Арнольд Шонберг (13 верасня 1874 — 13 ліпеня 1951) — аўстрыйскі, а потым амерыканскі кампазітар , педагог, дырыжор, музыказнавец, мастак. Заснавальнік атанальнай музыкі і 12-тонавай тэхнікі кампазіцыі. Адзін з найбольш уплывовых кампазітараў XX стагоддзя.
Біяграфія
Арнольд нарадзіўся ў сям’і нямецкіх яўрэяў, што жылі ў венскім раёне Леапольдштат (былое гета). Ягоная маці была прафесійнай піяністкай, аднак у музыку Арнольд пайшоў сам, адзіным ягоным музычным настаўнікам быў Аляксандр фон Цамлінскі. У 1890-х гг. ён зарабляў грошы аркестроўкай аперэт. У той жа час ён піша кампазіцыю «Прасветленая ноч» (ням.: Verklärte Nacht) для струннага секстэта. Пазней ён зрабіў таксама аркестравую версію «Ночы». Ягоны талент хутка заўважылі Густаў Малер і Рыхард Штраўс. Пазней Штраўс, што пісаў больш кансерватыўную музыку, перапыніў сяброўства з Арнольдам. А Малер застаўся сябрам Шонберга і працягваў клапаціцца аб ім, нават калі перастаў разумець ягоныя новыя творы. Шонберг скептычна ставіўся да музыкі Малера, аднак апошні больш за ўсіх уплываў сваёю творчасцю на яго, і таму Шонберг пазней назаве яго «святым».
У 1898 годзе Арнольд Шонберг перахрысціўся з іўдзейства ў лютэранства і заставаўся лютэранінам да 1933 года.
У 1904 годзе Шонберг пачаў настаўнічаць, сярод ягоных студэнтаў былі Антон Веберн і Альбан Берг, у будучыні — знакамітыя кампазітары.
Улетку 1908 г. жонка Мацільда кінула Арнольда і пайшла да мастака Рычарда Герстла (які потым забіў сябе, калі яна вярнулася да Арнольда), і гэта пакінула глыбокі адбітак у творчасці Шонберга. Ён радыкальна пераглядзеў свае погляды на гук, напісаў першую атанальную кампазіцыю — «Ты прыхінулася да серабрыстае вярбы» (ням.: Du lehnest wider eine Silberweide), а таксама атанальны «Другі струнны квартэт», дзе ў заключнай частцы дадае голас, што пяе вершы нямецкага паэта-містыка Штэфана Георге.
У 1910 годзе ён напісаў працу «Навучанне Гармоніі». У гэты час (1912) ён піша цыкл песень «Месяцовы П’еро» (фр.: Pierrot Lunaire, op. 21) на вершы Альберта Жыро, дзе ён упершыню выкарыстоўвае метад Sprechstimme (які ён сам і вынайшаў) — вакальны рэчытатыў паміж маўленнем і пяяннем.
У 1920-я гг. ён стварыў 12-тонавы метад пабудовы кампазіцыі, які потым пераўтварыўся ў серыялізм. Метад знайшоў прыхільнікаў сярод студэнтаў Шонберга, што ўтварылі г. зв. «Другую венскую школу» музыкі. Шонберг піша другую значную тэарэтычную працу — «Асновы музычнай кампазіцыі»
У 1933 годзе з-за прыходу да ўлады нацыстаў Шонберг эмігруе ў Парыж, дзе аднаўляе сваю іўдзейскую веру. Потым ён пераязджае ў ЗША, дзе выкладае ў Кансерваторыі Малкіна (Бостан), Універсітэце Паўднёвай Каліфорніі і Каліфарнійскім універсітэце. У 1941 годзе Шонберг зрабіўся грамадзянінам ЗША.
На працягу 1930-х гг. ён працуе над операй «Майсей і Аран», якую так і не скончыў. У 1951 годзе Арнольд Шонберг памірае.
Зноскі
- ↑ Arnold Schönberg // Benezit Dictionary of Artists — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Arnold Schoenberg // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 3 Шёнберг Арнольд // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- 1 2 3 4 5 6 7 Catalog of the German National Library Праверана 26 мая 2023.
- ↑ Arnold Schönberg // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ JSTOR — 1995.
- ↑ http://www.bbc.co.uk/radio3/classical/onmusic/music_modernism.shtml