Арганоіды (ад орган і стар.-грэч.: εἶδος — від), ці арганелы — у цыталогіі пастаянныя спецыялізаваныя структуры ў клетках жывых арганізмаў. Кожны арганоід выконвае пэўныя функцыі, жыццёва неабходныя для клеткі. Тэрмін «Арганоіды» тлумачыцца супастаўленнем гэтых кампанентаў клеткі з органамі шматклетачнага арганізма. Арганоіды супрацьпастаўляюць часавым уключэнням клеткі, якія з'яўляюцца і знікаюць падчас абмену рэчываў.
Часам арганоідамі лічаць толькі пастаянныя структуры клеткі, размешчаныя ў яе цытаплазме. Часцяком ядро і ўнутрыядзерныя структуры (напрыклад, ядзерка) не завуць арганоідамі. Клетачную мембрану, вейчыкі і жгуцікі таксама звычайна не прылічваюць да арганоідаў.
Не завуць арганоідамі таксама рэцэптары і іншыя дробныя, малекулярнага ўзроўню, структуры. Мяжа паміж малекуламі і арганоідамі не вельмі выразная. Так, рыбасомы, якія звычайна адназначна адносяць да арганоідаў, можна лічыць і складаным малекулярным комплексам. Усё часцей да арганоідаў прылічваюць і іншыя падобныя комплексы параўнальных памераў і ўзроўню складанасці — пратэасомы, сплайсасомы і інш. У той жа час параўнальныя па памерах элементы цыташкілета (мікратрубачкі, тоўстыя філаменты папярочнапаласатых мышцаў і г.д.) звычайна да арганоідаў не адносяць. Ступень сталасці клетачнай структуры — таксама ненадзейны крытэрый яе аднясення да арганоідаў. Так, верацяно дзялення, якое хоць і не ўвесь час, але заканамерна прысутнічае ва ўсіх эўкарыятычных клетках, звычайна да арганоідаў не адносяць, а везікулы, якія ўвесь час з'яўляюцца і знікаюць падчас абмену рэчываў — адносяць. Шмат у чым набор арганоідаў, які пералічваецца ў навучальных кіраўніцтвах, вызначаецца традыцыяй.
Арганела | Асноўная функцыя | Структура | Арганізмы | Заўвагі |
---|---|---|---|---|
Хларапласт (Пластыды) | фотасінтэз | двухмембранная | расліны, Пратысты | маюць уласную ДНК; мяркуюць што хларапласты ўзніклі з цыянабактэрый у выніку сімбіягенезу |
Эндаплазматычны рэтыкулум | трансляцыя і згортванне новых бялкоў (гранулярны эндаплазматычны рэтыкулум), сінтэз ліпідаў (агранулярны эндаплазматычны рэтыкулум) | аднамембранная | усе эўкарыёты | на паверхні гранулярнага эндаплазматычнага рэтыкулума знаходзіцца вялікая колькасць рыбасом, згорнуты як мяшок; агранулярны эндаплазматычны рэтыкулум згорнуты ў трубачкі |
Апарат Гольджы | сартаванне і пераўтварэнне бялкоў | аднамембранная | усе эўкарыёты | асіметрычны — цыстэрны, якія размяшчаюцца бліжэй да ядра клеткі (цыс-Гольджы) утрымліваюць найменш спелыя бялкі, а ад транс-Гольджы адпачкоўваюцца бурбалкі, якія змяшчаюць цалкам спелыя бялкі |
Мітахондрыя | энергетычная | двухмембранная | большасць эўкарыёт | маюць сваю ўласную мітахандрыяльную ДНК; мяркуюць, што мітахондрыі ўзніклі ў выніку сімбіягенезу |
Вакуоль | запас, падтрыманне гамеастазу, у клетках раслін — падтрыманне формы клеткі (тургор) | аднамембранная | эўкарыёты, больш выяўлена ў раслін | |
Ядро | Захоўванне ДНК, транскрыпцыя РНК | двухмембранная | усе эўкарыёты | утрымлівае асноўную частку генома |
Рыбасомы | сінтэз бялку на аснове матрычных РНК пры дапамозе транспартных РНК | РНК/бялок | эўкарыёты, пракарыёты | |
Везікулы | назапашваюць ці транспартуюць пажыўныя рэчывы | аднамембранная | усе эўкарыёты | |
Лізасомы | дробныя лабільныя ўтварэнні, якія змяшчаюць ферменты, у прыватнасці гідралазы, што прымаюць удзел у працэсах пераварвання фагацытаванай пажытку і аўтолізу (самарастварэнне арганел) | аднамембранная | большасць эўкарыёт | |
Цэнтрыёлі (клетачны цэнтр) | Цэнтр арганізацыі цыташкілета. Неабходзен для працэсу клетачнага дзялення (раўнамерна размяркоўвае храмасомы) | немембранная | эўкарыёты | |
Меланасома | захоўванне пігменту | аднамембранная | жывёлы | |
Міяфібрылы | скарачэнне мышачных валокнаў | складана арганізаваны пучок бялковых ніцяў | жывёлы | |
Мяркуюць, што мітахондрыі і пластыды — гэта былыя сімбіёнты клетак, што ўтрымліваюць іх, якія некалі былі самастойнымі пракарыётамі (гл. Протасімбіятычная тэорыя).
Литература
- Биологический энциклопедический словарь. — М., «Советская энциклопедия», 1986.
- Грин Н., Стаут У., Тейлор Д. Биология. — М., «Мир».
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Арганоіды