Арэх маньчжурскі

Арэх маньчжурскі
ў Дэндрарыі Рабера Ленуара ў Рандзё (Бельгія).
Абхоп на вышыні 1 м ад зямлі
— 285 см (у 2007 годзе)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Juglans mandshurica Maxim., 1856


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  845177
NCBI  91218
EOL  2872272
GRIN  t:20758
IPNI  442388-1
TPL  tro-16700044

Арэх манчжурскі[3] (Júglans mandshúrica[4]) — від лістападных аднадомных дрэў або кустоў роду Арэх[5].

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі «E mei zhi wu zhi»

Вышыня дасягае 25-30 м[5]. Ствол роўны, прамы, з разгалістай або шырокакруглявай ажурнай кронай, якая нагадвае крону некаторых відаў пальмы[5].

Кара цёмна-шэрая, парасткі жаўтлява-карычневыя апушаныя.

Лісце на хвосціках даўжынёй 5-20 см, чарговае, складанае, непарнапёрыстае, даўжынёй да 40-90 см (радзей да 1, 25 м), з 7-19 даўгавата-эліптычнымі пільчатымі лісточкамі памерамі 6-17 см у даўжыню і 2-7 см у шырыню[5]. Ліставая пласцінка зубчастая, рэдка дробназубчатая, вяршыня яе завостраная, абаксіяльны бок апушаны.

Кветкі дробныя, аднаполыя, з’яўляюцца адначасова з распусканнем лісця. Тычынкавыя кветкі ў доўгіх віслых каташках, песцічныя — па 3-10 на канцах парасткаў. Цвіце ў красавіку — маі.

Плады касцянкападобныя сабраны па 3-7 у групу, авальныя, нагадваюць грэцкі арэх, але драбней (2,5—7,5 см) і маюць вельмі тоўстую зялёную або бураватую рабрыстую шкарлупіну[5]. Ядро арэха мае малы памер, ядомае[5]. Плады спеюць у жніўні — кастрычніку і хутка ападаюць на зямлю цалкам з раскрытым каляплоднікам. Каляплоднік — зялёны, пры паспяванні жухне, моцна апушаны, лёгка аддзяляецца ад арэха, ліпкі ад залозістых валасінак.

Лік храмасом 2n = 32.


Злева направа: агульны выгляд; кара; пупышка
Злева направа: тычынкавыя кветкі; песцікавыя кветкі; няспелы плод; спелы раскрыты плод

Распаўсюджванне

Плод. Ілюстрацыя з працы К. І. Максімовіча Diagnoses des nouvelles plantes du Japon et de la Mandjourie, 1873

Натуральны арэал віду — Маньчжурыя (паўночна-заходні Кітай), Далёкі Усход (Прымор’е і Прыамур’е), а таксама Карэйскі паўвостраў[5]. Прысутнічае на Сахаліне.

Расце ў змешаных кедрава-шырокалісцевых лясах па далінах рэк і ў ніжнім поясе гор, узбіраючыся да вышыні 500—2800 м над узроўнем мора.

У культуры на тэрыторыі былога СССР сустракаецца ў Ленінградскай і Тульскай абласцях, у Беларусі, на Урале, у лесастэпавай і стэпавай палосах Паволжа[5].

Экалогія

Зімастойкі, пераносіць маразы па меншай меры да −45 ° (напрыклад, здавальняюча расце на поўдні Краснаярскага краю[6], у Кузбасе, на Алтаі, а таксама на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі — у Эдмантане, Альберта, Канада)[5]. Аднак у сярэдняй паласе Расіі маладыя парасткі могуць сур’ёзна пакутаваць ад вясновых замаразкаў. У выпадку іх вымярзання новыя парасткі аднаўляюць рост са спячых пупышак у сярэдзіне чэрвеня. Святлалюбівы, але можа расці і ў цені. Аддае перавагу ўрадлівым увільготненым, друзлым глебам, адчувальны да недахопу глебавай і атмасфернай вільгаці.

Размножваецца насеннем (арэхамі) і каранёвым параснікам[5].

Арэх маньчжурскі ўступае ў пару плоданашэння ва ўзросце чатырох — васьмі гадоў (у культуры — у 12-15 гадоў). Цвіце ў канцы мая, у кастрычніку паспяваюць плады[5].

Жыве да 250 гадоў. Да 80-90 гадоў расце хутка, затым рост прыпыняецца.

Значэнне і прымяненне

Восеньская афарбоўка лісця

У кулінарыі і медыцыне

Ядро арэха выкарыстоўваюць у кандытарскай прамысловасці ў свежым выглядзе і для атрымання высакаякаснага алею[5]. Зародыш утрымлівае ў сярэднім 55 % высыхаючага тлустага алею, які не саступае па якасці грэцкаму алею[5].

У лісці знойдзена вялікая колькасць вітаміну С і караціна. Дзякуючы карысным уласцівасцям, маньчжурскі арэх выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Нарыхтоўваюць кару, кару каранёў і арэхавы алей, які прымяняюць у якасці слабільнага і супрацьгельмінтавага сродка. Адвар лісця і пладовай коркі прымаюць супраць залатухі[5].

У лясной і садовай гаспадарцы і прамысловасці

Рамка з маньчжурскага арэха

Арэх маньчжурскі шырока выкарыстоўваецца для азелянення гарадоў. Адметны формай шырокай і круглявай кроны, незвычайным буйным лісцем.

Драўніна цвёрдая, прыгожай тэкстуры, з вузкай светла-шэрай абалонай і карычневым ядром. Выкарыстоўваецца на выраб мэблі, дробных вырабаў, высакаякаснай фанеры.

Іншае

Каляплоднік з’яўляецца крыніцай фарбавальніка для фарбавання скуры і футра, драўняных паўфабрыкатаў (марылка). Дапушчальныя да выкарыстання ў складзе фарбы для валасоў.

Шкарлупіну арэхаў выкарыстоўваюць у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Кара, лісце, плады ўтрымліваюць таніны. Меданос.

Таксанамія

Сінонімы[7]:

  • Juglans cathayensis Dode
  • Juglans cathayensis var. formosana (Hayata) A.M.Lu & R.H.Chang
  • Juglans collapsa Dode
  • Juglans draconis Dode
  • Juglans formosana Hayata
  • Juglans stenocarpa Maxim.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 69. — 160 с. 2 350 экз.
  4. Часам пішацца mandschurica
  5. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Орех маньчжурский // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 91-93. — 200 с. 130 000 экз.
  6. Маньчжурскі арэх Архівавана 3 кастрычніка 2016.
  7. Па дадзеных сайта Flora of China

Літаратура

  • Усенко Н. В. Деревья, кустарники и лианы Дальнего Востока. — Хабаровск, 1969.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.