Бабруйская кераміка — ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйска. Промысел вядомы з даўніх часоў. У канцы XIX — пачатку XX ст. у Бабруйску працавала каля 60 майстроў. Выраблялі дымлёныя (т. зв. сінія), а з 1930-х гг. паліваныя рэчы. Рабілі посуд: гаршкі, збаны, гладышы, глякі, слаі, формы, міскі, макатры, вазоны, талеркі, букетнікі, вугольнікі (4 гаршчочкі, злучаныя разам і змацаваныя ручкай) і інш. Выраблялі таксама дробную пластыку (бараноў, ільвоў, мядзведзяў), цацкі. Гаршкі, міскі, макатры, вазоны былі 5 памераў, кожны з якіх меў сваю назву: вярэйка (гаршчок каля 4 л), абеднік (2 л), укладыш большы (1 л) і інш. Своеасаблівасць мастацкага выгляду керамікі вызначалі мясцовая сыравіна, майстэрства рамеснікаў, тэхналагічны ўзровень вытворчасці, традыцыі. Бабруйскую кераміку вылучаюць своеасаблівыя прапорцыі, спалучэнне бясколернай палівы з багатым каларытам светла-чырвоных глін, сціплае дэкарыраванне абводкамі і штампікамі, асаблівасці ў канструкцыі накрывак і ручак.
У 1989 годзе ў Бабруйску працаваў цэх мастацкай керамікі аб’яднання «Беларуская мастацкая кераміка», створаны на базе ганчарных рамесных майстэрняў.
Літаратура
- Бабруйская кераміка // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с. — ISBN 5-85700-014-9.