Герцагства
Герцагства Баварыя
ням.: Herzogtum Bayern
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Баварыя ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі ў X стагоддзі
Баварыя ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі ў X стагоддзі
< 
 >

Сталіца Рэгенсбург, Мюнхен
Рэлігія хрысціянства
Форма кіравання феадальная манархія
Дынастыя Агілальфінгі, Луітпольдзінгі, Людальфінгі, Люксембургі, Салічная дынастыя, Эцонены, Нордгеймская дынастыя, Вельфы, Бабенбергі, Вітэльсбахі
Герцаг
  548—591(593) Гарыбальд I (першы)
  1597—1623 Максіміліян I (апошні)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Герцагства Баварыя (ням.: Herzogtum Bayern) — адно з пяці племянных герцагстваў, якое існавала ў Сярэднявечча на паўднёвым усходзе Германіі на тэрыторыі сучаснай зямлі Баварыя.

Гісторыя

Ранняе герцагства пры Агілальфінгах

Баварыя каля 600 года

Упершыню герцагства было ўтворана яшчэ ў VI стагоддзі. Яно займала вобласць паміж рэкамі Лех і Энс, горамі Фіхтэль і Трыдэнцінскімі Альпамі. Першым герцагам, імя якога згадваецца ў крыніцах, быў Гарыбальд I (пам. 590), які паходзіў з роду Агілальфінгаў. Сталіцай герцагства пры ім быў горад Рэгенсбург. Аб’яднаўшыся з лангабардамі супраць валадарства франкаў, ён быў разбіты апошнімі і вымушаны прасіць мір. Яго спадчыннік, Тасілон I (пам. 612), вядомы тым, што ён упершыню распачаў варожыя дзеянні супраць славян і іх саюзнікаў, авараў. Яго спадчыннікі сталі саюзнікамі каралёў франкаў, паступова трапіўшы ў залежнасць ад іх. Пры Гарыбальдзе II (пам. у 650 г.) пры садзейнічанні франкскага караля Дагаберта I былі ўведзены першыя пісаныя законы (так званая Баварская праўда — лац.: lex Bajuwariorum). Таксама пры Тасілоне II у Баварыі пры садзейнічанні франкскіх місіянераў пачало распаўсюджвацца хрысціянства, аднак канчаткова яна зацвердзілася ўжо пры герцагу Тэадане II (пам. у 716).

Герцаг Адзілон (пам. 748), зяць франкскага маярдома Карла Мартэла, паспрабаваў скінуць вярхоўную ўладу франкаў і прыняў каралеўскі тытул, аднак, быў скінуты сынамі Карла, Карламанам і Піпінам Кароткім. Пры яго кіраванні архібіскуп Баніфацый падзяліў баварскую царкву на 4 біскупствы з цэнтрамі ў Зальцбургу, Пасау, Рэгенсбургу і Фрайзінгу, а таксама заснаваў некалькі манастыроў.

Сын Адзілона, Тасілон III (741—796) для таго, каб атрымаць сабе спадчынныя ўладанні, быў вымушаны прынесці на дзяржаўным сойме ў Камп’ені прысягу на вернасць Піпіну Кароткаму. Пазней ён паспрабаваў выйсці з падпарадкавання франкам, аб’яднаўшыся з лангабардскім каралём Дэзідэрыем і аквітанскім герцагам Вайфарам супраць франкаў, аднак гэты мяцеж скончыўся няўдачай. Пасля таго, як Дэзідэрый быў скінуты, кароль Карл Вялікі павярнуўся супраць яго саюзніка і пагрозай вайны прымусіў яго аднавіць прысягу ў Вормсе і выдаць закладнікаў. Тасілон, аднак, не падпарадкаваўся і завязаў зносіны з аварамі, завошта быў выкліканы ў 788 годзе на дзяржаўны сойм у Інгельгайм, асуджаны за клятвапарушэнне да пакарання смерцю і разам з усёй сям’ёй сасланы ў манастыр, дзе яго род і згас. Баварыя ж была ўключана ў склад франкскай дзяржавы і падзелена на некалькі частак, для кіравання якімі прызначаліся графы.

