Анаэро́бныя аргані́змы, або анаэро́бы — арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арганічных рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.)
Тэрмін «анаэробы» ўвёў Луі Пастэр, які адкрыў у 1861 годзе бактэрыі маслянакіслага браджэння.
Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арганічных, радзей мінеральных злучэнняў у бескіслародным асяроддзі.
Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія, якія жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напрыклад, маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некаторыя стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, анаэробныя арганізмы, якія здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напрыклад, дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушного тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві.
Анаэробы ўяўляюць сабой вялікую групу арганізмаў, як мікра-, так і макраўзроўню:
- анаэробныя мікраарганізмы — вялікая група пракарыётаў і некаторыя прасцейшыя.
- макраарганізмы — грыбы, водарасці, расліны і некаторыя жывёлы (клас фарамініферы, большасць гельмінтаў (клас смактуны, стужачныя чэрві, круглыя чэрві (напрыклад, аскарыда)).
Некаторыя анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, побыце, напрыклад, бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі.
Літаратура
- Анаэробныя арганізмы. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх