Карта часткі Асманскай імперыі ў 1801 годзе.

Гісторыя Грэцыі

Дагістарычная Грэцыя
(да XXX ст. да н. э.)
Эгейская культура
(XXX—XII да н. э.)
Заходнеанаталійская цывілізацыя
Мінойская цывілізацыя
Кікладская культура
Эладская цывілізацыя
Мікенская цывілізацыя
Старажытная Грэцыя
(XI — 146 да н. э.)
Цёмныя стагоддзі (XI—IX)
Архаічны перыяд (VIII—VI)
Класічны перыяд (V—IV)
Эліністычны перыяд (IV — 146)
Грэцыя ў складзе Рымскай дзяржавы
Рымская Грэцыя (146 да н. э. — 330 н. э.)
Сярэднявечча і Новы час
(330—1832)
Візантыйская Грэцыя (330—1453)
Франкакратыя (1204—1458)
Асманская Грэцыя (1458—1832)
Сучасная Грэцыя
(пасля 1821)
Вайна за незалежнасць (1821—1832)
Каралеўства (1832—1924)
Другая Рэспубліка (1924—1935)
Рэжым 4 жніўня (1936—1941)
Другая сусветная вайна (1941—1944)
Грамадзянская вайна (1944—1949)
Пасляваенны час (1950—1967)
Рэжым палкоўнікаў (1967—1974)
Трэцяя Рэспубліка (з 1974)
Тэматычныя артыкулы
Ваенная гісторыя
Грэчаскія імёны
Грэчаская мова
Грэчаская літаратура

Асманская Грэцыя альбо «Туркакратыя» (грэч. Τουρκοκρατία) — перыяд у гісторыі Грэцыі, калі большасць раёнаў сучаснай грэчаскай дзяржавы знаходзілася ў складзе Асманскай імперыі.

Звычайна асманскі перыяд лічыцца з падзення Канстанцінопаля ў 1453 годзе, але пранікненне асманскіх войскаў на грэчаскую тэрыторыю, у Малую Азію і паўднёвую частку Балканаў пачалося раней. Калі разглядаць асманскае заваяванне ўсёй Малой Азіі і грэчаскага паўвострава, то яно пачалося яшчэ ў 1071 годзе, але на тэрыторыю Грэцыі асманы прасунуліся толькі ў 15 стагоддзі, пасля чаго паступова заваявалі ўвесь рэгіён, за выключэннем Іанічных астравоў. Грэкі некалькі разоў спрабавалі зрынуць асманскае валадарства шляхам паўстанняў, апошнім з якіх стала паспяховая вайна за незалежнасць, якая пачалася ў 1821 годзе і скончылася стварэннем сучаснай грэчаскай дзяржавы ў 1832 годзе.

Заваяванне

Асманы дасягнулі Візантыйскай імперыі, у якую ўваходзіла большая частка грэкамоўнага свету на працягу больш чым 1100 гадоў, калі тая была смяротна паслабленая пасля рабавання Канстанцінопаля крыжакамі ў 1204 годзе. Асманскаму ўварванню ў Грэцыю папярэднічалі перамогі над сербамі ў бітве на Марыцы ў 1371 годзе і ў бітве на Косавым полі ў 1389 годзе. У 1453 годзе туркі захапілі Канстанцінопаль і прасунуліся на подзень Грэцыі, захапіўшы Афіны ў 1458 годзе. На Пелапанесе грэкі трымаліся да 1460 года, а венецыянцы і генуэзцы працягвалі кантраляваць частку астравоў, але да 1500 года большая частка тэрыторыі Грэцыі, у тым ліку астравоў, знаходзілася ў руках Асманскай імперыі. Кіпр быў заваяваны ў 1571 годзе, а Крыт заставаўся пад уладай Венецыянская рэспублікі да 1669 года. Адзінай часткай грэкамоўнага свету, якая пазбегла доўгатэрміновага асманскага ўплыву, былі Іанічныя астравы[заўв 1][заўв 2], якія заставаліся ў складзе венецыянскай дзяржавы да захопу Першай Французскай рэспублікай у 1797 годзе, пасля чаго перайшлі да Брытанскай Імперыі ў 1809 годзе і былі прыяднаныя да Грэцыі ў 1864 годзе.

Усталяванне панавання Асманскай імперыі на грэчаскіх землях выклікала дзве хвалі міграцыі грэкаў. Першая хваля была звязана з прадстаўнікамі грэчаскай інтэлегенцыі, такімі як Вісарыён Нікейскі, Георгіас Гемістас Пліфон і Маркас Мусурас, якія імігравалі ў краіны Заходняй Еўропы і сталі ўплывовымі дзеячамі эпохі Адраджэння. Фактычна буйнамаштабная іміграцыя грэкаў у заходнія краіны, у першую чаргу ў італьянскія ўніверсітэты, пачалася значна раней, пасля заваёвы Канстанцінопаля крыжакамі, стварыўшы новую плынь грэчаскай дыяспары. Другая хваля міграцыі была звязана з унутранымі перасяленнямі грэкаў, якія пакідалі раўніны грэчаскага паўвострава і рассяляліся ў горных раёнах, якія, у асноўным, заставаліся некранутымі асманскай адміністрацыяй і салдатамі.

Асманскае кіраванне

Адміністрацыя

Кіраўніком Асманскай імперыі з'яўляўся султан, які меў атрыбуты абсалютнага манарха, але быў звязаны традыцыямі і ўмоўнасцямі свайго часу. Гэтыя абмежаванні мелі, у асноўным, рэлігійны характар, а «Каран» быў асноўным стрымліваючым фактарам адзінаўладдзя султана і, такім чынам, з'яўляўся своеасаблівай «канстытуцыяй».

Асманскае кіраванне на грэчаскіх землях характарызавалася дзвюма асноўнымі функцыямі: падтрымка ваенных установаў, якія мелі феадальны характар, і збор падаткаў. Кавалерыя султана складалася цалкам з туркаў, якія атрымлівалі землі альбо надзелы ў залежнасці ад ранга асобнага кавалерыста. Усім немусульманам было забаронена карыстацца конямі, што рабіла падарожжы цяжкімі. Асманы падзялілі Грэцыя на 6 санджакаў, на чале якіх стаялі санджак-беі, падсправаздачныя султану, сталіцай якога ў 1453 годзе стаў Канстанцінопаль. Перад гэтым падзелам была ўсталявана сістэма мілетаў, якая падзяляла народы Асманскай імперыі на аснове рэлігіі.

Заваяваная грэчаская зямля была падзелена паміж асманскімі вяльможамі, якія атрымлівалі яе ў якасці феадальных надзелаў і знаходзіліся непасрэдна пад уладай султана. Гэтая зямля не магла быць перададзена па спадчыне і вярталася ў валоданне султана пасля смерці феадала. На працягу жыцця вяльможы, якія былі, як правіла, кавалерыстамі ў арміі султана, жылі заможна на даходы ад сваіх маёнткаў, на якіх працавалі сяляне.

Асманы ўсталявалі гэтую феадальную сістэму па-над існуючай сістэмай сялянскага землеўладання. Сяляне працягвалі валодаць сваёй уласнай зямлёй, якая заставалася спадчыннай. Асманскі ўрад ніколі не накладаў на сялян ваенныя абавязкі. Усім немусульманам на тэрыторыі імперыі было забаронена насіць зброю, але гэта правіла ігнаравалася, напрыклад на Крыце амаль кожны чалавек меў зброю.

Тым не менш, грэкі плацілі Асманскай імперыі вялікія падаткі, уключаючы «падатак дзецьмі» — кожнага пятага хлопчыка з хрысцянскіх сем'яў забіралі ў корпус янычараў, дзе яны праходзілі ваенную падрыхтоўку ў арміі султана. Таксама існавала шмат рэпрэсіўных законаў, а часам асманы здзяйснялі масавыя забойствы грамадзянскага насельніцтва. У судзе слова грэка не магло супрацьстаяць слову турка.

Пад кіраўніцтвам асманскай адміністрацыі грэчаскае грамадства адначасова заахвочвалася і абмяжоўвалася: з аднаго боку турэцкі рэжым даваў прывілеі і свабоду асобным суб'ектам, якія знаходзіліся ўва ўладзе, з іншага боку ён прынёс тыранію, якая стваралася супрацьзаконнымі дзеяннямі адміністрацыйнага персаналу, над якім ажыццяўляўся толькі аддалены і няпоўны кантроль. Фактычна «раі» забіваліся і падзвяргаліся масавым капрызам асманскіх кіраўнікоў, а часам і грэчаскіх памешчыкаў. Тэрмін «рая» быў створаны для абазначэння абяздоленых, ахопленых падаткамі і сацыяльна непаўнавартасных суб'ектаў насельніцтва.

Эканоміка

У перыяд Асманскай імперыі эканамічнае становішча большай часткі Грэцыі значна пагоршылася. На хрысціянскае насельніцтва былі ўзвалены цяжкія нягоды падаткаабкладання, і большасць грэкаў стала займацца натуральнай сельскай гаспадаркай, у той час як у папярэднія эпохі гэты раён быў моцна развітым і урбанізаваным. Выключэннем былі толькі Канстанцінопаль і Іанічныя астравы пад кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі, дзе многія грэкі жылі ў дастатку. Грэкаў моцна абурала пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Пасля 1600 года асманы звярнуліся да ваеннага кіравання на асобных участках Грэцыі, што справакавала моцны супраціў і прывяло да эканамічнай разрухі і паскоранага скарачэння колькасці насельніцтва. Асманскія зямельныя надзелы, якія раней атрымліваліся непасрэдна ад султана, з часам станавіліся спадчыннымі маёнткамі, стварыўшы новы клас асманскіх памешчыкаў. Гэта прыводзіла да дэпапуляцыі і скарачала колькасць свабодных грэчаскіх фермераў, робячы іх прыгоннымі сялянамі і прымушаючы іх пакідаць раўніны і ісці ў горы, каб пазбегнуць беднасці.

Рэлігія

Сусветны Патрыярх Грэчаскай праваслаўнай царквы атрымаў вялікую ўладу пад абаронай султана, стаўшы духоўным лідарам усяго праваслаўнага насельніцтва імперыі, грэчаскага і славянскага. Патрыярх быў падсправаздачны султану і адказваў за пакорлівасць праваслаўнага насельніцтва, а ў абмен меў шырокія паўнамоцтвы ў праваслаўных суполках, у тым ліку славянскіх народаў. Ён кантраляваў суды, школы і цэрквы на тэрыторыі грэчаскіх абшчын Асманскай імперыі. Гэта рабіла праваслаўных святароў, нароўні з мясцовымі магнатамі, уплывовымі кіраўнікамі грэчаскіх гарадоў. Некаторыя грэчаскія гарады мелі губернатараў, якія прызначаў Султан, у той час як іншыя (такія як Афіны) з'яўляліся самакіравальнымі муніцыпалітэтамі. Некаторыя раёны і астравы, такія як паўвостраў Мані, частка Крыта і Эпір, заставаліся фактычна незалежнымі ад асманскага кіраўніцтва на працягу стагоддзяў. У ваенных канфліктах паміж Асманскай Імперыяй і іншымі дзяржавамі грэкі часта паўставалі супраць асманаў, напрыклад у бітве пры Лепантэ (1571), у сялянскіх паўстаннях на Эпіры (1600–1601), у Асманска-венецыянскай вайне (1684–1699) і ў паўстанні Арлова (1770). Праваслаўная царква згуляла ключавую ролю ў захаванні грэчаскай спадчыны, і ў 19 стагоддзі грэчаская праваслаўная вера стала сімвалам грэчаскай нацыянальнасці.

