Асе́ць[1], восець, лакальная назва асетка[2] — старадаўняя гаспадарчая пабудова для сушкі збажыны, канапель, ільну[2]; тып сушні. Была пашырана ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст.[1]
Апісанне
Канструкцыйна больш складаная, чым ёўня[2]. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі[1] з імшанымі сценамі[2], накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы[1]. У глінабітнай падлозе асеці выкопвалася яма глыбінёй да 2 метраў, у якой знаходзілася печ, абкладзеная каменнем. Печ мела некалькі люхтаў і чарэннем выходзіла ў 1-ы ярус[2]. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе на цапніках сушылі снапы[1][2]. Упоравень з падлогай рабілася квадратная адтуліна, праз якую выграбалася зерне. Замест дзвярэй на ўзроўні 7—8-га вянкоў рабілася вялікая адтуліна, праз якую падавалі снапы і залазілі ў асець. У час сушкі абедзве адтуліны шчыльна зачыняліся[2].
У сялянскіх гаспадарках XIX — пачатку XX ст. асець будавалі паблізу гумна, стадолы, тока[1]. Найчасцей асець ставілі ўнутры гумна ля тарцовай сцяны, процілеглай варотам, зрэдку — за гумном[2]. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа[1].
У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам[1].
Зноскі
Літаратура
- Асець // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Герасіменя В. Асець // Малая краязнаўчая энцыклапедыя / Ганцавіцкі раённы краязнаўча-інфармацыйны партал — Эл.рэсурс gants-region.info