Член каманды Апалон-11 Баз Олдрын, другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Ліпень 1969.

Прагра́ма «Апалон» (англ.: Apollo program) — трэцяя праграма пілатуемых касмічных палётаў, ініцыяваная NASA. У часы Эйзенхаўэра, калі з'явіліся першыя ідэі што да праграмы, «Апалон» меркаваўся праграмай палётаў трохмесных караблёў, якая прыйшла б на замену аднамесным караблям праграмы «Меркурый». Наступны ж прэзідэнт, Джон Фіцджэральд Кенэдзі, у сваім звароце да Кангрэса ЗША 25 мая 1961 года вывеў запуск «Апалона» для «пасадкі чалавека на Месяц і вяртання на Зямлю ў бяспецы» да канца 1960-х гадоў у шэраг нацыянальных мэт. У 1962 годзе на замену «Меркурыю» прыйшоў Праект «Джыміні», які працягнуўся да 1966 года. Першы пілатуемы палёт на «Апалоне» адбыўся ў 1968 годзе, а кульмінацыяй праекта стала першая высадка чалавека на Месяц.

Мэта, пастаўленая Кенэдзі — ступіць на Месяц — была дасягнута місіяй Апалон-11, падчас якой астранаўты Ніл Армстранг і Баз Олдрын на Месяцавым модулі 20 мая 1969 года прызямліліся на Месяц (Майкл Колінз заставаўся на месяцавай арбіце ў камандным модулі); усе тры астранаўты паспяхова вярнуліся на Зямлю 24 ліпеня. Пасля Апалона-11 яшчэ ў ходзе 5 місій 10 чалавек пабывалі на Месяцы.

Праграма «Апалон» вялася з 1961 па 1972 год, на дапамогу якой у 1962—1966 гадах вялася адначасова праграма двухмесных караблёў «Джыміні». У ходзе запускаў «Джыміні» былі выпрацаваныя некаторыя тэхнікі і метады палётаў у космас, неабходныя для паспяховага выканання місій «Апалона». У якасці ракеты-носьбіта для праграмы было абрана сямейства ракет «Сатурн».

Нягледзячы на няўдачу на самым пачатку, пажар у кабіне пілотаў Апалона-1 у час перадпалётных выпрабаванняў, які забраў жыцці ўсіх трох астранаўтаў, праграма выканала пастаўленыя задачы. У ходзе праграмы былі ажыццёўлены 6 высадак людзей на Месяц. Сёмы візіт на Месяц у ходзе місіі Апалон-13 быў сарваны з-за выбуху рэзервуара з кіслародам на шляху да Месяца, які разладзіў рухавік каманднага модуля і сістэмы жыццезабеспячэння. Толькі дзякуючы рэсурсу Месяцавага модуля камандзе ўдалося выжыць і вярнуцца на Зямлю.

Гл. таксама

  • Каланізацыя Месяца
  • Месяцавая змова

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.