Баварыя пад упраўленнем дынастыі Луітпольдзінгаў

Баварыя ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі ў X стагоддзі

У Каралінгскай імперыі Баварыя атрымала статус каралеўства і паводле Вердэнскага дагавора апынулася ў складзе Усходне-Франкскага каралеўства. Яна кіравалася прадстаўнікамі германскай галіны Каралінгаў. Паступова ў Баварыі ўзмацнілася радавая знасць, асабліва род Луітпольдзінгаў. Асабліва іх уплыў узмацніўся падчас кіравання імператара Арнульфа Карынтыйскага, маці якога, Ліўтсвінда, магчыма паходзіла з роду Луітпольдзінгаў. У 893 годзе Арнульф перадаў землі Карынтыі і Верхняй Паноніі (сучасная Аўстрыя і заходняя Венгрыя) графу Луітпольду. У 895 годзе Луітпольд атрымаў таксама тэрыторыі ў даліне Дуная і Нордгау (сучасны Верхні Пфальц) з Рэгенсбургам. Так была сфарміравана тэрытарыяльная аснова новага дзяржаўнага ўтварэння ў складзе Усходне-Франкскага каралеўства — маркграфства Баварыі. Як і кіраўнікі іншых памежных марак імперыі, Луітпольд увесь час ваяваў з суседнімі плямёнамі (славянамі і венграмі) і загінуў у бітве пры Прэсбургу (цяпер Браціслава) у 907 годзе. Больш таго, значная частка баварскіх зямель (Усходняя марка) была заваявана венграмі.

Пры пераемніках Луітпольда — Арнульфе, Эберхардзе і Бертольдзе — Баварыя была ператворана ў герцагства і стала адным з пяці найбуйнейшых княстваў імперыі, так званых «племянных герцагстваў», якія сфарміраваліся на аснове таго ці іншага племя германцаў. Арнульф, якому бракавала сродкаў для арганізацыі абароны краіны, стаў звяртацца да канфіскацый уладанняў і маёмасці каталіцкай царквы, за што атрымаў мянушку «Злы». Арнульфу ўдалося аднавіць Баварскае герцагства і заключыць перамір'е з венграмі: цяпер у сваіх набегах на Германію яны праходзілі Баварыю, не сустракаючы супраціўлення, але і не спусташаючы ўладанні герцага. Ён стаў фактычна незалежным ад караля Германіі кіраўніком, які самастойна прызначаў графаў і біскупаў на падуладных яму землях і вёў уласную знешнюю палітыку: у адрозненне ад германскіх каралёў, якія ўвесь час змагаліся з венгерскімі набегамі, Арнульф заключыў мір з венграмі, засцярогшы свае ўладанні на шкоду інтарэсам імперыі.

Аднак прыход да ўлады ў Германіі Саксонскай дынастыі (Людальфінгаў) на чале з моцнымі каралямі Генрыхам Птушкаловам і Атонам Вялікім прывёў да паслаблення самастойнасці Баварыі і паступовага яе падпарадкавання цэнтральнай уладзе. У 921 годзе войскі караля Генрыха I уварваліся ў Баварыю і прымусілі Арнульфа падпарадкавацца. Герцаг прызнаў сюзерэнітэт караля над Баварыяй, за што атрымаў пацверджанне сваіх правоў на княства. Аднак Арнульф захаваў дастатковую самастойнасць, акрамя таго кароль быў вымушаны пакінуць герцагу Баварыі права распараджацца царквой у Баварыі.

Пасля смерці Арнульфа ў 937 годзе яго спадчыннікам стаў старэйшы сын Эберхард, які адмовіўся прысягнуць каралю Атону I на вернасць. У адказ Атон увосень 938 года ўварваўся ва ўладанні Эберхарда. У дзвюх ваенных кампаніях Атон разграміў герцага і скінуў яго з прастола. Замест Эберхарда герцагам быў пастаўлены яго дзядзька Бертольд, які кіраваў да гэтага ў прыгранічных баварскіх марках (Карынтаніі).

У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, Бертольд не атрымаў правоў прызначэння біскупаў і графаў у сваіх уладаннях і апынуўся практычна цалкам падпарадкаваным германскаму каралю. Тым не менш, на працягу ўсяго кіравання Бертольда ён заставаўся лаяльным Атону I. Бертольд узначаліў ваенныя аперацыі супраць венграў, якія ўжо паўстагоддзя здзяйснялі рабаўніцкія рэйды ў Германію. У 943 годзе баварская армія разграміла венгерскія войскі ў Вельса і ненадоўга забяспечыла спакой усходніх граніц герцагства.

Пасля смерці Бертольда ў 947 годзе яго сын Генрых Малодшы быў адхілены Атонам I ад успадкоўвання. Баварыя была перададзена брату германскага караля Генрыху Саксонскаму. Перадача Баварыі прадстаўнікам Саксонскай дынастыі пацягнула за сабой працяглы канфлікт паміж Луітпольдзінгамі і Людальфінгамі. Верагодна, што страціўшы Баварыю, Генрых Малодшы ўсё ж утрымаў частку сваіх уладанняў у Карынтаніі, што дазволіла яму захаваць свае пазіцыі ў імперыі.

Баварыя пад уладай Саксонскай дынастыі

Стаўшы кіраўніком Баварыі, Генрых I з поспехам адбіваў уварванні венграў і нават далучыў да сваіх уладанняў Фрыульскую марку. У 955 годзе адбылася знакамітая бітва на Леху, у якой нямецкія войскі ўшчэнт разграмілі венгерскую армію, што адвяло венгерскую небяспеку для краіны. Сам Генрых удзелу ў Лехскай бітве не прымаў у сувязі з хваробай. У 954 годзе Генрых удзельнічаў у здушэнні мецяжу Людальфа Швабскага і Конрада Латарынгскага.

Спадчыннікам Генрыха I у 955 годзе стаў малалетні сын Генрых II Сварлівы, якому споўнілася толькі чатыры гады. Першыя часы ад яго імя Баварыяй кіравала маці Юдыт. Стаўшы паўналетнім, Генрых II пачаў барацьбу за імператарскі прастол, які ў 973 годзе заняў яго стрыечны брат Атон II і на які ў свой час прэтэндаваў яшчэ яго бацька, Генрых I. Пазіцыі Генрыха II значна ўмацаваў шлюб з Гізелай Бургундскай, пляменніцай імператрыцы Адэльгейды. У тым жа годзе саюзнік Генрыха, герцаг Швабіі Бурхард III, жанаты з сястрой Генрыха, без згоды імператара прызначыў на месца памерлага князя-біскупа Аўгсбурга Генрыха, стрыечнага брата сваёй жонкі. Пасля смерці Бурхарда ў лістападзе 973 года Генрых Баварскі паспрабаваў далучыць да сваіх уладанняў Швабію, але імператар Атон паспеў апярэдзіць Генрыха, перадаўшы герцагства свайму сябру і стрыечнаму брату Атону, сыну Людальфа Швабскага. Незадаволены Генрых у адказ арганізаваў мяцеж супраць імператара, але ў 974 годзе мяцеж быў раскрыты, а Генрых пасаджаны пад варту ў Інгельгайме.

У 976 годзе Генрыху ўдалося бегчы і вярнуцца ў Баварыю, дзе ён падняў паўстанне. Імперскія войскі ў 976 годзе ўварваліся ў герцагства і разбілі Генрыха II. Ён быў вымушаны бегчы, а герцагства было перададзена герцагу Атону Швабскаму. Акрамя таго паўстанне Генрыха прывяло да падзелу тэрыторыі Баварскага герцагства: у 976 годзе ад яго былі аддзелены Усходняя марка (будучая Аўстрыя) і герцагства Вялікая Карантанія, якая ўключала тэрыторыі ад Штырыі да Вероны (у тым ліку і Веронскую марку, у склад якой была ўключана таксама тэрыторыя былой Фрыульскай маркі). Маркграфам Усходняй маркі стаў граф Леапольд Бабенберг, а герцагам Карантаніі — Генрых Малодшы, сын былога баварскага герцага Бертольда.

Страта герцагства не спыніла Генрыха II: у 977 годзе ён стаў ініцыятарам так званай вайны трох Генрыхаў — новага паўстання баварскай арыстакратыі супраць імператара, названай так па імёнах Генрыха II Баварскага, Генрыха Малодшага, герцага Карантаніі, і біскупа Генрыха I Аўгсбургскага, якія ўдзельнічалі ў ім. Аднак паўстанне ў 978 годзе было задушана, у выніку чаго Баварыя канчаткова апынулася падпарадкавана цэнтральнай уладзе. Генрых быў арыштаваны і аддадзены пад нагляд біскупа ўтрэхцкага, дзе прабыў да смерці імператара Атона II.

