Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка | |
---|---|
Дата нараджэння | 11 лютага 1877 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 лютага 1942 (65 гадоў) |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Партыя | |
Член у | |
Род дзейнасці | палітык |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка (11 лютага 1877, Мінск — 12 лютага 1942) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, педагог.
Біяграфія
Нарадзіўся 11 лютага 1877 года ў Мінску.
Скончыў мінскую гімназію, Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1903), электратэхнічныя курсы ў г. Льеж (1904).
Падчас вучобы ў Пецярбургу ўдзельнік Беларускага гуртка народнай прасветы, студэнцкага руху, быў арыштаваны. Адзін са стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады.
З 1905 года працаваў інжынерам-электрыкам у Варшаве, Пецярбургу, Маскве. З 1909 года ў складзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца».
Падчас Першай сусветнай вайны знаходзіўся ў Заходняй Еўропе. З восені 1918 у Мінску, выкладаў у польскай гімназіі, Мінскім настаўніцкім інстытуце. Адзін з ініцыятараў стварэння і член ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Зімой 1919 член калегіі Наркамасветы БССР. 17 сакавіка 1919 года арыштаваны ВЧК як «польскі агент» і інтэрніраваны ў Смаленск.
Пасля вызвалення ў лістападзе 1919 года ўвайшоў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. З 1 сакавіка 1920 года працаваў намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута.
У лістападзе 1920 г. падпісаў План-канспект нарады («Слуцкая акцыя») некаторых беларускіх сацыялістаў з прадстаўнікамі мясцовых землеўласнікаў па абмеркаванні сумесных дзеянняў супраць бальшавікоў, асноўныя палажэнні якога былі: вызваленне Беларусі і дасягненне яе незалежнасці; незалежнасць Беларусі здабываецца шляхам федэрацыі з Польшчай праз больш цесную яе сувязь з Сярэдняй Літвой; надзея толькі на ўласныя сілы, сілы краю, а значыць — палітыка праводзіцца ў духу выканання ўсіх пастулатаў насельніцтва; унутраныя непаразуменні паміж палітыкамі і іншымі слаямі насельніцтва павінны быць выключаны; нацыянальная роўнасць; дзяржаўнасць несумненна беларуская; апора на мясцовыя самаўрады; узбройванне ўсяго насельніцтва Беларусі і прыём у рэгулярнае беларускае войска добраахвотнікаў з Польшчы; радыкальная зямельная рэформа і яе рэкламаванне; пазбяганне рэквізіцый; дапамога ў забеспячэнні харчаваннем; законны ўрад, створаны Найвышэйшай Радай, — склад ураду: 50% беларусаў, 40% палякаў і 10% яўрэяў. Такі нацыянальны склад ураду і ўся сітуацыя — каб атрымаць гарантыі дапамогі ад Польшчы; апора на Польшчу, Сярэднюю Літву і Францыю — каб змагацца з бальшавікамі. Сярод іншых падпісантаў плана-канспекта былі: Альгерд Гардзялкоўскі, Раман Аляксандравіч Скірмунт, Ігнат Антонавіч Парэмбскі, Абязерскі, Павел Якаўлевіч Жаўрыд, Андрэй Паўлавіч Якубецкі, Ражноўскі, Кузьма Юр’евіч Цярэшчанка, Лявон Іванавіч Дубейкаўскі, Аркадзь Антонавіч Смоліч, Чэслаў Урбанавіч Крупскі, Сяргей Іосіфавіч Баран[1]. Запланаваныя намеры не ажыццявіліся, а таксама правалілася вярбовачная кампанія Беларускай вайсковай камісіі (БВК) на Гарадзеншчыне ў склад беларускіх збройных аддзелаў[2].
З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі (у 1922—1923 і 1928—1930 яе дырэктар). Адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы (у 1921—1924 гадах — адказны сакратар). У міжваенны перыяд працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча ў Вільні, супрацоўнічаў з газетай «Наперад». Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у кастрычніку 1939 года арыштаваны органамі НКУС СССР, сасланы на 10 гадоў у Сібір. У сувязі з уступленнем у армію генерала Андэрса быў вызвалены. Памёр 12 лютага 1942 года па дарозе да месца дыслакацыі[3].
Бібліяграфія
- Фізыка. Курс VI клясы гімназіі. Механіка. Цяплыня. Вільня, 1922.
- Фізыка: Акустыка і оптыка. Ч. 2. Вільня, 1924.
- Аналітычная геамэтрыя. Вільня, 1927.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 16. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 318. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Антон Станіслававіч Неканда-Трэпка
- НЕКАНДА-ТРЭПКА Антон Станіслававіч