Анатоль Мікалаевіч Зэкаў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 20 студзеня 1955 (69 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
|
Анатоль Мікалаевіч Зэ́каў (нар. 20 студзеня 1955; в. Патапаўка, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі паэт, празаік, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.
Біяграфія
У 1977 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі гомельскай раённай газеты «Маяк», потым — у Гомельскім райкаме камсамола: загадчыкам арганізацыйнага аддзела, другім сакратаром.
З 1980 да 1982 года — слухач Вышэйшай камсамольскай школы пры цэнтральным камітэце Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі (Масква). У Мінску працаваў інструктарам аддзела прапаганды і агітацыі цэнтральнага камітэта Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі. У 1991 годзе завочна скончыў Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Камуністычнай партыі Беларусі. Палітолаг.
З 1985 года — у рэдакцыі маладзёжнай газеты «Чырвоная змена». Затым узначальваў мінскую гарадскую газету «Добры вечар» (1990—1996) і штотыднёвік «Сталіца», працаваў у газеце «Книга и мы» (1996—1997), быў галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газеты» (1997—2002), намеснікам і в.а. галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (2002—2005), рэдактарам аддзела прозы — членам рэдкалегіі часопіса «Полымя» (2006—2009). Цяпер — у рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Працуе тэлевядучым на канале «Беларусь 3», дзе вядзе штотыднёвую літаратурную праграму «Дыя@блог. P.S.».
Аўтар тэкстаў гімнаў лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1994 года.
Творчасць
Першы верш апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў 1969 годзе. Анатоль Зэкаў — аўтар зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Зона кахання» (2003), «Промнік позірку твайго» (2008). Асноўныя тэмы паэтычнай творчасці — роздум аб праблемах, якія ставіць жыццё перад чалавекам і чалавецтвам, аб вечных праблемах дабра i зла, любові i нянавісці.
А. Зэкаў напісаў шмат пародый на вершы іншых паэтаў (Р. Баравікова, Т. Атрошанка, В. Аксак, М. Шабовіч і іншыя). Яго пародыі ўвайшлі ў зборнікі сатыры і гумару «Дуэль» i «Дуэль-2», «Вінегрэт пад фуршэт», «Каханне на снезе», «Тары-бары» і іншыя. У іх А. Зэкаў паўстае не толькі як парадыст, таму што на «дуэль» ён выклікае не адных паэтаў, a i розных масцей антыгерояў свайго супярэчлівага часу.
Сучаснай трактоўкай тэм і вобразнасцю вызначаюцца байкі Анатоля Зэкава «Сабачы брэх», «Крот і мышы», «Пчолы і труцень», «Мядзведзь і размеркаванне», «Уюн і дно», «Непаслухмяны конь», «Паўлін і певень» і іншыя.
Дэбютам у прозе стала кніга «Вясельнае падарожжа ў Стамбул».
Таксама ён стварыў мноства кніг для дзяцей: «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і іншыя. І ў гэтых кнігах, адрасаваных юным чытачам, ён паказаў сябе такім жа майстрам, удумлівым, лаканічным, дасціпным і сучасным.
Песні, створаныя на аснове твораў А. М. Зэкава, спяваюць многія беларускія выканаўцы, у тым ліку Я. Навуменка, А. Ярмоленка, А. Балотнік, Г. Грамовіч і іншыя.
А. Зэкаў напісаў лібрэта спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
Вершы Анатоля Зэкава перакладзены на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі.
Бібліяграфія
Паэзія
- «Боль сумлення» (1989)
- «Аварыя сумлення» (1996)
- «На арэхавым кані» (2003)
- «Зона кахання» (2003)
- «Лісты да цябе» (2005)
- «Чарнобыльскі вецер» (2006)
- «Кругі ў галаве» (2007)
- «Промнік позірку твайго» (2008)
- «Не казкі пра Сашку» (2013)
- «Пад кронай белых аблачын» (2013)
- «Безбілетны Зай» (2014)
- «Вожык вёз сараканожак» (2014)
- «Вінегрэт пад фуршэт» (2015)
- «Параненая памяць» (2015)
- «Белае сонца бяроз» (2016)
- «Птушыныя арэлі» (2017)
- «Прыгарадныя чайкі» (2018).
Проза
- «Вясельнае падарожжа ў Стамбул» (2000)
- «Генеральскі нумар» (2011)
Сатыра і гумар
- «Дуэль» (1994)
- «Дуэль-2» (1995)
- «Па самую плешку» (2003)
- «Кругі ў галаве» (2007)
- «Каханне на снезе» (2011)
- «Замарожаныя пачуцці» (2015)
- «Тары-бары» (2015)
Для дзяцей
- «Чатыры зярняткі» (2000)
- «На арэхавым кані» (2003)
- «Мянтуз сярод мядуз» (2007)
- «Зязюля Гулюля» (2011)
- «Кенгуру ці кенгура?» (2013)
- «Як Гаўка ў космас збіраўся» (2013)
- «Азбуку мядзведзь вучыў» (2015)
- «Лічба з літарай сябруюць» (2016)
- «Адна сям’я — ад А да Я» (2017)
- «Селі хмаркі на вярбу» (2018)
- «За месяцам — месяц» (2018)
У зборніках
- Забароненая сукня. Як хлопчык Кастусь з ліфтам паразумеўся // Нявеста для Базыля: казкі / уклад. А. Спрынчан. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2017. — (Беларуская аўтарская казка).
Іншае
- «Алесь» (2007) — кніга ўспамінаў пра Алеся Пісьмянкова
- лібрэта спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
Прэміі і ўзнагароды
- Залаты купідон (2007; сатыра і гумар)
- Літаратурная прэмія імя Васіля Віткі (2009);
- медаль Францыска Скарыны (2019)[1].
Зноскі
- ↑ З узнагародай!(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2020. Праверана 21 студзеня 2021.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2