Бабінец — пярэдняя частка культавага збудавання, прызначаная для жанчын, з’яўляўся часткаю асноўнага аб’ёму пад хорамі. Часам бабінцам называлі прыбудову да храма з боку галоўнага фасаду, над якой узводзілі званіцу — крухту.
На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культавых пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага раёнаў Гродзенскай вобласці, касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, Ішкалдзь Баранавіцкага pаёна) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага раёнаў Брэсцкай вобласці).
Гл. таксама
Літаратура
- Якимович, Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в. — Минск, 1991.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8