Сіметрыя і асіметрыя

Асіме́трыя (ад стар.-грэч.: ἀσυμμετρία — несуразмернасць) — нелюстэркавае размяшчэнне частак пэўнага цэлага адносна восі, плоскасці або цэнтра. Адзін з прынцыпаў фарміравання кампазіцыі і будовы арнаменту, дзякуючы якому мастацкі твор набывае выразнасць. Выкарыстоўваецца ў будове твораў прасторавых і прасторава-часавых мастацтваў (архітэктуры, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, харэаграфічнага), афармленні масавых святочных прадстаўленняў. Мастацкі твор, пабудаваны паводле прынцыпу асіметрыі, стварае ўражанне парушэння раўнавагі, неўпарадкаванасці, няўстойлівасці, нетрываласці.

Асіметрычны дом у Бабруйску

Як прынцып кампазіцыйнай будовы атрымаў пашырэнне ў мастацтве мадэрну, абстракцыянізму, футурызму, дэканструктывізму і іншых стылявых кірункаў 20 — пачатку 21 ст. У архітэктуры Беларусі актыўна прымяняецца з 1980-х гг., яскравы прыклад — жылы дом на перакрыжаванні вуліц Мінская і Пушкіна ў Бабруйску (архіт. В. Галушчанка, К. Кожыч).

Літаратура

  • Ю. Ю. Захарына. Асіметрыя // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.