Пасля смерці ў 982 годзе герцага Атона Швабскага, які быў верным паплечнікам імператара, новым герцагам Баварыі быў прызначаны Генрых Малодшы, пазбаўлены пасля ўдзелу ў паўстанні 978 года Карантаніі. Але пасля смерці імператара Атона II у 983 годзе атрымаў свабоду Генрых II Сварлівы і адразу ж падняў мяцеж супраць малалетняга імператара Атона III. Хоць і гэтым разам яму не ўдалося авалодаць германскім прастолам, але Генрых у абмен на клятву вернасці ў 985 годзе атрымаў назад Баварыю, а ў 989 годзе і Карантанію. Генрыху Малодшаму ў якасці кампенсацыі была вернутая Карантанія, хоць Веронскую марку захаваў за сабой Атон Вормскі. Пасля смерці Генрыха Малодшага ў 989 годзе яго ўладанні былі перададзены Генрыху II Свавольнаму, які зноў аб'яднаў большую частку бацькаўскіх уладанняў.

Пасля смерці Генрыха II у 995 годзе ў Баварыі яго спадчыннікам стаў сын Генрых IV Святы, аднак Карантанію імператар Атон III перадаў Атону Вормскаму, які валодаў ёй да 985 года. Генрых IV Баварскі стаў верным саюзнікам імператара Атона III, пасля смерці якога ў 1002 годзе сам стаў імператарам пад імем Генрых II.

Баварыя ў XI стагоддзі

Баварыя 21 сакавіка 1004 года была перададзена Генрыхам брату жонкі сваёй, графу Генрыху Люксембургскаму (пад імем Генрых V). Аднак герцагства, якое дасталася яму, вельмі моцна скарацілася ў памерах. Карынтанія канчаткова аддзялілася ад Баварыі, яе герцагам імператар прызнаў у 1004 годзе Конрада I, трэцяга сына памерлага Атона Вормскага. Вялікая колькасць манастыроў і землі, з якіх у 1007 годзе было ўтворана біскупства Бамберг, засталіся пад уладай караля, многія ўладанні аказаліся пад уладай жонкі Генрыха, Кунігуды.

Аднак неўзабаве адносіны імператара са сваякамі жонкі сапсаваліся. У выніку ў маі 1009 года Генрых V быў зняты з пасады герцага, а Баварыя аказалася пад прамым кіраваннем імператара. Толькі ў маі 1017 года Генрых V ізноў атрымаў Баварыю, якой кіраваў да сваёй смерці ў 1026 годзе. Паколькі дзяцей у яго не было, то Баварыя была далучана да асабістых уладанняў новага імператара, Конрада II, які ў 1027 годзе дараваў тытул герцага Баварыі свайму дзесяцігадоваму сыну і спадчынніку Генрыху (пад імем Генрых VI). Да 1061 года (за выключэннем перыяду 10491053 гадоў) Баварыя фактычна знаходзілася пад кіраваннем імператара і членаў яго сям'і.

Агнеса дэ Пуацье, рэгентка пры малалетнім імператары Генрыху IV, лёгка раздавала ленныя ўладанні нямецкім князям, у выніку Баварыю яна ў 1061 годзе перадала пад кіраванне графа Атона Нортгаймскага. Аднак пасля таго, як Генрых стаў паўналетнім, ён з 1070 года прыступіў да вяртання ўладанняў, згубленых падчас маленства. Атон, удала якога ўяўляла перашкоду для правядзення імператарскай палітыкі, быў абвінавачаны ў планаванні замаху на караля і пазбаўлены Баварыі, якая была перададзена Вельфу IV.

Баварыя пад уладай дынастыі Вельфаў

Вельф IV (Вельф I як герцаг Баварыі) (пам. 1101), які атрымаў у кіраванне Баварыю, паходзіў з знатнага роду Вельфаў. Аднак нягледзячы на тое, што ён атрымаў уладанні ад імператара, калі той уступіў у канфлікт з Папам Рымскім Грыгорыем VII, Вельф заняў бок Папы. У 1077 годзе Вельф падтрымаў выбары антыкараля Рудольфа Райнфельдэнскага, за што быў пазбаўлены Генрыхам Баварыі, якую ўтрымаў за сабой.

