Вуліца Машынабудаўнікоў у раёне Архірэйскай Пустыні, 2013 г.

Архірэ́йская Пу́стынь, або Антоніева Пустынь — колішні хутар на левым беразе ракі Свіслач, уласнасць мінскіх архірэяў. Цяпер у межах Мінска, на тэрыторыі Мінскага аўтамабільнага завода.

На захадзе ад Архірэйскай Пустыні месціцца Шчотаўка, на паўночным усходзе — Слоўвец, на паўднёвым усходзе — Архірэйская Слабада.

Назва

Пустынь у праваслаўнай традыцыі — адасобленае месца, дзе жыў пустэльнік. Таксама такая назва давалася невялікім манастырам у цяжкадаступнай мясцовасці.

Гісторыя

План горада Менска, 1923 г.

У 1847 годзе, плануючы сысці з месца мінскага архіепіскапа, тут вырашыў пасяліцца мінскі архіепіскап Антоній Зубко. На атрыманыя ад Найсвяцейшага Сінода грошы (3000 рублёў) Антоній пабудаваў дом і царкву пры ім, царква была асвечаная ў гонар Антонія Кіева-Пячэрскага. Архітэктарам дома стаў епархіяльны архітэктар Восіп Андрэеевіч Выляжынскі (пам. 1869), які раней прымаў удзел у пабудове Мінскай духоўнай семінарыі, архірэйскага дома і храма на Траецкай гары[1].

Падарожнік Павел Шпілеўскі, які быў тут ў 1850-х гадах, так апісваў паселішча: «аточаны бярозавымі і хваёвымі лясамі, вядомы сваёй чысценькай сажалкай, садам і домікамі з мяккай гліны з дамешкамі верасу, пабудаванымі паводле плану самога ўладальніка хутару архіепіскапа Антонія…, пры Пустыні заснаваная архірэйская царква ў імя святога Антонія»[2].

Першапачаткова ў рэзідэнцыі жыў толькі Антоній Зубко, аднак неўзабаве сюды стаў рэгулярна наведвацца Міхаіл Галубовіч, наступны мінскі архірэй. Галубовіч разбіў у рэзідэнцыі вялікі сад з кветнікам, сярод раслін былі рэдкія для беларускага клімату віды. Пры Галубовічу рэзідэнцыю наведвалі найвышэйшыя чыны Мінскай губерні. У 1862 годзе Антоній Зубко з’ехаў з рэзідэнцыі, яна афіцыйна перайшла да мінскага Архірэйскага дома, і афіцыйна стала летняй рэзідэнцыяй мінскіх архірэяў[1].

9 сакавіка 1907 года архірэйскую дачу абрабавалі, а 17 траўня тут здарыўся пажар. Цалкам згарэў дом, у якім месціліся архірэйскія пакоі і царква, а таксама некаторыя пабудовы. Неўзабаве дача была адбудаваная. У 1917 годзе ўрочышча Архірэйская Пустынь Сеніцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні, двор, 8 жыхароў, усе беларусы[3]. У часе Першай сусветнай вайны ў Пустыні быў санаторый для хворых і параненых[1].

Нататка пра Начны санаторый. Газета «Звязда» № 54, 1937

За савецкім часам будынак нацыяналізаваны, у ім быў размешчаны Начны санаторый. Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя хутара была занятая Мінскім аўтамабільным заводам і трасамі вуліц Свіслацкай і Машынабудаўнікоў[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Гордей Щеглов. Антониева Пустынь: страница из истории Минской епархии (XIX – начало XX в.) (руск.). minds.by. Архівавана з першакрыніцы 30-10-2019. Праверана 30-10-2019.
  2. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 468.  576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
  3. Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 159.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.