Апалачы | |
---|---|
англ.: Appalachian Mountains | |
Краіны | |
Даўжыня | 2 600 км |
Найвышэйшая вяршыня | Мітчэл |
Найвышэйшы пункт | 2037 м |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Апалачы (англ.: Appalachian Mountains) — горная сістэма на ўсходзе Паўночнай Амерыкі, у ЗША і Канадзе.
Геалогія
Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі.
Апалачская складкавая вобласць сфарміравалася ўздоўж паўднёва-ўсходняй ускраіны Паўночна-Амерыканскай платформы ў выніку праяўлення таконскай (сярэдні ардовік — сілур), акадскай (ранні — сярэдні дэвон) і алеганскай (карбон — ранняя перм) фазаў складкавасці. 3 канца палеазою і ў мезазоі падвяргалася моцнай эрозіі, у позняй юры перакрывалася морам, на працягу мелавога перыяду і кайназойскай эры паўторна спадзіста прыўзнята. Складзена з магутных тоўшчаў вапнякоў, кварцавых пяскоў, гліністых сланцаў, граўвакаў, з вулканічных і вывергнутых парод.
Паўночная і паўднёва-ўсходняя частка Апалачаў складзена з крышталічных парод, заходняя і паўднёва-заходняя — пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Уздоўж паўднёвых схілаў Апалачаў, у перадгорным прагіне ляжыць Апалачскі вугальны басейн — адзін з найбуйнейшых у свеце. Ёсць радовішчы нафты і газу, жалезных руд, тытану, азбесту.
Рэльеф
Апалачы працягнуліся з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 2600 км. Асноўныя хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя горы. Пераважаюць вышыні 1300—1600 м, найбольшая вышыня да 2037 м (гара Мітчэл, Блу-Рыдж).
Апалачы падзяляюцца на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор'е вышынёй 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты вышынёй да 1916 м (гара Вашынгтон). Вяршыні згладжаны, ператвораны старажытным ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы ў восевай зоне складаюцца з паралельных хрыбтоў і масіваў, падзеленых шырокімі далінамі. Да восевай зоны з хрыбтом Блу-Рыдж прылягаюць з усходу плато Підмант, з захаду — Апалачскае плато.
Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі.
Клімат
Клімат на поўначы ўмераны, на поўдні субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага акіяна і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія тэмпературы студзеня вагаюцца ад −12 на поўначы да 8 °C на поўдні, ліпеня адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год.
Расліннасць і жывёльны свет
Расліннасць паўночнай часткі — хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на поўдзень ад 41° пн. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі.
Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра.
Турызм, ахова прыроды
Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. Створаны нацыянальныя паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Апалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.
Літаратура
- Зінавенка Г. У. Апалачская складкавая вобласць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Лаўрыновіч М. В. Апалачы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Апалачы