Нягледзячы на тое, што Асманская дзяржава не прымушала насельніцтва прымаць іслам, хрысціяне сутыкаліся з дыскрымінацыяй, прызначанай для вылучэння іх нізкага статусу ў імперыі, і з жорсткімі адносінамі з боку мясцовых асманскіх уладаў, што прывяло да пераходу ў іслам пэўнай часткі насельніцтва. Рэгіёнамі Грэцыі з найбольшай канцэнтрацыяй асманска-грэчаскіх мусульман былі Грэчаская Македонія, Эпір і Крыт. Па логіцы мілетаў, грэчаскія мусульмане, нягледзячы на захаванне элементаў грэчаскай культуры і мовы, класіфікаваліся проста як «мусульмане», але большасць грэчаскіх хрысціян лічылі іх здраднікамі сваіх этна-рэлігійных абшчын.

Некаторыя грэкі сталі навамучанікамі, напрыклад святы Эфраім Навамучанік альбо святы Дзімітрый Навамучанік, у той час як некаторыя іншыя, прыняўшы іслам, станавіліся крыпта-хрысціянамі (у тайне заставаліся паслядоўнікамі хрысціянства), каб пазбегнуць цяжкіх падаткаў і схаваць сваю ідэнтычнасць, падтрымліваючы цесную сувязь з праваслаўнай царквой. Крыпта-хрысціяне рызыкавалі быць забітымі, калі б былі злоўлены на практыкаванні абрадаў немусульманскай рэлігіі. Былі і выпадкі, калі грэкі з тэакратычнай і візантыйскай шляхты прымалі іслам, напрыклад Іаан Цэлепес Камнін ці Месіх-паша.

Візантыйскія гісторыкі адзначалі ліберальную прыроду асманскіх султанаў. Напрыклад, Баязід I свабодна прызнаваў хрысціянства ў грамадстве, а Мурад II прыняў рэформы злоўжыванняў, якія былі распаўсюджаны сярод грэчаскіх кіраўнікоў. Пераслед хрысціян меў месца падчас кіравання Селіма I, вядомага як Селім Грозны, які спрабаваў выкараніць хрысціянства ў Асманскай імперыі. Ён загадаў зачыніць усе хрысціянскія цэрквы, і да таго часу, як гэты загад быў адменены, хрысціяне моцна пераследваліся падчас яго кіравання.

Падаткаабкладанне

Грэкі плацілі падатак на зямлю і цяжкі падатак на гандаль, які выкарыстоўваў заможных грэкаў для запаўнення дзяржаўнай казны. Грэкі, як і іншыя хрысціяне, таксама павінны былі плаціць джызію, ці ісламскі падушны падатак, які павінны былі плаціць усе немусульмане імперыі замест закята, які плацілі мусульмане ў якасці аднаго з пяці слупоў ісламу. Няздольнасць плаціць джызію магла прывесці да зняволення альбо нават смерці. Апроч таго, грэкі заўсёды павінны былі мець пры сабе квітанцыю аб аплаце джызіі альбо маглі быць падвергнуты турэмнаму зняволенню.