Пасля смерці папы Грыгорыя Вельф у 1089 годзе ажаніў свайго сямнаццацігадовага сына, Вельфа V, з саракатрохгадовай маркграфіняй Мацільдай Тасканскай, якая ўзначальвала папскую партыю. Аднак у 1095 годзе яго сын развёўся з Мацільдай, а сам Вельф памірыўся з імператарам і атрымаў назад Баварыю. Пасля смерці Вельфа ў 1101 годзе ў Баварыі паслядоўна кіравалі яго сыны, Вельф V (II) (пам. 1120) і Генрых IX Чорны (пам. 1126). Дзякуючы жаніцьбе на спадчынніцы Магнуса Білунга, герцага Саксоніі Генрых IX набыў вялікія ўладанні ў Саксоніі, а таксама правы на атрыманне ў спадчыну герцагства. Аднак пасля смерці Магнуса імператар Генрых V у абыход законных спадчыннікаў прызначыў новым герцагам Саксоніі графа Лотара Суплінбургскага.

Пасля смерці імператара Генрыха V Генрых IX Баварскі першапачаткова падтрымаў у якасці прэтэндэнта на імператарскі прастол герцага Фрыдрыха II Швабскага. Аднак неўзабаве Лотар Суплінбургскі дамовіўся з Генрыхам пра шлюб яго спадчынніка, Генрыха Гордага з адзінай дачкой Лотара. У выніку Лотар і быў выбраны новым імператарам.

У 1126 годзе Генрых адрокся ад тытула на карысць сына і сышоў у манастыр, дзе неўзабаве памёр. Новы герцаг, Генрых IX Горды, стаў верным прыхільнікам імператара Лотара ў барацьбе з Гогенштаўфенамі, герцагам Фрыдрыхам II Швабскім і яго братам Конрадам, абвешчаным у 1127 годзе сваімі прыхільнікамі германскім каралём. У 1136 годзе імператар дараваў Генрыху тытул маркграфа Тасканы, а ў 1137 годзе, незадоўга да смерці, перадаў яму ў кіраванне герцагства Саксонія.

У момант смерці Лотара Генрых быў адным з самых магутных князёў у Германіі і галоўным прэтэндэнтам на імператарскі прастол, аднак у выніку быў выбраны не ён, а былы антыкароль Конрад III Гогенштаўфен, які ў 1138 годзе пазбавіў Генрыха абаіх герцагстваў. Баварыя была перададзена маркграфу Аўстрыі Леапольду IV з дому Бабенбергаў. Генрых пачаў вайну за вяртанне сваіх уладанняў, але ў 1139 годзе памёр, пакінуўшы малалетняга сына, Генрыха Льва.

Новаму герцагу, які аб’яднаў у сваіх руках Баварыю і былую Баварскую Усходнюю марку, прыйшлося весці барацьбу супраць прыхільнікаў Вельфаў, якіх узначальваў брат памерлага герцага, Вельф VI. У 1141 годзе Леапольд быў разбіты і неўзабаве памёр, яго змяніў малодшы брат, Генрых XI Язаміргот. Яму ўдалося здушыць паўстанні прыхільнікаў Вельфаў, але ў 1156 годзе новы імператар, Фрыдрых I Барбароса, перадаў Баварыю Генрыху Льву, які атрымаў яшчэ ў 1142 годзе Саксонію. У якасці кампенсацыі Аўстрыя была ўзведзена ў статус герцагства.

За кошт паходаў на славян Генрыху Льву ўдалося значна пашырыць свае ўладанні і здабыць значную ўладу, што выклікала канфлікт з імператарам Фрыдрыхам. Калі Генрых Леў адмовіўся ад удзелу ў паходзе імператара ў Італію, Фрыдрых у 1180 годзе арганізаваў над ім судовы працэс. У выніку Генрых Леў пазбавіўся большасці сваіх уладанняў, раздадзеных прыхільнікам Фрыдрыха. Баварыя ў выніку дасталася пфальцграфу Атону V Вітэльсбаху, які стаў пад імем Атон I родапачынальнікам новай герцагскай дынастыі.

