Арха́н Паму́к (турэцк.: Orhan Pamuk; нарадзіўся 7 чэрвеня 1952 у Стамбуле) — турэцкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры (2006).
Папулярны як у Турцыі, так і за яе межамі, лаўрэат шэрагу турэцкіх літаратурных прэмій. Яго творы перакладзены больш чым на сорак моў.
Біяграфія
Памук нарадзіўся ў заможнай сям’і, бацька яго быў інжынерам. Ён навучаўся ў амерыканскім коледжы Robert College, які месціцца ў Стамбуле. Па сканчэнні коледжа пад уплывам сям’і паступіў у тэхнічны ўніверсітэт Стамбула (бацькі жадалі, каб ён стаў інжынерам-будаўніком), аднак праз тры гады ён кінуў гэтую навучальную ўстанову, каб зрабіцца прафесійным пісьменнікам.
У 1977 закончыў інстытут журналістыкі стамбульскага ўніверсітэта. Паміж 1985 і 1988 гадамі ён жыў ЗША, працуючы ў Калумбійскім універсітэце, але пасля вярнуўся ў Турцыю. З 1982 па 2001 год быў жанаты (зараз у разводзе), ёсць дачка. Жыве ў Стамбуле.
Пісьменнік не тоіць сваёй грамадзянскай пазіцыі, публічна выказваў свае меркаванні па «балючых пытаннях» (генацыд армян, дыскрымінацыя курдаў), за што турэцкі ўрад скардзіўся на яго ў суд. Але па працэдурных прычынах абвінавачанні былі адхілены (студзень 2006).
Творчасць
У сваіх творах Памук спрабуе спалучыць традыцыі еўрапейскай літаратуры і турэцкага прыгожага пісьменства. Асноўныя тэмы творчасці пісьменніка — канфлікт і процістаянне паміж Усходам і Захадам, ісламам і хрысціянствам, традыцыямі і сучаснасцю. Напрыклад, разыходжанні паміж заходніцтвам і ісламізмам у сучаснай Турцыі складаюць галоўную тэму кнігі «Снег» (2002).
А адна з самых знакавых кніг — «Стамбул. Горад і ўспаміны». Пісьменнік стварыў нязвыклую кнігу: раман-аўтабіяграфія, сямейная сага, энцыклапедыя горада, альбом з цудоўнымі здымкамі і гравюрамі. Аўтар вядзе чытача па сваіх любімых вулках, напоўненых гукамі і пахамі роднага горада, не бачнага турыстам, схаванага ад мімалётных разявак. У 2006 Архан Памук атрымаў Нобелеўскую прэмію, як пісьменнік, які «ў пошуках меланхалічнай душы свайго роднага гораду адкрыў новыя сімвалы сутыкненьня і перапляцення культураў»[3].
Апублікаваны ў 2008 годзе раман «Музей нявіннасці» прысвечаны рэчам як адлюстраванню рэальнасці мінулага. Па словах Памука, ён фармуе калекцыю для музея старых рэчаў, падобнага таму, які апісаны ў кнізе. 28 красавіка 2012 года Музей нявіннасці адкрыў свае дзверы[4].
Бібліяграфія
- «Cevdet Bey ve Oğulları» (1982, «Джэўдэт бэй і яго сыны»)
- «Sessiz Ev» (1983, «Ціхі дом»)
- «Beyaz Kale» (1985, «Белая цвярдыня»)
- «Kara Kitap» (1990, «Чорная кніга»)
- «Yeni Hayat» (1995, «Новае жыццё»)
- «Benim adım Kırmızı» (1998, «Мяне клічуць Чырвоны»)
- «Öteki Renkler» (1999, «Іншыя колеры»)
- «Kar» (2002, «Снег»)
- «İstanbul: Hatıralar ve Şehir» (2003, «Стамбул. Горад і ўспаміны»)
- «Masumiyet Müzesi» (2008, «Музей нявіннасці»)
- «Manzaradan Parçalar: Hayat, Sokaklar, Edebiyat » (2010, «Выявы ландшафтаў: жыццё, вуліцы, літаратура»)
- «Saf ve Düşünceli Romancı » (2011, «Наіўны і сентыментальны раманіст»)
- «Kafamda Bir Tuhaflık» (2014, «Мае дзіўныя думкі»)
- «Kırmızı Saçlı Kadın» (2016, «Рудавалосая жанчына»)
Беларускія пераклады
- Стамбул. Горад і ўспаміны / Архан Памук; пер. з тур. Т. І. Урублеўскай-Токер. — Мінск: А. М. Янушкевіч, 2018. — 500 с.: іл. — (Серыя «Noblesse Oblige»). ISBN 978-985-7165-92-6
Зноскі
- ↑ Internet Movie Database — 1990. Праверана 16 кастрычніка 2015.
- ↑ Orhan Pamuk // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ THE MUSEUM OF INNOCENCE(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2012. Праверана 7 чэрвеня 2012.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Архан Памук
- Сайт Архана Памука