Большасць грэкаў не павінна была служыць у войску, але маладых хлопцаў забірала і ператваралі на мусульман для службы ў асманскай арміі. Акрамя таго, дзяўчын маглі забраць для службы ў якасці адалісак у гарэмах. Гэтая практыка мела назву «падатак дзецьмі» (дэўшырмэ). Кожнага пятага хлопчыка з хрысцянскіх сем'яў расцілі як мусульманіна і забіралі ў корпус янычараў, элітнай часткі арміі Асманскай імперыі. Гэта выклікала шмат супраціву, напрыклад, грэчаскі фальклор распавядае пра мяці, якая пакалечыла сваіх дзяцей, каб пазбегнуць іх выкрадання. Тым не менш, уваходжанне ў корпус янычараў давала грэчаскім хлопцам магчымасць мець такі ж высокі статус, як губернатар ці нават вялікі візір. Адным з яскравых прыкладаў стаў Паргалі Ібрагім-паша, які нарадзіўся ў сям'і грэчаскага рыбака і стаў адным з самых давераных дарадцаў султана Сулеймана I і дзяржаўным дзеячам з асабістым палацам.

Супрацьстаянне грэчаскага насельніцтва цяжкаму падаткаабкладанню прыводзіла да трагічных наступстваў. Напрыклад, у 1705 годзе асманскія афіцыйныя асобы былі адпраўлены з Наўсы ў Македонію для пошукаў новых янычараў і былі забіты паўстанцамі, якія супрацівіліся дэўшырмэ. Паўстанцы былі абезглаўленыя, а іх адсечаныя галовы былі выстаўлены на паказ у горадзе Фесалонікі. У некаторых выпадках грэкі баяліся адмаўляцца ад сваіх уласных сыноў, якія потым вярнуцца ў якасці прыгнятальнікаў. У іншых выпадках сем'і плацілі афіцыйным асобам, каб яны прасачылі за тым, каб іх дзеці атрымалі лепшае жыццё ў якасці ўрадавых службовых асобаў.

Насельніцтва

Уключэнне грэчаскіх земляў у склад Асманскай імперыі мела доўгатэрміновыя наступствы. Эканамінчая актыўнасць у значнай ступені знізілася, а насельніцтва скарацілася, па меншай меры, у нізінных раёнах (асманскія перапісы ігнаравалі шмат горных раёнаў). У Фракіі і Грэчаскай Македоніі рассялялася шмат туркаў, а грэчаскія хрысціяне, напрыклад валахады, пераўтвараліся ў мусульман асабліва ў паўднёва-заходняй Македоніі. Пасля выгнання з Іспаніі ў 1492 годзе габрэі-сефарды імігравалі на тэрыторыю Грэцыі і сяліліся, у асноўным, у Фесалоніках, якія сталі галоўным габрэйскім цэнтрам Асманскай імперыі. Падчас асманскага кіраўніцтва грэчаскія рэгіёны сталі больш адрэзанымі адзін ад аднаго, бо толькі мусульмане мелі права ездзіць на кані, што зрабіла падарожжы больш цяжкімі. Грэчаская культура і адукацыя значна знізіліся (за выключэннем Грэчаскай праваслаўнай царквы).

Уплыў на традыцыі

Пасля 16 стагоддзя былі напісаны многія грэчаскія народныя песні, натхнёныя ладам жыцця грэчаскага народа, разбойнікамі і ўзброенымі канфліктамі на працягу стагоддзяў асманскага валадарства. Клефтавыя песні (грэч. Κλέφτικα τραγούδια) альбо балады сталі адным з паджанраў грэчаскай народнай музыкі і былі тэматычна арыентаваныя на жыццё клефтаў. Вядомыя канфлікты былі ўшанаваны ў народных казках і песнях, такіх як «Песня пра Даскалаяніса» (грэч. To tragoudi tou Daskalogianni) 1786 года пра паўстанне на чале з Даскалаянісам.

Заняпад Асманскай імперыі

Пасля няўдалай асманскай аблогі Вены ў 1683 годзе Асманская імперыя ўступіла ў працяглы заняпад і ў ваенным змаганні супраць хрысціянскіх дзяржаў, і ўнутры краіны, што прывяло да росту карупцыі, рэпрэсій і палітычнай неэфектыўнасці. Гэта выклікала шмат хваляванняў, якія прыводзілі да бунтаў і мецяжоў. Паколькі ўсё больш раёнаў выходзілі з-пад асманскага кантролю, адміністрацыя звярнулася да ваеннага кіравання на грэчаскіх тэрыторыях, але гэта толькі выклікала далейшы супраціў. Акрамя таго, гэта прывяло да эканамічнага спаду і паскоранага скарачэння колькасці насельніцтва.

