Ашмянскае ўзвышша (літ.: Ašmenos aukštuma), Ашмянскія грады — заходняя частка Беларускай грады, марэннае ўзвышша ў Беларусі і Літве.

Геаграфія

Ашмянскае ўзвышша (2001)
Ашмянскае ўзвышша (1977)

Ашмянскае ўзвышша працягнулася паміж Маладзечнам і Вільнюсам, з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 110 км, з поўначы на поўдзень на 30-40 км, плошча 3,2 тыс. км². Найвышэйшы пункт узвышша — гара Мілідаўская (320 м над узроўнем мора) каля вёскі Мілідаўшчына Смаргонскага раёна).

У сучаснай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі Ашмянскае ўзвышша адносіцца да Цэнтральнай акругі Беларускай грады Заходне-Беларускай правінцыі[1]. Займае частку Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага раёнаў Гродзенскай вобласці, Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў Мінскай вобласці. На поўначы і паўночным усходзе мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай, на ўсходзе — з Мінскім узвышшам, на паўднёвым захадзе — з Верхнянёманскай нізінай, на паўночным захадзе — з Лідскай раўнінай. Усходнюю частку — Валожынскае ўзвышша, — якое адчляняецца далінай Бярэзіны, некаторыя даследчыкі адносяць да Мінскага ўзвышша.

На тэрыторыі Літвы выдзяляюцца 3 геамарфалагічныя падраёны: Мядзінінскае ўзвышша, Баравікінскае або Буйвідзкае ўзвышша і Дзевянішская раўніна[2].

Геалогія

У тэктанічных адносінах узвышша прыеркавана да Валожынскага грабена Беларускай антэклізы.

Верхнепратэразойскія (вендскі комплекс), палеазойскія (кембрыйскія, ардовікскія, сілурыйскія, дэвонскія), мезазойскія (мелавыя) пароды агульнай магутнасцю 300—500 м перакрыты антрапагенавымі адкладамі беларускага, бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў агульнай магутнасцю больш за 120 м, месцамі да 230 м. У пахаваным пад антрапагенавымі адкладамі рэльефе адзанчаюцца лакальныя ўзвышэнні 80—100 м над узроўнем мора, падзеленыя ледавіковымі лагчынамі выворвання і размыву, днішчы якіх часам апушчаныя на 12 м і ніжэй узроўню мора. Утварэнне іх звязана з дзейнасцю беларускага і бярэзінскага ледавікоў. Да пачатку дняпроўскага зледзянення лагчыны былі запоўнены асадкамі да 60—70 м над узроўнем мора.

Ашмянскае ўзвышша ўяўляе сабой магутныя канцова-марэнныя ўтварэнні складанай будовы. Найбольш пашыраныя адклады: пяскі, пясчана-жвіровы і валунна-галечны матэрыял, валунныя супескі, трапляюцца суглінкі і алеўрыты.

Канчаткова Ашмянскае ўзвышша сфарміравалася ў час сожскага зледзянення. У апошняе паазерскае зледзяненне ўзвышша, размешчанае ў непасрэднай блізасці ад краю ледавіка, апынулася пад уплывам выветрывання, саліфлюкцыі і эразійных працэсаў. У выніку ўскладненага сцёку расталых ледавіковых водаў на поўнач ад узвышша ўтварылася мелкаводнае возера, і паўночна-заходні схіл быў парэзаны шматлікімі дробнымі вадасцёкамі, якія ўпадалі ў гэта возера. У галацэне на ўзвышшы працягваліся эразійныя працэсы.

Рэльеф

Ашмянскае ўзвышша на поўнач ад в. Лоск, Валожынскі раён

Над суседнімі нізінамі паверхня ўзвышаецца на 75-100 м. У рэльефе ўзвышша вылучаецца пяць град, выцягнутых у выглядзе дуг (кожная града шырынёй ад 1—1,5 да 5—7 км), што чаргуюцца з глыбокімі (з0-50 м, месцамі да 100 м) паніжэннямі. Грады маюць характэрнае кулісападобнае размяшчэнне і падкрэсліваюць становішча краю ледавіковай лопасці. Структура іх складкава-глыбавая. Шырокае развіццё атрымалі гляцыядыслакацыі, што ўзніклі ў выніку шматразовага паслядоўнага нагрувашчвання, выціскання і змінання раней сфарміраваных утварэнняў.

Найбольшыя ваганні вышынь на ўчастку АшмяныЖупраны, дзе глыбіня расчлянення склалае 40-50 м/км², на астатняй тэрыторыі да 20 м/км². Міжградавыя паніжэнні запоўнены паазерскімі даліннымі зандрамі і забалочанымі азёрна-алювіяльнымі раўнінамі. Значную частку займаюць скразныя даліны: Заходняя Бярэзіна на ўчастку ГародзькіСакаўшчына, дзе рака праразае знешнюю граду ўзвышша; Альшанка на ўчастку Ашмяны—Солы, дзе праразаецца ўнутраны градападобны пояс узвышша. Вярхоўі далін Ашмянкі і Альшанкі злучаюцца месцамі затарфаванай далінай прарыву шырынёй 11 км, утворанай у перыяд спуску невялікага азёрнага басейна, прымеркаванага да міжградавага паніжэння.

На Ашмянскім узвышшы трапаляюцца флювія- і лімнакамы. Паасобныя камавыя узгоркі сустракаюцца на паўднёвы захад ад Астраўца, на паўночны захад ад Ашмян і на поўдзень ад Маладзечна. Озы прымеркаваны да міжградавых паніжэнняў (Семернікі, Баруны, Вішнева).

У даліне ракі Ашмянка вылучаецца 1-я надпоймавая тэраса вышынёй 3-5 м і вузкія ўчасткі позналедавіковай 2-й надпоймавай тэрасы вышынёй 6-9 м. У далінах рэк на стромкіх схілах утварыліся неглыбокія (да 3 м) і адносна кароткія (да 0,5 км) яры, якія ў межах узвышша займаюць невялікую плошчу (1,5 км²).

Гідраграфія

Рака Ашмянка.

Рэкі, якія працякаюць у межах узвышша, адносяцца да басейна Нёмана. Найбольшыя з іх Заходняя Бярэзіна (з прытокам Альшанка), на поўначы Ашмянка (з прытокам Лоша), на поўдні Клява (прыток Гаўі).

Глебы і расліннасць

Глебавае покрыва складанае, залежыць ад абсалютнай вышыні мясцовасці. У верхняй частцы ўзвышша пераважаюць дзярнова-падзолістыя моцна- і сярэднеападзоленыя моцнаэрадзіраваныя глебы на лёгкіх завалуненых марэнных суглінках і жарсцвяна-жвіровых супесках, падасланых марэннымі суглінкамі. Паніжэнні заняты больш урадлівымі дзярнова-падзолістымі моцна- і сярэднеападзоленымі глебамі, месцамі эрадзіраванымі, на лёгкіх лёсападобных суглінках, падасланых марэннымі суглінкамі, іншы раз пяскамі. На водналедавіковых нізінах фарміруюцца дзярнова-падзолістыя сярэднеападзоленыя слабаэрадзіраваныя глебы на водна-ледавіковых лёгкіх слабазавалуненых суглінках, месцамі на супесках. У поймах рэк поймавыя (алювіяльныя), у міжгардавых паніжэннях і на месцы былых азёр — тарфяна-балотныя глебы.

Разарана каля 30 % тэрыторыі, пад лясамі больш за 35 % узвышша, хмызнякі — 4%. Лясныя масівы трапляюцца невялікімі ўчасткамі, найбольшы на захадзе — урочышча Растоўшчына (каля 500 га). На схілах хваёвыя (імшысты, верасовы, чарнічны тып) і яловыя зеленамошныя, трапляюцца бярозава-асінавыя, у паніжэннях альховыя лясы. Натуральныя лясныя масівы чаргуюцца з маладымі лесапасадкамі на пясчаных глебах. На лугах (займаюць каля 25 % тэрыторыі) пашыраны злакава-разнатраўныя, разнатраўныя, бабовыя і дробнаасаковыя асацыяцыі.

Славутасці

Ашмянскае ўзвышша вызначаецца маляўнічымі краявідамі, асабліва прыгожымі каля Кушлян Ашмянскага раёна, дзе пабудаваў сабе дом і жыў беларускі паэт Францішак Багушэвіч.

Зноскі

  1. Фізіка-геаграфічнае раянаванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 18. Кн. 2. — С. 76—81. — ISBN 985-11-0295-4.
  2. Lietuvos geomorfologinės sritys ir rajonai — vle.lt

Літаратура

  • Ошмянская возвышеность // Природа Белоруссии: Популярная энциклопедия / Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 95. — ISBN 5-85700-001-7. Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2013. (руск.)
  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 45.
  • Ошмянская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9 (руск.)

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.