Анатоль Васільевіч Багатыроў | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 31 ліпеня (13 жніўня) 1913 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 19 верасня 2003 (90 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Педагог | Васіль Андрэевіч Залатароў |
Прафесіі | кампазітар, музычны педагог, спявак |
Жанры | опера, сімфонія |
Выхаванцы | Эдуард Барысавіч Зарыцкі, Эдзі Тырманд[2] і Галіна Канстанцінаўна Гарэлава |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі |
|
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Анато́ль Васі́льевіч Багатыро́ў (13 жніўня 1913, Віцебск — 13 верасня 2003, Мінск) — беларускі савецкі кампазітар , педагог і грамадскі дзеяч[3]. Заслужаны артыст Беларусі (1940). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі(1944). Прафесар (1960). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1969). Народны артыст РСФСР (1981). Народны артыст БССР (1968)[4]. Лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1941). Ганаровы грамадзянін Віцебска (2002).[5]
Біяграфія
Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара В. А. Залатарова ў 1937[3]. З 1948 года выкладчык кампазіцыі ў Беларускай акадэміі музыкі[3], у 1948—1962 гады яе рэктар[3]. У 1938—1949 гадах старшыня праўлення СК БССР[3]. Дэпутат ВС БССР (1938—1959)[3].
А. В. Багатыроў памёр 19 верасня 2003 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Творчасць
Належаў да першага пакалення беларускіх кампазітараў, творчасць якіх фарміравалася ў рэчышчы савецкага музычнага мастацтва. Кампазітарскаму мысленню Багатырова ўласцівыя шырокі дыяпазон вобразнага мыслення, схільнасць да ўвасаблення глыбока жыццёвых канцэпцый, дэмакратычная накіраванасць[3].
Тэмы сучаснасці, гуманістычнай ідэі ўвасоблены ў музыцы Багатырова яснай, пераканаўчай музычнай мовай, заснаванай на беларускай народнай песеннасці. Нацыянальныя рысы выяўляюцца ў мэласе, рытміцы, ладавых формах. Музыкальная тканіна твораў звычайна прасякнута развітымі меладычнымі ўтварэннямі, якія фарміруюць поліфанізаваную фактуру. Для твораў характэрна працяглае дынамічнае развіццё тэматычнага матэрыялу, вытокі якога знаходзяцца ў фальклорных жанрах (балада, жніўныя песні і інш.).
Анатоль Багатыроў — адзін з заснавальнікаў нацыянальнай беларускай оперы[3]. Ён значна ўзбагаціў жанры кантаты, хору а капэла, раманса ў беларускай музыцы[3]. Багатырова лічаць заснавальнікам беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы[6].
На словы Тараса Шаўчэнкі напісаў змяшаны хор без суправаджэння «Сонца заходзіць» (1964), цыкл рамансаў для голасу з фартэпіяна «Пастаўлю хату» (1961), «І шырокую даліну», «Агні гараць», «Ад сяла да сяла» (з паэмы «Гайдамакі»), «Вішнёвы садок каля дома» — усё на ўкраінскія тэксты (1964)[7].
Творчай манеры ўласцівая эпічнасць выказвання. Узнёслая філасофская лірыка, псіхалагічная паглыбленасць характэрныя для камерна-інструментальнай і камерна-вакальнай творчасці Багатырова. Хорам і апрацоўкам народных песень уласцівая выразная кантылена, заснаваная на народна-песенных прынцыпах развіцця[4].
Асноўныя творы
Сярод твораў А. В. Багатырова вялікая колькасць сачыненняў у розных жанрах[3]:
Оперы
- «У пушчах Палесся» — па аповесці «Дрыгва» Я. Коласа, пастаноўка 1939
- «Надзея Дурава» (1946), пастаноўка Ансамблем савецкай оперы Усерасійскага тэатральнага таварыства (1947)
Для салістаў, хору і сімфанічнага аркестра
Араторыя «Бітва за Беларусь»
кантаты:
- «Казка пра Мядзведзіху» на вершы А. С. Пушкіна (1937)
- «Беларускім партызанам» на вершы Я. Купалы (1942)
- «Беларусь» на вершы Я. Купалы, П. Броўкі, П. Труса (1949)
- «Ленінградцы» на вершы Джамбула Джабаева (1942)
- «Беларускія песні» словы народныя і Ніла Гілевіча (1967). Дзяржаўная прэмія БССР (1969)
- «Малюнкі роднага краю»
- «Юбілейная»
Камерна-інструментальныя творы
- Фартэпіянныя трыо (1943)
- Саната для скрыпкі і фартэпіяна (1946), віяланчэлі і фартэпіяна (1951), фартэпіяна (1958)
- 2 сімфоніі,
- канцэрт для віяланчэлі з аркестрам,
- канцэрт для кантрабаса з аркестрам,
- п’есы для віяланчэлі, фартэпіяна,
- харавыя творы,
- вакальныя цыклы на вершы У. Шэкспіра, Я. Купалы, Г. Ахматавай, М. Лермантава, М. Багдановіча, А. Куляшова, П. Броўкі, А. Пушкіна[3],
- музыка да драматычных спектакляў, у тым ліку да драмы М. Лермантава «Маскарад»,
- каля 100 харавых і вакальных апрацовак беларускіх народных песень.
Вучні
А. Багатыроў — буйны педагог, які на працягу больш чым 50 гадоў вёў клас кампазіцыі ў Беларускай Акадэміі музыкі. Ён выхаваў цэлую плеяду беларускіх кампазітараў. Сярод вучняў А. Багатырова — народныя артысты СССР, народныя артысты Рэспублікі Беларусь, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі лаўрэаты Дзяржаўных прэмій, лаўрэаты ўсесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў — Я. Глебаў, І. Лучанок, Г. Вагнер, Ю. Семяняка, Д. Смольскі, С. Картэс, А. Мдзівані, Р. Сурус, Э. Тырманд, У. Буднік, В. Войцік, У. Солтан, Л. Захлеўны, М. Літвін, Э. Казачкоў, А. Хадоска, П. Альхімовіч, Л. Мурашка і іншыя[8].
Анатоль Багатыроў і Янка Купала
А. Багатароў пазнаёміўся з Я. Купалам у снежні 1934 года на вечарыне-канцэрце беларускай музыкі ў Доме пісьменнікаў. Купала зацікавіўся аўтарскім выкананнем на фартэпіяна «Варыяцый» на тэму беларускай народнай песні і запрасіў кампазітара дамоў. На тэксты вершаў «Восень» і «Сонцу», якія Купала падараваў пад час сустрэчы, А. Багатыроў напісаў рамансы. Наведваў дом Купалы, сустракаўся з ім у Доме пісьменнікаў і на творчых вечарынах. У дакладзе «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя» на сесіі АН БССР за некалькі месяцаў да сваёй гібелі (Казань, 12 сакавіка 1942 года) Купала гаварыў пра майстэрства Багатырова ў апрацоўцы народнай музыкі і поспех яго оперы «У пушчах Палесся». Напісаў шматлікія хоры на вершы Я. Купалы. Аўтар успамінаў пра Купалу (часопіс «Полымя», 1982, № 6)[9].
Узнагароды
- Сталінская прэмія другой ступені (1941) — за оперу «У пушчах Палесся» (1939)
- Дзяржаўная прэмія БССР
- Народны артыст РСФСР (1981)
- Народны артыст БССР (1968)
- Ордэн Францыска Скарыны
- Ордэн Леніна
- 3 ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Ордэн «Знак Пашаны»
- Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
- Ордэн Дружбы народаў
- Медаль Францыска Скарыны
- Многія іншыя ўзнагароды
Зноскі
- ↑ Богатырёв Анатолий Васильевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Богатырёв Анатолий Васильевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 62. — 737 с.
- 1 2 Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 1. — Мн., БелСЭ, 1984. — Артыкул «Багатыроў». — C. 253.
- ↑ Кампазітар Анатоль Багатыроў узнагароджаны дыпломам Ганаровага грамадзяніна Віцебска(недаступная спасылка). БелаПАН. Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2020. Праверана 11 мая 2012 года.
- ↑ Портал Беларусь Сегодня | panorama — Анатолий Васильевич Богатырёв(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Шевченківський словник: У двох томах / Інститут літератури імені Т. Г. Шевченка Академії Наук УРСР. — К.: Головна редакція УРЕ, 1978.
- ↑ Анатоль Васільевіч БАГАТЫРОЎ на hor.by
- ↑ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Багатыроў». — C. 57.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 1: А капэла — Габелен / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984.
Спасылкі
- Лічыў Леніна і Сталіна псыхічна хворымі. 20 нечаканых фактаў пра Анатоля Багатырова // сайт «Наша Ніва» 17 жніўня 2019
- Анатоль Васільевіч БАГАТЫРОЎ на hor.by
- Да 100-годдзя народнага артыста Беларусі Анатоля Багатырова
- Аўдыёзапісы А. Багатырова
- Багатыроў Анатоль Васільевіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»