Арабацкая стрэлка | |
---|---|
укр. Арабатська стрілка, руск. Арабатская стрелка, крымска-тат. Arabat beli | |
45°42′ пн. ш. 35°00′ у. д. | |
Акваторыя | Азоўскае мора |
Плошча | 1 430 км² |
Найвышэйшы пункт | 20 м |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Арабацкая стрэлка (укр.: Арабатська стрілка, руск.: Арабатская стрелка, крымскатат.: Arabat beli) — доўгі выцягнуты паўвостраў, адгалінаванне Крымскага паўвострава. Аддзяляе заліў Сіваш ад Азоўскага мора. Уваходзіць у склад Аўтаномнай Рэспублікі Крым[1] і Херсонскай вобласці Украіны. Агульная плошча — 1430 км².
Геаграфія і прырода
Арабацкая стрэлка — доўгая пясчаная каса-паўвостраў на захадзе Азоўскага мора. Аддзяляе ад мора заліў Сіваш. На поўначы Генічэскай пратокай адасоблена ад мацерыка, на поўдні прылягае да Керчанскага паўвострава Крыма. Даўжыня 115 км, шырыня — ад 270 м да 7,5 км. Знаходзіцца ў 70 км на захад ад горада Керч, у 100 км на паўночны ўсход ад горада Сімферопаль, у 166 км на паўднёвы усход ад горада Херсон.
Арабацкая стрэлка ў геалагічным сэнсе з’яўляецца берагавым барам. Пачатак фарміравання яе адносіцца да ранняга галацэна, калі ўзровень мора быў больш нізкі. Услед за яго пад’ёмам Арабацкая стрэлка паступова змяшчалася на захад, пакуль не прычлянілася да берага, аддзяліўшы ад мора Сівашскую лагуну. У аснове яе знаходзіліся суглінкі, затым адбывалася назапашванне глею. У ніжніх пластах — марскія глеі з зялёным адценнем, у верхніх (да 2 — 4 м) — шэрыя лагунныя глеі. Зялёныя глеі назапашваліся ў пару, калі паўвостраў яшчэ не сфарміраваўся, заліў Сіваш цалкам не аддзяліўся, і ўзровень яго салёнасці быў значна ніжэйшы. Такім чынам, было падлічана, што Арабацкая стрэлка ўзнікла прыкладна ў 1100—1200 гг. н. э.
Паміж глеістымі адкладаннямі і на паверхні суглінкаў намываўся пясок — раздробненыя ракавінкі. Дзякуючы гэтаму заходняе ўзбярэжжа Арабацкай стрэлкі ўяўляе сабою доўгі пясчаны пляж. У некаторых месцах суглінкі выходзяць на паверхню. Іх пласт цягнецца ўглыб на 100 м. Гліністы пласт стрымлівае дажджавыя воды, таму на паўвостраве маюцца крыніцы пітной вады, у тым ліку 1 гарачая радонавая крыніца, на якой у нашы дні пабудавана лякарня.
Клімат умераны засушлівы, але без рэзкіх ваганняў. Сярэдняя тэмпература паветра ў ліпені трымаецца каля 23 — 24 °C, а тэмпература мора каля паўвострава дасягае 30 — 32 °C. Сярэдняя тэмпература паветра ўзімку — каля −2,4 — −3,2 °C, а мора — 0 — 1 °C. З-за ўсходніх вятроў марская акваторыя каля паўвострава ўзімку занята льдамі. У красавіку лёд ламаецца, утвараюцца таросы да некалькіх метраў у вышыню. Сярэдняя колькасць ападкаў у зімовы перыяд — каля 40 мм у месяц, у пачатку лета — не болей за 45 мм у месяц, а ў жніўні — каля 20 мм.
На поўначы Арабацкай стрэлкі пераважаюць чарназёмы, а на поўдні — каштанавыя глебы. Яны, асабліва з боку заліва Сіваш, моцна засоленыя. Флора паўвострава налічвае каля 150 відаў раслін. Характэрна саланчаковая расліннасць (саланец, кермек, сарсазан). Часта сустракаюцца палын, кавыль, дзядоўнік, увесну красуюць цюльпаны. Маюцца штучныя насаджэнні дрэваў і хмызнякоў, вінаграднікі.
Таксама ў паўночнай частцы стрэлкі знаходзяцца Чокракскае і Генічаскае возера.
Жывёльны свет прадстаўлены птушкамі, казуркамі, яшчаркамі.
