Асяродкі на Міяве
Асяродак на Ацы ніжэй Мызінскага моста

Асяродак — намнажэнне (падводнае ці надводнае) алювіяльных наносаў ў рэчышчы ракі, якое не мае расліннасці (бліжэй да берага называецца побачэнь, а ля выпуклых берагоў пры меандраванні — пляж). Звычайна мае выгляд невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Месца гнездавання птушак.

Фарміраванне

Накапленне наносаў адбываецца пры малой транспартуючай здольнасці патоку і вялікім паступленні наносаў.

Форма асяродка падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, плошча да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, за кошт перамяшчэння наносаў паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя частка намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродка расліннасцю або па іншым прычынам прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. У межань асяродкі выходзяць з вады і ператвараюцца ў выспы.

Тып рэчышчавых працэсаў, вызначаны асяродкамі — асяродкавы або асяродкавая шматрукаўнасць. Пры ўтварэнні рэчышчавых астравоў асяродкавая шматрукаўнасць трансфармуецца ў рэчышчавую.

У Беларусі

У Беларусі трапляюцца пераважна на рэках паўднёвай часткі краіны (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.).

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Кондратьев Н. Е., Попов И. В., Снищенко Б. Ф. Основы гидроморфологической теории руслового процесса. Л.: Гидрометеоиздат, 1982, 272 с.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.