Апостал Варфаламей | |
---|---|
арам.: בר תולמי | |
Дата нараджэння | I стагоддзе да н.э. |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | I стагоддзе |
Месца смерці | |
Шануецца | большасцю хрысціянскіх цэркваў |
У ліку | апосталаў |
Галоўная святыня | мошчы ў Беневента (Італія) |
Дзень памяці |
у Армянскай царкве — 25 лютага і 8 снежня у Каталіцкай царкве — 24 жніўня у Праваслаўнай царкве — 22 красавіка, 11 чэрвеня, 30 чэрвеня і 25 жніўня (па юліянскаму календару) |
Падзвіжніцтва | апостальская пропаведзь, пакутніцкая смерць |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Варфаламей (Нафанаіл) (іўр.: תולמי-בר, грэч. Βαρθολομαίος, лац.: Bartholomaeus) — адзін з дванаццаці апосталаў (вучняў) Ісуса Хрыста, згаданы ў Новым Запавеце.
Новазапаветная гісторыя
Згаданы ў спісах апосталаў у Евангеллі паводле Мацвея (Мф. 10:3), паводле Марка (Мк. 3:18), а таксама ў Дзеяннях Святых Апосталаў (Дзеі 1:13). Імя «Варфаламей» магчыма з’яўляецца арамейскім патранімічным імем (імем па бацьку) «bar talamai» — «сын Талмая»[1], дзе Талмай — скажонае на арамейскі лад грэчаскае імя Пталамей.
Існуе практычна аднадушнае меркаванне біблеістаў пра тое, што згаданы ў Евангеллі паводле Яна (Ян. 1:45—50) Натанаіл — гэта адна асоба з Варфаламеем. Такім чынам, апостал Варфаламей — адзін з першых вучняў Хрыста, закліканы чацвёртым услед за Андрэем, Пятром і Філіпам.
Евангеліст паведамляе, што Варфаламей быў родам з Каны Галілейскай (Ян. 21:2). Як відаць, ён быў сваяком ці блізкім сябрам апостала Філіпа, паколькі менавіта Філіп прывёў Варфаламея да Ісуса, і ў спісах апосталаў яны згадваюцца побач. У сцэне паклікання Натанаіла-Варфаламея ён прамаўляе знакамітую фразу «З Назарэта ці ж можа быць што добрае?». Ісус, пабачыўшы яго, кажа пра яго: «Вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасці». Больш пэўных звестак Святое Пісанне пра Варфаламея не дае, большая частка яго жыццяпісу вядомая па апакрыфічных крыніцах.
Паданні
Паводле падання, Варфаламей разам з Філіпам прапаведаваў у гарадах Малой Азіі, асабліва ў сувязі з імем апостала Варфаламея згадваюць горад Іераполіс. Традыцыя паведамляе таксама пра яго паездку ў Індыю і пропаведзі ў Арменіі, дзе на Арташацкім узгорку ён сустрэўся з апосталам Іудам Фадзеем (армянская царква шануе іх як сваіх заснавальнікаў). Еўсевій Кесарыйскі паведамляе, што ў Індыі Варфаламей пакінуў заснаванай ім абшчыне Евангелле паводле Мацвея на яўрэйскай мове, якое было знойдзена філосафам Пантэнам, выкладчыкам Александрыйскай школы.[2]
Смерць
Паводле падання, па падгавору паганскіх жрацоў брат армянскага цара Астыяг «схапіў святога апостала і ў горадзе Альбане раскрыжаваў яго ўніз галавой»[3], але Варфаламей працягваў сваю пропаведзь, тады яго знялі з крыжа, знялі скуру, а затым абезгаловілі[4]. Вернікі ўзялі «яго цела, галаву і скуру, паклалі іх у алавяную ра́ку і пахавалі ў тым жа горадзе, Альбане, што ў Вялікай Арменіі».
Існуюць разнастайныя версіі па ідэнтыфікацыі горада Альбаны (Альбанапаль, Урбанапаль):
- Праваслаўная традыцыя атаясамлівае яго з Баку[3], у якім пры раскопках у Дзявоцкай вежы былі выяўленыя рэшткі старажытнага храма, які атаясамліваецца з базілікай, збудаванай над месцам згубы апостала.
- Мішэль ван Эсбрук мяркуе, што пад Альбанай разумеецца пантыйскі горад Нікопаль.
- Паводле іншай версіі, апостал Варфаламей пахаваны на тэрыторыі іранскай правінцыі Заходні Азербайджан, дзе ў XIV стагоддзі на месцы меркаванага пахавання быў пабудаваны армянскі манастыр Сурб Варфаламеас.
Каля 410 года мошчы Варфаламея былі перанесеныя з Ахбака ў Мартыропаль, а каля 507 года ў горад Дара (Месапатамія). Пры нашэсці персаў у 574 годзе, па паведамленні Рыгора Турскага, ра́ку з мошчамі кінулі ў мора, і яна цудоўным чынам прыплыла да вострава Ліпары. Каля 838 года мошчы перанеслі ў Беневента, дзе яны захоўваюцца ў наш час. З X стагоддзя частка мошчаў апостала захоўваецца на востраве Тыберына (Рым) у царкве Сан-Барталамеа, прысвечанай апосталу. Часціцы мошчаў апостала Варфаламея таксама захоўваюцца ў шэрагу афонскіх манастыроў, кафедральным саборы Святых Жонак-міраносіц у Баку (перададзена ў 2003 годзе Канстанцінопальскім патрыярхам[5]) і іншых месцах.
Зноскі
- ↑ М. А. Маханько. Варфоломей // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2003. — Т. VI. — С. 706—711. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-010-2.
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. Царкоўная гісторыя. V, 10.
- 1 2 Димитрий Ростовский. Житие и страдания святого апостола Варфоломея.
- ↑ Апостол Варфоломей (руск.)
- ↑ Константинопольский Патриарх передал православным Азербайджана часть мощей Св. апостола Варфоломея (руск.)