Пчыцкай (Pczycka) замку ЯКМ Мазырскага. Шырыня таго грунту ўздоўж склала дзве мілі, а ўпоперак — паўтары мілі. Асобна адзначаныя багатыя рыбныя ловы на рэках Прыпяці, Пцічы і азёрах, гоны бабровыя на Пцічы аж да Прыпяці[4]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Багрымавічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводства.
Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[5]. Недзе ад 1738 года[upper-alpha 2], паводле кансэнсу караля Аўгуста ІІІ, староства трымаў пан Рафал Алойзы Аскерка. У 1760 годзе тую каралеўшчыну пераняў яго сын Антоні Яўхім[6]. На 1789 год у складзе Багрымаўскага староства паноў Аскеркаў названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[upper-alpha 3][7].
Расійская імперыя
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Багрымавічы — у межах Расійскай імперыі. З мая 1795 года сяло знаходзілася ў складзе адноўленага Мазырскага павета Мінскага намесніцтва, са снежня 1796 года — Мінскай губерні[8]. Паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1795 годзе ў Багрымавічах — 19 двароў, 154 жыхары.
У 1816 годзе ў сяле было 22 двары. На 1834 год — 141 жыхар. Да 1842 года тут дзейнічала прыходская царква, вядомая яшчэ з крыніц XVIII ст. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Багрымавіцкага казённага маёнтка была ўтворана воласць[upper-alpha 4] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 395 дзяржаўных сялян, 2 аднадворцы, 2 пасяленцы «разного звания»[9]. У 1858 годзе ў паселішчы налічвалася 29 двароў.
У парэформенны перыяд Багрымавічы адміністрацыйна належалі да Капаткевіцкай воласці Мазырскага павета. На 1879 год вяскоўцы заставаліся прыхаджанамі Пакроўскай царквы ў Капаткевічах[10]. У 1886 годзе ў сяле было 40 двароў, 298 жыхароў, царква[upper-alpha 5][11]. Згодна з перапісам 1897 года, у Багрымавічах налічваўся 71 двор з 466 жыхарамі, існавалі хлебазапасны магазін, прыстань, карчма. На 1909 год вёска мела 90 двароў і 692 жыхары[12].
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Багрымавічы, аднак, у складзе Капаткевіцкай воласці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[13].
1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Багрымавічы ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. У 1921 годзе ў вёсцы было 117 гаспадарак і 694 жыхары. З 20 жніўня 1924 года — у межах Пціцкага сельсавета Капаткевіцкага раёна Мазырскай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года вёска — у Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Багрымавічах налічвалася 150 двароў з 523 жыхарамі. У сакавіку 1944 года нямецкія акупанты спалілі 102 двары і знішчылі 124 чалавекі[14]. 45 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
З 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласці. Пасля скасавання Капаткевіцкага раёна з 25 снежня 1962 года Пціцкі сельсавет з вёскай Багрымавічы апынуліся ў складзе Петрыкаўскага раёна.
Насельніцтва
Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы пражывала 720 жыхароў. Пасля спынення на мяжы 1960-1970-х гадоў сплаву лесу па Пцічы і закрыцця сплаўнога ўчастку, вёска паступова занепадае. У 2004 годзе — 130 жыхароў.
Заўвагі
- ↑ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай адно вялікае альбо некалькі меншых паселішчаў), на якія падзяляліся воласці, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысць замку. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці[2]. Да гэтай адзінкі належала і сяло Капатковічы, большае за самыя Багрынавічы.
- ↑ На 1742 г. гэта вядома дакладна.
- ↑ На карце «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» пазначаныя яшчэ Рудзенкі, а таксама ўдакладнена, што Буда тая — Смольгаўская (Смаглаўская?).
- ↑ Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.
- ↑ Тут звесткі пра царкву і адпаведна пра статус сяла, магчыма, памылковыя.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
- ↑ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 639
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 490—491
- ↑ Насевіч В. Мазырскае стараства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 259—260. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 203, 205, 206, 211
- ↑ Спіс паселішчаў Мазырскага павета на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
- ↑ Насевіч, В. Мазырскі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 41. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- ↑ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 6
- ↑ Описание церквей и приходов Минской епархии. V. Мозырский уезд. — Минск, 1879. С. 82, 84
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 106
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 5
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
- ↑ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 446
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005. — 520 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0330-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх