Анізатрапі́я (ад стар.-грэч.: ἄνισος — неаднолькавы + τρόπος — напрамак) у фізіцы — залежнасць фізічных (механічных, аптычных, магнітычных і інш.) уласцівасцей рэчыва ад напрамку.
Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцей, напрыклад, вадкіх крышталёў, тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул.
У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напрыклад, драўніна) або штучнай тэкстуры (напрыклад, пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія механічных уласцівасцей). Анізатрапія многіх уласцівасцей крышталёў, напрыклад лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцей, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж галоўнай восі сіметрыі і ўпоперак да яе.
Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі.
Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напрыклад, у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, электрычнага поля, магнітнага поля.
Гл. таксама
- Эфект Катона—Мутона
- Эфект Фарадэя
Літаратура
- Анізатрапія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).