Архіепіскап Арцемій | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Царква | Беларуская Праваслаўная Царква | ||||||
Папярэднік | Філарэт (Вахрамееў) | ||||||
Пераемнік | Антоній (Даронін) | ||||||
|
|||||||
Адукацыя | |||||||
Навуковая ступень | доктар багаслоўя[d] (2013) | ||||||
Дзейнасць | выкладчык, багаслоў | ||||||
Імя пры нараджэнні | Аляксандр Анатолевіч Кішчанка | ||||||
Нараджэнне |
25 красавіка 1952 |
||||||
Смерць |
22 красавіка 2023 (70 гадоў) |
||||||
Пахаванне | |||||||
Прыняцце свяшчэннага сану | 21 лютага 1982 | ||||||
Прыняцце манаства | 3 студзеня 1996 | ||||||
Епіскапская хіратонія | 4 лютага 1996 | ||||||
Узнагароды |
|
||||||
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Архіепіскап Арцемій, свецкае імя Алякса́ндр Анато́левіч Кі́шчанка (25 красавіка 1952, Мінск, БССР, СССР — 22 красавіка 2023, Гродна) — беларускі царкоўны дзеяч, выкладчык; епіскап Беларускай праваслаўнай царквы, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі з 1996 да 2021 года. Кандыдат багаслоўя (2004), доктар тэалогіі (2013).
Біяграфія
Рос без бацькі ў нерэлігійнай сям’і. Наведваў храм з 7—8 класа школы, тады ж вырашыў стаць святаром. У 1969 годзе паступіў у Беларускі інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, аднак поспехаў у навучанні не дасягнуў і пасля 3-га курса перавёўся на завочнае аддзяленне. Пасля службы ў Савецкай арміі (1975—76) сышоў паслушнікам у Пскова-Пячорскі манастыр[1].
У 1976 годзе паступіў у Ленінградскую духоўную семінарыю. 8 кастрычніка 1978 года ў храме Святога Іаана Багаслова архіепіскапам Выбаргскім Кірылам пастрыжаны ў чытальніка.
У 1979 годзе залічаны ў Ленінградскую духоўную акадэмію. 7 лютага 1982 года прызначаны псаломшчыкам Успенскай царквы горада Алонца Карэльскай АССР. 21 лютага таго ж года мітрапалітам Ленінградскім і Наўгародскім Антоніем пасвечаны ў дыякана ў стане цэлібату і прызначаны на служэнне ў Алонецкую царкву.
28 верасня 1982 года мітрапалітам Талінскім і Эстонскім Аляксіем II накіраваны ў распараджэнне мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта для праходжання царкоўнага служэння. 1 кастрычніка 1982 года ўказам уладыкі Філарэта прыняты ў клір Мінска-Беларускай епархіі і прызначаны на пасаду дыякана мінскай Свята-Аляксандра-Неўскай царквы. 24 сакавіка 1984 года пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем гэтай царквы[1].
18 красавіка 1993 года Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам узведзены ў сан протаіерэя.
3 студзеня 1996 года мітрапалітам Філарэтам у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры пастрыжаны ў манаства з імем у гонар Арцемія, велікамучаніка Антыяхійскага. 8 студзеня таго ж года ўзведзены ў сан архімандрыта.
4 лютага 1996 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам у саслужэнні членаў Сінода Беларускай праваслаўнай царквы пасвечаны ў епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага[1].
9 верасня 2004 года пастановай рады Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага епіскапу Арцемію нададзена вучоная ступень кандыдата багаслоўя за дысертацыю на тэму «Увядзенне ў праваслаўнае багаслоўе».
У 2006 годзе паступіў у Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве. Па заканчэнні курса ў 2007 годзе атрымаў ступень магістра багаслоўя за дысертацыю «Праблемы выкладання прадмета „Катэхізіс“ у краінах былога Савецкага Саюза».
18 ліпеня 2012 года Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл узвёў епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія ў Троіца-Сергіевай лаўры ў сан архіепіскапа[2].
21 лютага 2013 года ў Варшаўскай хрысціянскай тэалагічнай акадэміі абараніў дысертацыю на тэму «Гісторыя Гродзенскай праваслаўнай епархіі ў 1921—1939 гадах», па выніках чаго атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі[3].
9 чэрвеня 2021 Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій афіцыйна быў «адпраўлены на пакой па стане здароўя»[4]. Гэта рашэнне было негатаўна ўспрынята часткай царкоўнай супольнасці,[5] а рабочая група «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады выступіла са зваротам супраць «гвалтоўнага змяшчэння» архіепіскапа[6].
Памёр у ноч з 21 на 22 красавіка 2023 года пасля цяжкай хваробы. Развітанне адбылося 26 красавіка ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску, паміж магіламі маці і сястры[7].
Грамадская і выкладчыцкая дзейнасць
Пастырскую працу сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю: чытаў курс асноў праваслаўя на факультэце тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, арганізоўваў працу нядзельнай школы пры храме, апеку над інтэрнатам састарэлых і інвалідаў. Адкрыў у Гродне праваслаўны місіянерскі цэнтр, які вядзе актыўную працу ў бальніцах і турме.
У 1997—1998 гадах — старшыня савета Цэнтра праваслаўнай асветы ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
У 2002—2014 гадах з’яўляўся старшынёй моладзевага руху Беларускай праваслаўнай царквы і ў адпаведнасці з пасадай курыраваў праваслаўны моладзевы рух у Беларусі. Аб’яднанне моладзі Беларускай праваслаўнай царквы і яго старшыня ў 2004 годзе сталі лаўрэатамі прэміі III Фестывалю праваслаўнай моладзі «Здабытае пакаленне»[1].
У 2004—2014 гадах працаваў дацэнтам кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Прыхільнік пашырэння беларускай мовы ў богаслужэннях[8]. У 2010 годзе на беларускай мове быў выдадзены зборнік пропаведзей епіскапа Арцемія[9].
Грамадзянская пазіцыя
16 жніўня 2020 года ў час пратэстаў пасля шостых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адзіны сярод іерархаў БПЦ[10] выступіў з казаннем, у якім асудзіў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў і фальсіфікацыі на выбарах[11][12]. Сінадальны аддзел БПЦ па ўзаемаадносінах царквы і грамадства адмежаваўся ад пропаведзі архіепіскапа Арцемія, заявіўшы, што яна адлюстроўвае выключна асабісты погляд архірэя[10][13].
У верасні 2020 года ў гродзенскім Свята-Раства-Багародзіцкім жаночым стаўрапігіяльным манастыры пачалі збіраць подпісы за адхіленне Арцемія ад пасады архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага з прычыны таго, што пад ягоным кіраўніцтвам «распаўсюджваюцца нацыяналістычныя ідэі, заснаваныя на русафобіі, вітаюцца людзі, якія карыстаюцца сімволікай нацысцкіх калабарацыяністаў, насаджаецца беларуская мова і гімн „Магутны Божа“»[14].
22 верасня 2020 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін наведаў Гродзенскую епархію і выказаўся пра недапушчэнне расколу ў праваслаўнай царкве ды забараніў збіраць подпісы супраць архіепіскапа Арцемія[14].
Узнагароды
Узнагароджаны камілаўкай (4 мая 1986) і нанедранікам (10 красавіка 1988)[1], памятным знакам «70 гадоў з дня ўтварэння Гродзенскай памежнай групы»[15], шэрагам царкоўных ордэнаў:
- Ордэн прападобнага Сергія Раданежскага 2-й ступені (РПЦ; 29 снежня 1999).
- Ордэн святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага 2-й ступені (РПЦ; 25 красавіка 2002).
- Ордэн прападобнай Ефрасінні Полацкай (БПЦ; 5 чэрвеня 2002).
- Ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага 2-й ступені (РПЦ; 4 лютага 2006).
- Ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага 1-й ступені (БПЦ; 25 красавіка 2007).
- Ордэн свяціцеля Інакенція Маскоўскага 2-й ступені (РПЦ; 21 лютага 2012).
Зноскі
- 1 2 3 4 5 Георгий Рой, Сергий Коровинский.. Преосвященнейший епископ Артемий (руск.). Журнал «Ступени» Минской духовной семинарии (2007). Праверана 10 лістапада 2020.
- ↑ В день памяти преподобного Сергия Радонежского Предстоятель Русской Церкви совершил Литургию в Успенском соборе Троице-Сергиевой лавры (руск.). Сайт Московского Патриархата (18 ліпеня 2012). Праверана 9 лістапада 2020.
- ↑ Архиепископу Гродненскому Артемию присвоена степень доктора теологии (руск.). Сайт Московского Патриархата (25 лютага 2013). Праверана 9 лістапада 2020.
- ↑ nn.by
- ↑ Христианское видение (2021-06-09). "Белорусские священники комментируют…" [руская]. Праверана 2021-06-10.
- ↑ Рабочая група “Хрысціянская візія” Каардынацыйнай Рады. Заява групы “Хрысціянская візія” з нагоды гвалтоўнага змяшчэння архіепіскапа Арцемія ад кіравання Гродзенскай епархіяй . Царква і палітычны крызіс у Беларусі (9 чэрвеня 2021). Праверана 10 чэрвеня 2021.
- ↑ Міліцыя на чале працэсіі. Як у Мінску хавалі архіепіскапа Арцемія
- ↑ Епіскап Арцемій: «На Гродзеншчыне канфесійная мяжа праходзіць праз сем’і» (недаступная спасылка). Krynica.info (3 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2021. Праверана 12 лістапада 2020.
- ↑ Выйшла ў свет кніга з пропаведзямі епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія . Мінская духоўная семінарыя (16 ліпеня 2010). Праверана 12 лістапада 2020.
- 1 2 Алина Исаченко.. «Вы подняли руку на Христа»: как белорусские православные стали частью протестов, а церковь — нет (руск.). BBC (29 кастрычніка 2020). Праверана 9 лістапада 2020.
- ↑ Гродненский архиепископ Артемий обратился к протестующим и силовикам (руск.). Волковыск.by — сайт города Волковыска (16 жніўня 2020). Праверана 9 лістапада 2020.
- ↑ Архіепіскап гродзенскі — настаўнікам: «Вам на каленях трэба стаяць, за ўсе фальсіфікацыі, за тую хлусню» . Наша ніва (17 жніўня 2020). Праверана 9 лістапада 2020.
- ↑ Об участии верующих в общественно-политической жизни. Разъяснение Синодального отдела Белорусской Православной Церкви по взаимоотношениям Церкви и общества (руск.). Официальный портал Белорусской Православной Церкви (21 жніўня 2020). Праверана 9 лістапада 2020.
- 1 2 Мітрапаліт Веніямін у Гродне: «Ніякіх подпісаў не збіраць!» . Hrodna.life (22 верасня 2020). Праверана 9 лістапада 2020.
- ↑ Архіепіскап Арцемій і падпалкоўнік Гродзенскай памежгрупы абмяняліся ўзнагародамі (недаступная спасылка). Krynica.info (5 снежня 2014). Архівавана з першакрыніцы 20 лістапада 2020. Праверана 13 лістапада 2020.
Літаратура
- Артемий // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2001. — Т. III. — С. 463. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-008-0.
Спасылкі
- Архіепіскап гродзенскі і ваўкавыскі Арцемій на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы (бел.).
- Архіепіскап гродзенскі і ваўкавыскі Арцемій Архівавана 19 лістапада 2020. на сайце Гродзенскай епархіі (руск.).
- Архіепіскап гродзенскі і ваўкавыскі Арцемій на сайце Маскоўскага патрыярхата (руск.).