Афрыка (лац.: Africa Proconsularis, Africa Vetus) — правінцыя Старажытнага Рыма з цэнтрам ва Утыцы, якая займала тэрыторыю сучаснага паўночнага Туніса і міжземнаморскае ўзбярэжжа сучаснай заходняй Лівіі ўздоўж заліва Малы Сірт[1].
Гісторыя
Пра гісторыю Паўночнай Афрыкі да рымскага заваявання гл.: Дагістарычная Паўночная Афрыка
Першыя полісы на тэрыторыі будучай правінцыі Афрыка, такія як Утыка, Карфаген, Тапс, Гадрумет былі заснаваны фінікійскімі перасяленцамі ў XI—IX ст. да н.э. Да VI ст. да н.э. дамінуючую ролю ў гэтым рэгіёне стаў адагрываць Карфаген, які падпарадкаваў свайму ўплыву міжземнаморскае ўзбярэжжа Афрыкі ад Лівіі да Геркулесавых слупоў, амаль усю Іспанію, а таксама кантраляваў імпарт волава з Брытаніі. У пачатку V ст. да н.э. інтарэсы рымлян і карфагенян перасекліся ў спрэчцы за валоданне Сіцыліяй. У чарадзе войнаў карфагеняне былі спачатку выцеснены з вострава, а затым у 146 да н.э. у выніку Трэцяй Пунічнай Вайны Карфаген быў канчаткова разгромлены, а яго сцены зрыты. На ўрадлівых землях, якія акружалі руіны Карфагена, была арганізавана рымская правінцыя Афрыка, якая кіравалася праконсулам з Утыкі. Астатняя частка афрыканскіх уладанняў Карфагена адышла да саюзніка Рыма нумідыйскага цара Масініса. У 118 да н.э. на мяжы з правінцыяй, у Нумідыі, разгарэлася грамадзянская вайна. Умяшанне Рыма прывяло да зацяжной Югурцінскай вайны, якая скончылася ў 105 да н.э. паланеннем завадатая вайны, нумідыйскага цара Югурты.
Падчас грамадзянскай вайны паміж Цэзарам і Пампеем на тэрыторыі Афрыкі былі разбіты адзін з апошніх апор рэспубліканцаў. Аблога Утыкі і смерць Катона Малодшага неаднаразова апявалася ў рымскай літаратуры.
У 18 г. н.э. нумідыец Такфарынат, які служыў у дапаможных падраздзяленнях рымскай войска, бег у племя мусуламіяў, дзе набраў войска, і арганізаваўшы яго па рымскім узоры, увайшоў у саюз з маўрэтанцамі і кініфіямі і пачаў разбойніцкія набегі на гарады правінцыі. Неаднаразова рымскія палкаводцы (у 18 — Фурый Каміл, у 20 — Луцый Апроній, у 22 — Квінт Юній Блез) атрымлівалі перамогі над Такфарынатам, але ён непазбежна адыходзіў у пустыню, дзе збіраў сваіх прыхільнікаў і зноў прыступаў да ваенных дзеянняў. У 24 Публій Карнелій Далабела змог акружыць варожае войска каля Аўзеі. Калі зыход бітвы стаў зразумелы, Такфарынат кінуўся на свой меч.
Некаторыя рэформы правінцый праводзіліся пры Аўгусце і пры Калігуле, але толькі пры Клаўдзіі тэрытарыяльны падзел Рымскай імперыі быў зацверджаны канчаткова. Афрыка стала сенацкай правінцыяй. Пасля адміністрацыйнай рэформы Дыяклетыяна яна была падзелена на дзве правінцыі: паўночная частка — лац.: Africa Zeugitana (якая захавала назву лац.: Africa Proconsularis і кіравалася праконсулам) і лац.: Africa Byzacena — паўднёвая частка.