Раён рэкрэацыі. У 1974 годзе ўтвораны Арабацкі заказнік, дзе ў прыродным стане збераглася стэпавая саланчаковая расліннасць.
Гісторыя
Арабацкая стрэлка сфарміравалася даволі позна, таму ў старажытных пісьмовых крыніцах яна не ўзгадваецца. На картах упершыню з’явілася толькі ў 1651 г. Складальнік карты пазначыў на поўдні паўвострава крэпасць Арабат. Яна засцерагала Крымскае ханства ад нападаў з поўначы. Ад назвы крэпасці паходзіць і назва ўсяго паўвострава. У 1668 г. крэпасць была захоплена і часткова разбурана запарожскімі казакамі, але пазней адноўлена. У 1771 г. з поўначы праз Арабацкую стрэлку ў Крым уварвалася расійская армія і штурмам узяла Арабат.
У 1783 г. Крымскае ханства было ліквідавана, а яго землі далучаны да Расійскай імперыі. Падчас Крымскай вайны брытанскія і французскія войскі занялі суседні Керч, але захапіць Арабацкую стрэлку не здолелі. Пасля вайны крэпасць Арабат страціла сваё значэнне і больш не выкарыстоўвалася.
З пачатку XIX ст. адбывалася гаспадарчае асваенне Арабацкай стрэлкі. У 1835 г. праз яе прайшоў паштовы тракт Мелітопаль — Феадосія. Да канца XIX ст. дзейнічала 5 паштовых станцый. Былі прасвідраваны калодзежы для здабычы прэснай вады, арганізаваны дзяржаўныя пункты здабычы солі. Мясцовае насельніцтва таксама займалася рыбалоўствам. У канцы XIX ст. перасяленцы з Украіны заснавалі пасёлак Шчасліўцава, каля якога пасадзілі абрыкосавыя сады. У пачатку XX ст. Арабацкая стрэлка трапіла ў валоданне прадпрымальніка і палітычнага дзеяча Саламона Крыма, які арганізаваў прамысловую здабычу солі ў Сівашы і пабудаваў вузкакалейную чыгунку на поўнач. Соль з Арабацкай стрэлкі лічылася высакаякаснай. У 1912 г. на выставе ў Парыжы яна атрымала залаты медаль. У савецкі час таксама вялася здабыча пяску.
Увосень 1920 г. праз Арабацкую стрэлку ў Крым у абыход умацаванняў П. М. Врангеля ўварваліся часткі РСЧА на чале М. У. Куйбышава.
У 1941 г., 1943 г. і 1944 г. на паўвостраве кіпелі жорсткія баі. Сведкам падзей 1941 г. стаў савецкі пісьменнік Канстанцін Міхайлавіч Сіманаў. У красавіку 1944 г. на поўдні Арабацкай стрэлкі высадзіўся савецкі парашутны дэсант, які перашкодзіў адступленню нямецкай Керчанскай групіроўкі. Пасля вайны не далёка ад крэпасці Арабат парашутыстам быў усталяваны помнік.
У пасляваенны перыяд на поўначы Арабацкай стрэлкі з’явіліся лякарні і дамы адпачынку, пачаў развівацца турызм.
Інфраструктура
Населеныя пункты размешчаны пераважна на поўначы і ў цэнтральнай частцы Арабацкай стрэлкі. Уздоўж берагоў Азоўскага мора і заліва Сіваш пракладзены дарогі. Аднак толькі дарога ад пасёлка Стралкова да Генічаска мае цвёрдае пакрыццё. Вузкакалейная чыгунка не дзейнічае. На паўвостраве вядзецца здабыча мінеральных вод і солі, вырошчваецца садавіна і вінаград. Аднак у нашы дні аснову мясцовай эканомікі складае турызм. На поўначы Арабацкай стрэлкі арганізавана больш за 100 буйных і сярэдніх лякарняў, пансіянатаў і дамоў адпачынку. Мяккі клімат Арабацкай стрэлкі лічыцца асабліва прыдатным для дзяцей.
Зноскі
Літаратура
- Географічна енциклопедія України: В 3-х т. / Редкол.: О. М. Маринич (відповід. ред.) та ін. — К.: «Українська Радянська Енциклопедія» ім. М. П. Бажана, 1989, — Т. 1: А — Ж. — 416 с.: іл. — ISBN 5-88500-005-0 (укр.)