Баварыя пад упраўленнем дынастыі Вітэльсбахаў

Баварыя і яе суседзі ў 1378 годзе

Герцаг Атон I (пам. 1183), паходжанне якога паводле адной з версіі выводзіцца ад Луітпольдзінгаў, быў лепшым рыцарам імператара Фрыдрыха I. Якое дасталася Атону герцагства яшчэ паменшылася, з яго канчаткова была аддзелена Штырыйская марка, што атрымала статус герцагства. Аднак яго сыну Людвігу I Кельгаймскаму (пам. 1231) удалося значна пашырыць свае ўладанні. Да ўсяго іншага ў 1214 годзе пасродкам шлюбу Людвігаў атрымаў ад імператара Фрыдрыха II у лён Рэйнскі Пфальц.

Сыну Людвіга I, Атону II Найяснейшаму (пам. 1253), які быў верным прыхільнікам імператара Фрыдрыха II, прыйшлося сутыкнуцца ўнутранымі разладамі з прычыны свецкай улады біскупаў, якія імкнуліся да поўнай незалежнасці. Акрамя таго за сваю прыхільнасць да імператара ён быў адлучаны папам ад царквы.

Пасля смерці Атона II пачынаецца працэс драбнення герцагства паміж рознымі лініямі роду Вітэльсбахаў. Ужо сыны Атона II, Людвіг II Суровы (пам. 1294) і Генрых XIII (пам. 1290), якія кіравалі 2 гады сумесна, падзялілі ў 1255 годзе бацькаўскія ўладання. Людвіг II атрымаў Верхнюю Баварыю са сталіцай у Мюнхене і Рэйнскі Пфальц, а таксама тытул курфюрста, а Генрых — Ніжнюю Баварыю з галоўным горадам Ландсгутам. Акрамя таго, абодвум братам дасталася спадчына пакаранага смерцю Карлам I Анжуйскім Канрадзіна, апошняга прадстаўніка дынастыі Гогенштаўфенаў. Пасля смерці Людвіга II ад Баварыі аддзяліўся і Рэйнскі Пфальц, які дастаўся Рудольфу I з тытулам курфюрста. Верхняя Баварыя дасталася іншаму сыну, Людвігу IV (1282—1347), выбранаму ў 1314 годзе каралём Германіі, а ў 1328 годзе каранаваным як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Раздзел Баварскага герцагства ў 1392 г.

Людвігу ўдалося значна пашырыць уладанні свайго дому. У 1329 годзе ён заключыў з сынамі свайго брата паасобны дагавор у Павіі, паводле якога апошнім былі перададзены Рэйнскі Пфальц і Верхні Пфальц. Паводле дагавора абодва бакі пазбаўляліся права адчужэнні сваіх уладанняў і ўспадкоўвання па жаночай лініі, тады як тытул курфюрста павінен быў належаць абедзвюм лініям па чарзе. Аднак апошняя пастанова была адменена Залатой булай (1356), якая надала курфюрсцкую годнасць Пфальцскаму дому. Пасля згасання ніжнебаварскай лініі Вітэльсбахаў у 1340 годзе Людвіг ізноў аб’яднаў Баварыю. Праз шлюб з Маргарытай II д’Авен ён набыў графствы Галандыя, Зеландыя і Эно (Генегау). Акрамя таго ён набыў маркграфства Брандэнбург, перададзенае старэйшаму сыну Людвігу V, які праз шлюб атрымаў таксама графства Ціроль. Людвігу Баварыя абавязана таксама шматлікімі паляпшэннямі ў парадку ўнутранага кіравання. Ён дараваў Мюнхену гарадское права, выдаў грамадзянскае ўлажэнне для Верхняй Баварыі і новыя законы для Ніжняй Баварыі.

Людвіг пакінуў пасля сябе шэсць сыноў і багатую спадчыну. Першапачаткова Баварыя знаходзілася пад сумесным кіраваннем братоў, але ў 1349 годзе ўладанні пачалі драбніцца. Першапачаткова Баварыя зноў была падзелена на Верхнюю і Ніжнюю. У 1353 годзе Ніжняя Баварыя была падзелена на Ландсгут-Баварскае і Баварска-Штраўбінгскае герцагствы. Пасля смерці ў 1363 годзе Майнгарда, сына Людвіга V, Верхняя Баварыя была падзелена паміж Ландсгут-Баварскім і Баварска-Штраўбінгскім герцагствамі. У 1392 годзе з Ландсгут-Баварскага герцагства былі вылучаны Баварска-Інгальштацкае і Баварска-Мюнхенскае герцагствы. Акрамя таго, паступова былі страчаны Ціроль, Брандэнбург, Галандыя, Зеландыя і Эно.