Іншай прыкметай заняпаду імперыі было тое, што асманскія землеўладанні, якія раней атрымлівалі туркі атрымлівалі непасрэдна ад султана, станавіліся спадчыннымі маёнткамі (чыфтлікамі), якія маглі быць перададзенымі ў спадчыну. Новы клас асмаснкіх памешчыкаў ператварыў свабодных грэчаскіх фермераў на прыгонных сялян, што прывяло да яшчэ большай беднасці і дэпапуляцыі на раўнінах. Большую частку Афінаў займалі сельскагаспадарчы землі, іхняе насельніцтва было беднае і ізаляванае, а таксама не дапускалася да Акропаля, дзе сяліліся заможныя туркі.

Французскі дыпламат і філэлін Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыян пасля свайго візіту на Суніян у 1806 годзе пісаў: «Вакол мяне былі магілы, цішыня, бедствы, смерць і некалькі грэчаскіх маракоў, якія бесклапотна спалі на руінах Грэцыі. Я назаўжды адмовіўся ад гэтага боскага месца, мая галава была нпоўнена веліччу гэтага месца ў мінулым і яго гібеллю сёння». Тым не менш, агульны стан грэчаскага насельніцтва быў падмацаваны вяртаннем некаторых грэкаў з гор падчас 17 стагоддзя.

З іншага боку, становішча адукаваных і прывілеяваных грэкаў у Асманскай імперыі значна палепшылася ў 17 і 18 стагоддзях. Па меры таго, як імперыя стнавілася ўсё больш населенай і пачала адчуваць сваю адсталасць па адносінах да еўрапейскіх дзяржаў, набіралася ўсё больш і больш грэкаў, якія мелі адміністрацыйныя, тэхнічныя і фінансавыя навыкі, якіх бракавала асманам.

З канца 1600-х гадоў грэкі пачалі займаць самыя высокія пасады ў Асманскай дзяржаве. Фанарыёты, клас багатых грэкаў, якія жылі ў канстанцінопальскім раёне Фанар, станавіліся ўсё больш магутнымі. Іх падарожжы ў Заходнюю Еўропу ў якасці купцоў альбо дыпламатаў прывялі да пераняцця перадавых ідэй лібералізму і нацыяналізму, і такім чынам сучаснагрэчаскі нацыяналістычны рух нарадзіўся сярод фанарыётаў. Многія грэчаскія купцы і вандроўцы знаходзіліся пад уплывам ідэй Французскай рэвалюцыі, і ў пачатку 17 стагоддзя новая эпоха грэчаскага Асветніцтва была пачата ў многіх грэчаскіх гарадах і населеных пунктах.

Грэчаскі нацыяналізм таксама падтрымліваўся агентамі Кацярыны Вялікай, праваслаўнай кіраўніцы Расійскай імперыі, якая спадзявалася атрымаць землі Асманскай імперыі, у тым ліку сам Кастанцінопаль, падбухторваючы хрысціянскія паўстанні. Тым не менш, падчас расійска-турэцкай вайны 1768 года грэкі не арганізавалі паўстанне, расчараваўшы расійскае кіраўніцтва. Кючук-Кайнарджыйскі дагавор 1774 года даў Расіі права рабіць «прадстаўленні» да султана ў абарону праваслаўных грамадзян, пасля чаго Расійская імперыя стала рэгулярна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Асманскай імперыі. У спалучэнні з ідэямі Французскай рэвалюцыі 1789 года гэта пачало злучаць грэкаў са знешнім светам і прывяло да развіцця актыўнага нацыяналістычнага руху, аднаго з самых прагрэсіўных таго часу.

