Антоній | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
![]() | |||||||
|
|||||||
Царква | Уніяцкая Царква Руская праваслаўная царква |
||||||
Пераемнік | Міхаіл (Галубовіч) | ||||||
|
|||||||
Царква | Руская праваслаўная царква | ||||||
Папярэднік | Міканор (Кляменцьеўскі) | ||||||
Пераемнік | Міхаіл (Галубовіч) | ||||||
|
|||||||
Адукацыя |
Полацкая духоўная семінарыя (1816) Полацкая езуіцкая акадэмія (1818) Віленскі ўніверсітэт (1822) |
||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар, каталіцкі біскуп | ||||||
Месца працы | |||||||
Імя пры нараджэнні | Антоній Рыгоравіч Зубко | ||||||
Нараджэнне |
2 ліпеня 1797 Белае, Полацкі павет, Беларуская губерня, Расійская імперыя |
||||||
Смерць |
15 лютага 1884 (86 гадоў) Коўна, Ковенская губерня, Расійская імперыя |
||||||
Пахаванне | Пажайскі манастыр | ||||||
Бацька | Рыгор Зубко | ||||||
Прыняцце свяшчэннага сану | 1824 | ||||||
Епіскапская хіратонія | 1833 | ||||||
Узнагароды |
![]() Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені |
Антоній (свецкае імя: Антоній Рыгоравіч Зубко; 2 ліпеня 1797, Белае, Полацкі павет, Беларуская губерня — 15 лютага 1884, Коўна, Расійская імперыя) — уніяцкі, потым праваслаўны дзеяч Расійскай імперыі, епіскап Брэсцкі (1833—1840), епіскап Мінскі і Бабруйскі (1840—1848). Магістр багаслоўя (1822), прафесар.
Быў адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў уніяцкага духавенства свайго часу. У далейшым вызначыўся як актыўны паплечнік Іосіфа Сямашкі ў справе ліквідацыі грэка-каталіцкай царквы і адзін з ініцыятараў Полацкага царкоўнага сабора[1].
Біяграфія
Уніяцкі святар
Нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага святара. Беларус[2]. Ва ўзросце 6 гадоў страціў бацьку, навучаўся ў мясцовага арганіста, потым паступіў у Полацкую духоўную семінарыю (1809) і па яе завяршэнні перайшоў у Полацкую езуіцкую акадэмію (1816), якую скончыў у 1818 годзе ў ступені кандыдата філасофіі.
Пасля вучыўся на багаслоўскім факультэце ў Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце (1818—1822). У гэты перыяд ён пазнаёміўся з Іосіфам Сямашкам і ў далейшым стаў яго прыхільнікам[3].
Па сканчэнні семінарыі атрымаў ступень магістра багаслоўя і быў прызначаны прафесарам філасофіі ў Полацкую семінарыю. У 1824 годзе Антоній быў пасвечаны ў сан настаяцеля Полацкага ўніяцкага кафедральнага сабора і прызначаны членам Полацкай кансісторыі.
У 1825 годзе быў узведзены ў малодшыя саборныя протаіерэі і ў 1828 годзе стаў першым рэктарам заснаванай Літоўскай духоўнай семінарыі ў Жыровіцах. Неўзабаве атрымаў чын старшага саборнага протаіерэя.
Адначасова з дзейнасцю на пасадзе рэктара семінарыі ад 1833 года ўзначаліў уніяцкую Брэсцкую епархію, стаў епіскапам Брэсцкім, вікарыем Літоўскай уніяцкай епархіі. Пасвячэнне правялі пры ўдзеле мітрапаліта Іасафата Булгака, епіскапа Іосіфа Сямашкі і каталіцкага епіскапа Ігнацыя Паўлоўскага.
На Полацкім царкоўным саборы 12—18 лютага 1839 года быў адным з трох епіскапаў, якія падпісалі акт пра аб’яднанне ўніяцкай царквы з праваслаўнай. Незадоўга да гэтага, 4 студзеня ў Жыровічы да епіскапа Антонія з Пецярбурга прыбыў фельд’егер з падрыхтаваным актам пра аб’яднанне і лістом І. Сямашкі. Антоній павінен быў сам падпісаць акт і пераканаць зрабіць гэта ўсё духоўнае кіраўніцтва епархіі, а затым прывезці яго ў Полацк[4].