Германскія дзяржавы ў 1648 годзе

Пасля згасання розных ліній роду пачынаўся перадзел уладанняў і спрэчкі, якія часта перарасталі ў ваенныя канфлікты. У 1432 годзе тэрыторыя Баварска-Штраўбінгскага герцагства была падзелена паміж Баварска-Інгальштацкім, Ландсгут-Баварскім і Баварска-Мюнхенскім герцагствамі. У 1447 годзе Баварска-Інгальштацкае герцагства далучана да Ландсгут-Баварскага герцагства. У 1467 з Баварска-Мюнхенскага герцагства было вылучана Дахау-Баварскае герцагства для герцага Сігізмунда, але пасля яго смерці ў 1501 годзе яно было зноў далучана да Баварска-Мюнхенскага герцагства. А ў 1503 годзе Ландсгут-Баварскае герцагства было далучана да герцагства Баварска-Мюнхенскаму.

К 1505 году Баварыя была аб’яднана герцагам Альбрэхтам IV Мудрым з Мюнхенскай лініі. Усведамляючы ўсю шкоду існуючага дагэтуль драбнення на ўдзелы, дамогся ад іх прызнання адзінства і непадзельнасці дзяржавы і парадку пераходу ў спадчыну прастола па праве першародства. З трох яго сыноў, Вільгельма IV, Людвіга X і Эрнста, яго спадчыннікам мусіў стаць адзін толькі Вільгельм.

Але пасля смерці Альбрэхта ў 1508 годзе пачаліся новыя звады, якія прывялі да сумеснага кіравання Вільгельма (пам. 1550) і Людвіга (пам. 1545). Яны абодва аказалі рэфармацыі, якая знайшла шматлікіх прыхільнікаў і ў Баварыі, самае рашучае процідзеянне і ў 1541 годзе прызвалі ў краіну езуітаў. Пасля смерці Людвіга Баварыя зноў была аб’яднана ў руках Вільгельма. Яго сын, Альбрэхт V Вялікадушны таксама садзейнічаў місіі езуітаў, а таксама быў заступнікам навук і мастацтваў. З трох яго сыноў яго спадчыннікам у 1579 годзе стаў Вільгельм V Набожны, якога ў 1597 годзе сойм вымусіў перадаць кіраванне свайму старэйшаму сыну Максіміліяну I і сысці ў манастыр.

Максіміліян I, адораны многімі здольнасцямі, быў лідарам лігі, якая ўтварылася супраць пратэстанцкай Уніі. Падчас Трыццацігадовай вайны імператар Фердынанд II дараваў яму ў 1623 годзе Пфальцскае курфюрства і ў якасці закладу на ваенныя выдаткі перадаў яму Верхні Пфальц. Вестфальскі мір замацаваў за Максіміліянам I тытул курфюрста і валоданне Верхнім Пфальцам, разам з тым заснавана было восьмае курфюрства для Пфальцскай лініі і за ёю зацверджана права спадчыны на Баварыю ў выпадку згасання роду Вільгельма. Такім чынам Баварскае герцагства было ператворана ў курфюрства.

Гл. таксама

Зноскі

    Літаратура

    • Балакин В. Д. Творцы Священной Римской империи. м: Молодая гвардия, 2004. — 356 с. — (Жизнь замечательных людей: Серия биографий; Вып. 1095 (895)). 5 000 экз. — ISBN 5-235-02660-8.
    • Бульст-Тиле Мария Луиза, Йордан Карл, Флекенштейн Йозеф. Священная Римская империя: эпоха становления / Пер. с нем. Дробинской К.Л., Неборской Л.Н. под редакцией Ермаченко И.О. СПб.: Евразия, 2008. — 480 с. 1 000 экз. — ISBN 978-5-8071-310-9.
    • Хёфер М.. Император Генрих II / Перевод с немецкого М. В. Васиной. м: АСТ: АСТ МОСКВА: Транзиткнига, 2006. — 285, [3] с. — (Историческая библиотека). 4 000 экз. — ISBN 5-17-029686-X.
    • Егер О.. Всемирная история: в 4 томах. СПб.: Специальная литература, 1997. — Т. 2: Средние века. — 690 с. 5 000 экз. — ISBN 5-87685-085-3.

    Спасылкі

    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.