Андрэй Кім
Род дзейнасці грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 26 лютага 1986(1986-02-26) (38 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Андрэй Іванавіч Кім (нар. 26 лютага 1986) — грамадскі актывіст, лідар маладзёжнага руху, былы палітзняволены. Актывіст беларускай незарэгістраванай маладзёжнай арганізацыі «Ініцыятыва» (2008). Пасля ўдзелу ў акцыі прадпрымальнікаў (10 студзеня 2008), быў 22 красавіка 2008 г. асуджаны на 1,5 гады калоніі.

Біяграфія

Андрэй Кім нарадзіўся 26 лютага 1986 г. у Мінску. Вучыўся ў Мінскай нацыянальнай гімназіі № 4, затым паступіў у Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Быў некаторы час студэнтам на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэта[1].

У 2015 годзе 28-гадовы Кім ажаніўся з 22-гадовай Надзеяй Рындзевіч. Абодва — евангельскія хрысціяне[2].

Грамадская дзейнасць

Андрэй Кім тройчы асуджаны паводле Адміністрацыйнага кодэкса.

Першы раз — у час удзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандра Казуліна ў 2006 г. (атрымаў 12 сутак арышту).

Другі раз — у 2007 г. пасля святкавання «Хэлаўіну» (7 сутак арышту).

Трэці раз — 21 студзеня 2008 г. пасля мітынгу прадпрымальнікаў (10 сутак арышту і штраф памерам 1 млн 50 тыс. рублёў)[1].

Пасля заканчэння тэрміну трэцяга арышту, 31 студзеня 2008 г., замест выхаду на волю, ён быў прызнаны падазраваным ва ўчыненні крымінальнага злачынства і змешчаны ў СІЗА[3].

22 красавіка 2008 г. суддзя Цэнтральнага райсуда Мінска Алена Ільіна прызнала Андрэя Кіма вінаватым па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўчынення гвалту ў адносінах да супрацоўніка праваахоўных органаў) і вынесла прысуд у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін паўтара года з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму[4].

Андрэй Кім адзіны, хто быў асуджаны да зняволення ў межах «Працэсу чатырнаццаці»[5]. Іншыя падсудныя па «справе чатырнаццаці» за ўдзел у дэманстрацыі атрымалі штрафы і 2 гады абмежавання волі без накіравання ў калоніі адкрытага тыпу.

У маі 2008 г. пераведзены ў бабруйскую калонію[4].

Вызвалены згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі 20 жніўня 2008 г.[4].

Адзін з арганізатараў і ініцыятараў правядзення у Мінску «Баёў з падушкамі». Гэтыя мерапрыемствы прысвечаны ўгодкам бітвы пад Грунвальдам і бітвы пад Оршай. Першая «бітва» была 15 ліпеня 2009 года і прайшла без дазволу ўладаў, без затрыманняў. 8 верасня адбылася другая «бітва» з санкцыі гарадскіх уладаў.

На мерапрыемства 15 ліпеня 2010 года гарадскія ўлады не далі дазвол — было затрымана 70 удзельнікаў падушкавага бою — па версіі міліцыі, і 200 — па словах саміх арганізатараў[6]. Сярод затрыманых — Андрэй Кім. 16 ліпеня 2010 Першамайскі райсуд Мінска прызнаў Андрэя вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і пакараў мінімальным штрафам у памеры 0,5 б.в., улічыўшы п. 6 арт. 6.5 КаАП[7]. Вераснёўскі бой з падушкамі 2010 г. быў забаронены і прайшоў з затрыманнямі[8].

У снежні 2010 г. Андрэй Кім — удзельнік Плошчы. Таемна пакінуў Беларусь пасля акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, калі ў яго дома і на працы маці пачаліся вобыскі. Хаваўся ў Расіі, Польшчы, Германіі, Літве і Украіне. Адзін з нямногіх, хто вярнуўся[4].

27 ліпеня 2010 г. Андрэй Кім затрыманы ў Мінску падчас мерапрыемства, прысвечанага 20-годзю прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі. Пасля ўскладання кветак да помніка Якубу Коласу, на праспекце Незалежнасці пачаліся затрыманні. Быў асуджаны суддзём Савецкага раёна Аксанай Рэлява да штрафу ў памеры 350 000 руб. па артыкулу 17.1 КаАП — «дробнае хуліганства»[9].

Кім з’яўляецца кіраўніком кампаніі «Кінаконг», якая агучвае вядомыя кінафільмы па-беларуску[10].

Арганізатар збору грошай і публікацыі ў 2016 годзе на беларускай мове кнігі «Хронікі Нарніі: Пляменнік Чараўніка»[11].

Крыніцы

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.