Аўгуст Аляксандр Чартарыйскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
August Aleksander Czartoryski | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ян Станіслаў Ябланоўскі | ||||||
Пераемнік | Станіслаў Шчэнсны Патоцкі | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
9 лістапада 1697[1][2] |
||||||
Смерць |
4 красавіка 1782[2] (84 гады) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Чартарыйскія | ||||||
Бацька | Казімір Чартарыйскі | ||||||
Маці | Ізабэля Альжбета Морштын | ||||||
Жонка | Марыя Сафія Сяняўская | ||||||
Дзеці | Альжбета Ізабэля, Адам Казімір, Станіслаў | ||||||
Веравызнанне | Каталіцкая Царква | ||||||
Партыя | |||||||
Дзейнасць | палітык, ваенны | ||||||
Званне | генерал | ||||||
Узнагароды |
|
||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Князь Аўгуст Аляксандр Чартарыйскі (польск.: August Aleksander Czartoryski, 9 лістапада 1697 — 4 красавіка 1782) — буйны палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, генерал-маёр каронных войскаў (1729), ваявода рускі (1731—1782), генеральны староста зямлі падольскай (1750—1758), староста варшаўскі, касцежынскі, любохенскі, калушскі і ванвольніцкі.
Біяграфія
Прадстаўнік магнацкага роду Чартарыйскіх герба «Пагоня». Нарадзіўся ў Варшаве. Другі сын падканцлера літоўскага і кашталяна віленскага князя Казіміра Чартарыйскага (1674—1741) і Ізабэлі Альжбеты Морштын (1671—1756), дачкі Яна Анджэя Морштына. Старэйшым братам Аўгуста Аляксандра быў Міхал Фрыдэрык, будучы канцлер вялікі літоўскі. Ён атрымаў добрую адукацыю, валодаў французскай мовай. У 1713 годзе быў пасланы разам са старэйшым братам у Еўропу, аб'ездзіў землі Германіі, Францыі і Італіі, і ў выніку асеў на Мальце ў іаанітаў. Затым ён пайшоў на службу ў аўстрыйскі флот і ўдзельнічаў у кампаніях супраць туркаў. У аўстрыйцаў Аўгуст Аляксандр даслужыўся да палкоўніка, але ў 1720 вырашыў вярнуцца на радзіму.
У 1729 Аўгуст Аляксандр атрымаў пад камандаванне полк гвардыі пешай кароннай, а потым стаў генерал-маёрам. У 1730 ён удзельнічаў у сумесных манеўрах польскіх і саксонскіх войскаў, уладкаваных каралём Аўгустам Моцным, а 23 ліпеня 1731 быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла.
У ліпені 1731 таксама завяршыліся поспехам шматгадовыя старанні Аўгуста Аляксандра дамагчыся рукі ўдавы Станіслава Эрнэста Дэнгафа — Марыі Сафіі, якая адбывалася з шляхетнага роду Сяняўскіх. У выніку гэтага шлюбу Аўгуст Аляксандр Чартарыйскі стаў уладальнікам вялізнай спадчыны, грунтуючыся на якой ён здолеў стаць сур'ёзнай палітычнай фігурай. Марыя Сафія прынесла мужу ў якасці пасагу Сяняву, Пулавы, Мендзыжэц-Падляскі, землі ля Вілянаўскага палаца, Стоўбцы. Шлюб гэты таксама прывёў да развіцця Каньскаволі, якая таксама была ў пасагу Марыі Сафіі — Аўгуст Аляксандр перасяліў сюды 300 ткачоў з Саксоніі, заклаўшы асновы мясцовай тэкстыльнай прамысловасці. У тым жа годзе, 11 верасня Аўгуст Аляксандр Чартарыйскі стаў ваяводам рускім.
Калі пасля смерці ў 1733 Аўгуста Моцнага прыйшлося выбіраць новага караля, Аўгуст Аляксандр падтрымаў Станіслава Ляшчынскага. У наступным годзе ён перайшоў на бок саксонскага прэтэндэнта Фрыдрыха Аўгуста, за што той узнагародзіў Чартарыйскага саксонскім ордэнам святога Губерта.
У наступныя гады Аўгуст Аляксандр працягваў умацоўваць эканамічную магутнасць свайго роду, а таксама стаў адным з заснавальнікаў «Фаміліі». Свайго сына Адама Казіміра Аўгуст Аляксандр рыхтаваў да ролі будучага караля Польшчы, аднак у выніку міжкаралеўя 1763-1764 гадоў на трон сеў не ён, а Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Будучы прыхільнікам Расіі, Аўгуст Аляксандр атрымліваў ад расійскага пасольства штомесячны пенсіён у 54 тысячы злотых. 24 ліпеня 1747 года ён стаў кавалерам ордэна Андрэя Першазванага.
У 1772 годзе Першы падзел Рэчы Паспалітай прывёў да таго, што валоданні Чартарыйскага апынуліся на тэрыторыях некалькіх дзяржаў, і Шклоў, які прыносіў 300 тысяч злотых гадавога даходу, быў канфіскаваны расійскімі ўладамі.
Апошнім удзелам Аўгуст Аляксандра ў палітыцы былі зробленыя ў 1774 і 1776 гадах прапановы польскай кароны аўстрыйскаму эрцгерцагу Максіміліяну.
Пасля смерці Аўгуста Аляксандра яго палітычная спадчына — «Фамілія» — дасталася Станіславу Любамірскаму і Ігнацыю Патоцкаму, а эканамічнае, якое ацэньвалася ў 100 мільёнаў злотых — сыну Адаму (60 мільёнаў) і дачцэ Альжбеце Ізабэлі.
Сям'я і дзеці
Аўгуст Аляксандр Чартарыйскі ажаніўся ў 1731 годзе з Марыяй Сафіяй Сяняўскай (1698—1771), дачкой гетмана вялікага кароннага Адама Мікалая Сяняўскага (1666—1726) і Альжбеты Алены з Любамірскіх (1669/1670—1729). Іх дзеці:
- Альжбета Ізабэля (1733—1816), выйшла замуж за маршалка вялікага кароннага Станіслава Любамірскага (1722—1783)
- Адам Казімір (1734—1823);
- Станіслаў (1740—1747)
Зноскі
- ↑ Aleksander August Czartoryski // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- 1 2 August Aleksander Czartoryski // Proleksis enciklopedija, Opća i nacionalna enciklopedija — 2009.
Спасылкі
- Генеалогія Чартарыйскіх Архівавана 10 сакавіка 2014.