Грэцыя прымала ўскосны ўдзел у Напалеонаўскіх войнах, але адзін з эпізодаў меў важныя наступствы для яе. Калі французы на чале з Напалеонам Банапартам захапілі Венецыю ў 1797 годзе, яны таксама атрымалі Іанічныя астравы, завяршыўшы такім чынам 400 гадоў венецыянскага валадарства над німі. Астравы сталі Рэспублікай Сямі Астравоў, якая знаходзілася ў залежнасці ад Францыі і валодала мясцовай аўтаноміяй. Гэта быў першы раз, калі грэкі кіравалі сваёй тэрыторыяй пасля падзення Трапезундскай імперыі ў 1461 годзе.

Сярод тых, хто займаў кіруючыя пасады на астравах быў Іаан Кападыстрыя, якому пазней было наканавана стаць першым кіраўніком незалежнай Грэцыі. Да канца напалеонаўскіх войнаў у 1815 годзе Грэцыя паўстала з-пад шматвяковай ізаляцыі. Брытанскія і французскія пісьменнікі і мастакі пачалі наведваць краіну, а багатыя еўрапейцы пачалі збіраць грэчаскія старажытнасці. Гэтыя «філэліны» адыгралі важную ролю ў мабілізацыі і падтрымцы грэчаскай незалежнасці.

Паўстанні да 1821 года

Грэкі з розных частак паўвострава часам паўставалі супраць асманскага валадарства, галоўным чынам карыстаючыся войнамі, у якіх прымала ўдзел Асманская імперыя. Гэтыя паўстанні мелі розны маштаб і ўплыў. Падчас Першай асманска-венецыянскай вайны браты маніёты Кладасы, Кракадылас і Эпіфані, камандавалі атрадамі страдыётаў, якія змагаліся супраць туркаў у паўднёвай частцы Пелапанеса. Дзякуючы ім, Венецыя ўзяла Вардунію і іншыя землі пад свой кантроль, а Эпіфані пазней стаў губернатарам.

Мясцовыя бунты, якія хутка душыліся асманскімі сіламі, такія як сялянскія паўстанні на Эпіры ў 1600 і 1611 гадах, адбываліся па ўсім паўвостраве.

У 1571 годзе хрысціянскі флот у бітве пры Лепанце ўключаў у сябе дзясятак караблёў з грэчаскімі капітанамі і членамі экіпажаў з Крыта і Іанічных астравоў. Поспех Святой лігі ў гэтай бітве выклікаў паўстанні ў розных частках паўвострава, такіх як Факіда і Пелапанес, але ўсе яны былі задушаны ў наступным годзе. Падчас Крыцкай вайны (1645–1669) маніёты дапамагалі Франчэску Маразіні і венецыянцам на Пелапанесе. Апроч таго, грэкі актыўна дапамагалі венецыянцам падчас Марэйскай вайны ў аперацыях ў Іанічным моры і на Пелапанесе.

Найбуйнейшым паўстаннем таго перыяду стала Паўстанне Арлова, якое адбылося падчас расійска-турэцкай вайны (1768–1774) і выклікала ўзбройныя хваляванні ў мацерыковай Грэцыі і на астравах. У 1778 годзе грэчаскі флот, сабраны Ламбрасам Кацонісам, з сямідзесяці судоў, якія пераследваліся турэцкімі эскадрамі ў Эгейскім моры, захапіў востраў Кастэларыза і змагаўся з асманскімі сіламі ў марскіх бітвах да 1790 года.

Вайна за незалежнасць

Заўвагі

  1. Востраў Корфу вытрымаў тры вялікія асманскія аблогі ў 1537, 1571 і 1716 гадах.
  2. Востраў Кефалінія знаходзіўся ў складзе Асманскай Імперыі з 1479 да 1481 года і з 1485 да 1500 года.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.