Гэты рэгіён заставаўся пад уладай Рымскай імперыі аж да Вялікага перасялення народаў у V ст. У 429 вандалы пераправіліся ў Паўночную афрыку з Іспаніі і да 439 заснавалі сваё каралеўства, якое, акрамя Афрыкі, уключала яшчэ Сіцылію, Корсіку, Сардзінію і Балеарскія астравы. У Каралеўстве Вандалаў ролю эліты адыгрывалі воіны, якія выразна аддзялялі сябе ад мясцовага рамана-афрыканскага насельніцтва, уразаючы апошняе ў правах. Да канца V ст. Каралеўства Вандалаў прыйшло ў заняпад, і большую частку яго тэрыторыі занялі маўры і іншыя плямёны пустыні.
У 533 годзе візантыйскі імператар Юстыніян Вялікі, выкарыстоўваючы дынастычныя спрэчкі вандалаў як падставу, пасылае армію пад камандаваннем Велізарыя ў Афрыку. У выніку кароткай кампаніі Велізарый перамог вандалаў, з трыумфам увайшоў у Карфаген і аднавіў імператарскую ўладу ў правінцыі. Візантыйская адміністрацыя паспяхова супрацьстаяла нападам пустынных плямёнаў, і, пасродкам будаўніцтва шырокай сеткі ўмацаванняў, падтрымлівала сваю ўладу ўнутры правінцыі. Паўночнаафрыканскія правінцыі разам з уладаннямі Візантыі ў Іспаніі былі ператвораны імператарам Маўрыкіем у Афрыканскі экзархат.
Экзархат знаходзіўся на вяршыні магутнасці і, калі да ўлады ў Канстанцінопалі прыйшоў узурпатар Фока, экзарх Афрыкі Іраклій Старэйшы не падпарадкаваўся новаму імператару і паслаў войскі на чале са сваім сынам Іракліем (будучым імператарам) на барацьбу з тыранам (610 год). Гэта стабільнасць і моц бачныя ў тым, што Іраклій разважаў пра перанос сталіцы з Канстанцінопаля ў Карфаген. Сутыкнуўшыся з хваляй мусульманскага заваявання ў 640 годзе і пацярпеўшы шэраг ваенных няўдач, экзархі прыступілі да абарончай тактыкі, імкнучыся спыніць нашэсце. Але ў 698 годзе мусульманская армія з Егіпта захапіла Карфаген і падпарадкавала ўвесь экзархат, канчаткова выгнаўшы рымлян і хрысціянства з паўночнай Афрыкі.
Эканоміка
Асноўнай крыніцай даходаў афрыканскіх полісаў была сельская гаспадарка. Названая «жытніцай імперыі», паўночная Афрыка давала прыкладна 1 мільён тон збожжа ў год, чвэрць якога экспартавалася. Акрамя злакаў вырошчваліся таксама бабы, фігі, вінаград і іншая садавіна. У другім стагоддзі аліўкавы алей, як і хлеб, быў выгодным экспартным таварам. У дадаткаў да рабагандлю і лоўлі і перавозцы экзатычных дзікіх жывёл, на экспарт ішлі тэкстыль, мармур, віно, лес, свойская жывёла, воўна і ганчарныя вырабы.
Праконсулы Афрыкі
- 42-36 гг. да н.э. Марк Эмілій Лепід
- 22-21 гг. да н.э. Луцый Карнелій Бальб Малодшы
- Суэлій Флак
- Юлій Матэрн
- 17-18 гг. н. э. Марк Фурый Каміл
- 18-20 Луцый Апроній
- 21-22 Квінт Юній Блез
- 23- Публій Карнелій Далабела
- паміж 32 і 38 Марк Юній Сілан
- каля 42 — каля 44 (два гады) Сервій Сульпіцый Гальба
- з невядомы год па 61 Ціт Флавій Веспасіян
- 61- Аўл Вітэлій
- ?70 Луцый Кальпурній Пізон
- 238 Гардыян
Гл. таксама
- Афрыканскі экзархат — тэрыторыі правінцыі пад візантыйскім кіраваннем
- Іфрыкія — тэрыторыі правінцыі пад арабскім кіраваннем
Зноскі
- ↑ Африка (римская провинция) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.