Аперацыя «Заход» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйская вайна | |||
Дата | 23 — 27 лютага 1999 | ||
Месца | Заходні фронт (сектар Бадмэ) | ||
Вынік | перамога Эфіопіі | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Аперацыя «Заход»[1][2][3] — кодавая назва эфіопскага наступлення падчас пагранічнай вайны з Эрытрэяй. Па выніках аперацыі, падрыхтаванай і праведзенай па класічных канонах тактыкі і аператыўнага мастацтва[2], эрытрэйскія войскі на Заходнім фронце былі адкінуты на даваенную мяжу.
Гісторыкі Міхаіл Жырахаў (Украіна) і Іван Канавалаў (Расія) адзначалі, што поспеху наступлення ў значнай ступені спрыяла актыўная і эфектыўная работа верталётчыкаў.
Сітуацыя
Напярэдадні новай кампаніі ўрад Эфіопіі 29 студзеня 1999 года прыняў рашэнне аб закрыцці ўсіх школ і каледжаў у гарадах Мэкэле, Аксум, Адуа і іншых, справядліва баючыся, што населеныя пункты зноў стануць аб’ектамі ўдараў авіяцыі праціўніка[3].
З 2 лютага эрытрэйцы пачалі праводзіць артылерыйскія абстрэлы варожых пазіцый. 6 чысла яны перайшлі ў наступленне, якое, аднак, прывяло да контратакі эфіопаў. Ім удалося ўзяць пасёлак Гэза-Герласе (адзін з ключавых пунктаў усёй эрытрэйскай абароны ў гэтым сектары Бадмэ), раёны Канін і Каніта, а таксама знішчыць РЛС эрытрэйскай сістэмы СПА пад горадам Ады-Квала[2][3]. Ужо 14 лютага пачынаецца эфіопскае наступленне пры магутнай падтрымцы цяжкай артылерыі на Усходнім фронце ў напрамку на Асэб. Усе гэтыя ўдары каштавалі велізарных страт, але яны прымусілі эрытрэйскае камандаванне накіраваць падмацаванне ў цэнтр і на ўсход, а не Заходні фронт пад Бадмэ[2].
Падрыхтоўка
Аперацыя, накірваная на Заходні фронт (сектар Бадмэ), эфіопскім камандаваннем рыхтавалася доўга. Супраць 40-тысячнай групоўкі арміі Эрытрэі было засяроджана да 80 тыс. эфіопскіх вайскоўцаў (шэсць дывізій) і 70 танкаў Т-55. На працягу васьмі месяцаў зацішша, якое працягвалася з чэрвеня 1998 года, эрытрэйцы стварылі ў Бадмэ магутны ўмацаваны раён з фартыфікацыйнымі збудаваннямі, доўгімі лініямі акопаў і вялікімі міннымі палямі. Адной з галоўных праблем эфіопскага камандавання пры падрыхтоўцы наступлення стала бесперабойнае забеспячэнне такой колькасці войск ва ўмовах амаль поўнага бездарожжа пасля сезону дажджоў. Для яе рашэння з-за кратаў былі вызвалены некалькі генералаў службы тылу арміі былога зрынутага рэжыму ДЭРГ[2].
Ход аперацыі
Раніцай 23 лютага армія Эфіопіі пачала аперацыю «Заход». Пасля масіраванай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі, якая пачалася ў 6:00, эфіопскія войскі перайшлі ў наступленне на ўсіх трох участках фронту. Да поўдня таго ж дня абарона ў сектары Бадмэ (100 км траншэй са шматлікімі доўгачасовымі агнявымі кропкамі) была прарвана. Эфіопы ўбілі тры бранявыя кліны, якімі рассеклі групоўку праціўніка на часткі і прыступілі да планамернага іх знішчэння[3].
Тактыка наступаючага боку выглядала наступным чынам: пяхота наступала «хвалямі» на шырокім фронце ў 60 км прама праз мінныя палі пад ураганным агнём праціўніка, пакідаючы шматлікія агнявыя кропкі; за пяхотнікамі рушылі танкавыя падраздзяленні, прабіваючы пралом у лініі абароны і адразаючы частку варожых падраздзяленняў ад асноўных сіл[2].
У гэты ж час расійскія ваенспецы дапамаглі эфіопам падрыхтаваць транспартнікі Ан-12 да выкарыстання ў ролі начных бамбардзіроўшчыкаў ва ўмовах абмежаваных магчымасцяў па выкарыстанні спецыялізаваных ўдарных самалётаў МіГ-23БН. Як мінімум двойчы ў апісваны перыяд пераабсталяваныя расіянамі транспартнікі бамбілі пазіцыі эрытрэйцаў у раёне Бадмэ[3]. У ходзе наступальнай аперацыі, акрамя іх, непасрэдную падтрымку дзеянням эфіопскай пяхоты і механізаваных часцей аказвалі баявыя верталёты Мі-24/35[2].
25 і 26 чысла на Заходні фронце ў паветраных баях сутыкнуліся знішчальнікі варагуючых краін. У супрацьстаянні эрытрэйскіх МіГ-29 з эфіопскімі Су-27 у абодвух выпадках перамогу атрымалі апошнія. Пры гэтым эрытрэйскі бок страціў два лятальных апарата збітымі і двух загінулых авіятараў — Самуэля і Ёнаса[3]. Апошні паветраны бой зафіксаваў на відэастужку франтавы эфіопскі карэспандэнт. Праз некалькі дзён відэазапіс паказалі па мясцовым тэлебачанні, што спрыяла ўзняццю баявога духу войск і прэстыжу знішчальніка «Сухога»[4].
Праз тры дні з пачатку наступлення быў узяты адміністрацыйны цэнтр Бадмэ[2]. На наступны дзень эфіопы выйшлі на даваенную граніцу. Пасля гэтага інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася да ўзроўню баёў мясцовага значэння[3].
Вынікі
За чатыры дні баёў на гэтым участку фронту эрытрэйцы страцілі дзясяткі тысяч чалавек забітымі, параненымі і палоннымі і былі адкінуты на тыя пазіцыі, якія займалі перад вайной. Эфіопы знішчылі і захапілі ў якасці трафеяў вялікую колькасць танкаў, баявых браніраваных машын, артылерыйскіх сістэм і іншую ваенную маёмасць. Астатнія сілы эрытрэйскай арміі, якія не трапілі ў акружэнне і не былі знішчаны, адступілі ў поўным парадку на пазіцыі па лініі падзелу дзвюх дзяржаў да 6 мая 1998 года (у 25 км на поўнач)[2].
Зноскі
- ↑ Cooper, Tom; Fontanellaz, Adrien (31 July 2018). Ethiopian-Eritrean Wars. Volume 2: Eritrean War of Independence, 1988-1991 & Badme War, 1998-2001. ISBN 9781913118358.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
- 1 2 3 4 5 6 7 Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
- ↑ А. Иванович. Эфиопия — Эритрея : Уроки воздушной войны // Авиация и время : журнал. — 2009. — № 4. — стр. 40—46.