Праваслаўны архіепіскап
Пасля Полацкага сабора працягваў служыць епіскапам да 23 студзеня 1840 года ў Брэсцкай епархіі, якая з 6 сакавіка 1839 года стала праваслаўнай.
З 1840 года — епіскап праваслаўнай Мінскай і Бабруйскай епархіі, з 1841 года — архіепіскап. Антоній стаў першым беларусам, які кіраваў гэтай епархіяй. Пры ім са Слуцка ў Мінск была пераведзена духоўная семінарыя, зроблены рамонт у Петрапаўлаўскім саборы, адкрыты першыя ў епархіі прыходскія школы.
Яшчэ ў 1841 годзе Антоній падаў прашэнне аб сыходзе на пакой, але быў звольнены толькі ў 1848 годзе па хваробе. Пасяліўся ў Архірэйскай Пустыні, дзе пабудаваў дом і царкву Святога Антонія. У 1862 годзе пераехаў у свой маёнтак у Барысаўскім павеце, некаторы час жыў у Жыровіцкім манастыры.
У 1864 годзе па запрашэнні Іосіфа Сямашкі пасяліўся ў ковенскім Пажайскім манастыры, дзе напісаў працу «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864) і артыкул «Падабенства і адрозненне вучэнняў праваслаўнай і рымскай цэркваў» (1868). Удзельнічаў у рэлігійным жыцці губерні, з’яўляўся ганаровым старшынёй ковенскага Мікалаеўскага брацтва, удзельнічаў у асвячэнні віленскага Прачысценскага сабора. Апошнія гады жыцця займаўся прыродазнаўствам, аднак працы ў гэтай галіне засталіся невыдадзенымі[5].
Памёр 15 лютага 1884 года ў Пажайскім манастыры, быў пахаваны ва Успенскім саборы пры ім. Адпяванне праводзіў архіепіскап Літоўскі і Віленскі Аляксандр[6].
Узнагароды
- 1828 — Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені з нагрудным крыжам.
- 1845 — Ордэн Святога Уладзіміра II ступені[3].
Ацэнкі
- На думку гісторыка-заходнерусіста Міхаіла Каяловіча, архіепіскап Антоній вызначыўся як «незвычайны заступнік за праваслаўе і рускую народнасць у Заходняй Расіі»[7].
Зноскі
- ↑ Аляксандр Раманчук.. У Беларускай Праваслаўнай Царкве адбудзецца памінанне працаўнікоў у справе ўз’яднання беларускіх уніятаў з праваслаўем (руск.). Афіцыйны сайт Тураўскай епархіі (4 снежня 2014). Праверана 02.01.2020.
- ↑ Антоний (Зубко) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- 1 2 Мікалай Коржыч.. Архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко) . Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска (16 кастрычніка 2012). Праверана 02.01.2020.
- ↑ Марозава С.В.. Полацкі царкоўны сабор. (руск.). Pawet.net (21 кастрычніка 2010). Праверана 02.01.2020.
- ↑ Антоний (Зубко) // Русский биографический словарь : в 25 томах; т. 2 (1900): Алексинский — Бестужев-Рюмин. — СПб. — М., 1896—1918.
- ↑ Шушкевіч, А. Архіепіскап Антоній / А. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2004. – 10 жн. – С. 2.
- ↑ Здравамыслаў.. Архіепіскап Антоній (руск.). Праваслаўная энцыклапедыя, Т. 2 (18 лютага 2009). Праверана 02.01.2020.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 641.
- Зубко Антоній // Рэлігія і царква на Беларусі : Энцыкл. давед. / Рэдкал.: Пашкоў Г.П. (гал.рэд.) і інш.; Маст. Глекаў А.А. — Мн.: БелЭн, 2001. — 365 с. — ISBN 985-11-0220-2. — С. 120
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.