Ацяпле́нне — сістэма для абагравання памяшканняў у халодны перыяд года з мэтай кампенсацыі страт цеплаты і падтрымання тэмпературы на пэўным зададзеным узроўні. Складаецца з крыніцы цеплаты, цеплаправодаў і ацяпляльных прылад.

Бывае мясцовае (пячное ацяпленне, электрычнае ацяпленне, газавае ацяпленне і інш.) і цэнтральнае (вадзяное ацяпленне, паравое ацяпленне, паветранае ацяпленне, панэльнае ацяпленне, прамянёвае ацяпленне і інш.). Пры мясцовым ацяпленні крыніцы цяпла знаходзяцца ў памяшканнях, якія ацяпляюць; пры цэнтральным у памяшканні размяшчаюць ацяпляльныя прылады, а цепланосьбіты падаюцца з цэнтральнай крыніцы, напрыклад, цеплаэлектрацэнтралі. Цэнтральнае ацяпленне бывае і ў аднакватэрным доме, тады вадагрэйны кацёл размяшчаюць у дапаможным памяшканні або на кухні.

Цеплавая магутнасць установак разлічваецца залежна ад прызначэння памяшкання і сярэдняй вонкавай тэмпературы самай халоднай пяцідзёнкі ў пэўнай мясцовасці (для Мінска −24 °C). Жылыя памяшканні павінны мець тэмпературу 18 °C, глядзельныя залы — 16 °C і інш. У вытворчых памяшканнях прамысловых прадпрыемстваў пры пастаянным цеплавыдзяленні ад тэхналагічнага абсталявання магутнасць ацяпляльнай устаноўкі адпаведна зменшана.

Гл. таксама

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.