Амерыканскі футбол | |
---|---|
Кароткая назва | Football |
Краіна паходжання | |
Працягласць | 60 хв. і 48 хв. |
Maximum number of players | 22 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Амерыканскі футбол — камандная гульня, мэтай якой з’яўляецца набыццё камандай большай колькасці ачкоў, чым праціўнік, за акрэслены час.
Мяч
Гуляюць надзіманым мячом з скуранай паверхняй натуральнага скуранага колеру, яйкавіднай формы, даўжыні восяў ~28—29 × ~17 см, вага 420—450 г (14 — 15 унцый).
Поле
Гульня адбываецца на гульнёвым полі, якое мае памеры 91,44 × 48,76 м (100 × 53 1/3 ярдаў). Папярочныя лініі ў процілеглых канцах гульнёвага поля называюцца лініямі голу (мэты). Да іх прылягаюць дзве адпаведныя канцавыя зоны аднолькавай з гульнёвым полем шырыні, па 9,144 м (10 ярдаў) даўжыні кожная. Канцавыя зоны канчаюцца канцавымі лініямі. На канцавых лініях змешчаны брамы (goalpost), кожная з якіх абавязкова складаецца з двух слупоў і папярочкі. Шырыня брамы — 5,64 м (18 ½ фт), вышыня слупоў — не менш за 9,144 м (30 фт), вышыня накладання папярочкі — 3,048 м (10 фт). 100 ярдаў даўжыні гульнёвага поля падзелены папярочнымі лініямі праз кожныя 4,57 м (5 ярдаў), а праз кожныя 10 ярдаў дадаткова нанесены лічбы, якія азначаюць, колькі ярдаў засталося да процілеглай лініі голу.
Час
Гульня вядзецца на працягу 4 чвэрцяў па 15 мін. чыстага часу.[1] Пасля першых дзвюх чвэрцяў адбываецца перапынак у 12 мін. (halftime) і паў-пачатак (semi-restart) гульні (каманды прымусова мяняюцца «сваімі» паловамі поля і ролямі нападніка-абаронцы).
У выпадку нічыёй (роўнай колькасці набраных ачкоў, tie) абвяшчаецца дадатковы час (over-time, «sudden death») — 3 мін. адпачынку і 15 мін. гульні да першага ачка, узятага адной з каманд. Калі на працягу дадатковага часу аніводная з каманд не ўзяла ачкоў, дадатковы час паўтараецца.
Спробы каманд прасунуць (advance) мяч называюцца плэямі (plays), на тое, каб пачаць кожны з плэяў, даецца, у залежнасці ад версіі правіл і ходу гульні, 25 — 40 сек. (play clock).
Склады каманд
Кожная каманда выстаўляе на поле не больш за 11 гульцоў. Правілы дазваляюць камандзе гуляць і з меншай колькасцю гульцоў, але з выкананнем пэўных умоў. Гульцы могуць быць заменены паміж гульнявымі момантамі; агульная колькасць гульцоў, якую можна выставіць на матч, залежыць ад версіі правіл, напрыклад, 45 гульцоў паводле правіл NFL.
Гульцы мусяць карыстацца засцерагальнай формай, у склад якой уваходзяць: накаленнікі, наплечнікі, шлем з маскай і загубнік.
Гульнёю кіруюць 4 — 7 суддзяў.
Ролі каманд
Каманды ў ходзе гульні могуць выконваць ролі нападнікаў і абаронцаў. Ролі могуць мяняцца пасля супыну і перад узнаўленнем гульні, у залежнасці ад ходу мяча перад супынам гульні.
Супын гульні (stoppage) адбываецца тады, калі гулец з мячом падае, або не можа прасоўвацца наперад, або затрыманы і не можа рухацца, або мяч ці ногі гульца з мячом дакрануліся да зямлі за лініяй поля, або пас перапынены, або суддзя абвясціў фол, або адна з каманд атрымала ачкі, або не ўдалася спроба голу з поля. Мяч пры ўзнаўленні гульні знаходзіцца тамсама, што і пры супыне.
Спробы
Каманда-нападнік мае чатыры спробы (down), каб прасунуць мяч наперад так далёка, каб дамагчыся або ачкоў, або права на новыя чатыры спробы. Галоўная задача каманды-нападніка ў кожнай спробе — ачкі. Калі гэта не ўдаецца, то каманда-нападнік мусіць прасунуць мяч наперад не менш за 9,144 м (10 ярдаў) — «first down». Калі гэта не ўдаецца, каманды мяняюцца ролямі.
Таксама каманды мяняюцца ролямі, калі адбываецца перахоп або выкарыстаная камандай-абаронцам памылка.
Тактыка
Тактыка нападнікаў
Дзеля прасоўвання мяча гульцы могуць перакідаць мяч адзін аднаму рукамі (пасаваць) або несці мяч у руках. Дазваляецца ўдар па мячы нагой.
Гульцы-нападнікі, якія не валодаюць мячом, могуць блакаваць гульцоў-абаронцаў — з дапамогай рук і цела змяшчацца між сваім гульцом з мячом і гульцамі-абаронцамі, абараняючы свайго гульца з мячом. Не дазваляецца ахопліваць праціўніка рукамі ці нагамі, або дакранацца да праціўніка ніжэй за пояс[2].
Варыянтамі блакавання з’яўляюцца расштурхванне груп абаронцаў, каб зрабіць сцежку для свайго гульца з мячом (run blocking) і абарона месца прыймання пасу сваім гульцом (pass blocking).
Гульцу, які валодае мячом, дазваляецца адштурхваць праціўніка свабоднай рукой (stiff arming, straight arming).
Тактыка абаронцаў
Адзін з асноўных тактычных прыёмаў абаронцаў — завал гульца з мячом (tackle), які звычайна ажыццяўляецца гульцом абаронцаў праз ахоп рукамі ног гульца з мячом.[3] Завал гульца без мяча не дазваляецца. Абаронцы могуць таксама спрабаваць перахопліваць пас (interception). Але дотык да нападніка, які не валодае мячом, не дазваляецца.[2]
Пазіцыі гульцоў на полі
Амерыканскі футбол — унікальная гульня, бо вымушвае фактычнае існаванне ў камандзе розных пад-каманд, прызначаных дзеля гульні каманды ў розных ролях.
Каманда нападнікаў
- квотэрбэк, чвэрць-абаронца (quarterback, QB) — адзін з найважнейшых гульцоў у камандзе амерыканскага футболу; звычайна лідар, капітан каманды, арганізатар гульні; часта дае пасы, таму мусіць мець добры і цэльны кідок; мусіць мець сілу і хуткасць, каб пазбягаць спробаў абаронцаў яго заваліць; звычайна не атрымлівае пасаў, якія прасоўваюць мяч наперад;
- бягучы абаронца, абаронца (running back, back) — звычайна дадаткова падзяляюцца на паўабаронцаў (halfback, HB) і цэлых абаронцаў (fullback, FB); звычайна блакуюць напады на чвэрць-абаронцу, атрымліваюць пасы назад і спрабуюць прабег; паўабаронцы звычайна пазбягаюць кантактаў з абаронцамі, цэлыя абаронцы звычайна больш моцныя фізічна і імкнуцца прарывацца скрозь пазіцыі гульцоў праціўніка, асабліва пра завяршэнні спробы.
- шырокі прымальнік (wide receiver, WR) — галоўная задача складаецца ў «разбяганні» паводле пэўнага ўзору і атрыманні пасу; звычайна вельмі хуткія і спрытныя гульцы, з добрымі навыкамі імання пасаў;
- лінейны нападнік (offensive lineman, OL) — шыхтуюцца проці каманды абаронцаў, блакуюць напады на чвэрць-абаронцу, ствраюць сцежкі для прабегу гульца з мячом; звычайна не атрымліваюць пасаў наперад;
- тайт-энд (tight end, TE) — спалучэнне лінейнага і прымальніка, змяшчаецца між першымі і другімі, выконвае фукнцыі як тых, так і другіх; буйнейшы за прымальніка, спрытнейшы ў атрыманні пасу за лінейнага; звычайна на полі толькі адзін гулец на такой пазіцыі; тое крыло шыхту, дзе ён змешчаны, называецца «моцны бок» («strong side»), а іншае — «слабы бок» («weak side»).
Каманда абаронцаў
- лінейны абаронца (defensive lineman, DL) — спрабуюць заваліць чвэрць-абаронцу ці таго, хто спачатку валодае мячом; найбуйнейшыя і наймацнейшыя гульцы ў камандзе абаронцаў;
- падлінейны, лайнбекер (linebacker, LB) — звычайна або закрываюць нападнікаў, якія прайшлі за шыхт лінейных абаронцаў, або гоняцца за імальнікамі, каб перахапіць пас; звычайна на полі 3 — 4 гульцы ў гэтай ролі; мусяць спалучаць хуткасць, сілу і спрыт;
- тылавы абаронца, абаронца (defensive back, DB) — утвараюць апошнюю лінію абароны каманды, прыкрываюць тылы; дадатковы падзел: засцярожнік (safety) — засяроджваюцца на мячы, і кутнік (cornerback, CB) — гуляе збоку ад засцярожніка; мусяць мець добрае адчуванне гульні, каб перахапіць і заваліць бягуна з мячом, або каб перахапіць пас чвэрць-абаронцы, ці, прынамсі, каб не даць нападнікам прасоўвацца далей.
Адмыслоўцы
- выбівальнік (place kicker, PK) — звычайна, адзін гулец, выконвае ўсе выбіванні і спробы атрымаць ачкі пасля тачдаўну.
- панцер (punter, P) — робіць панты (далёкія ўдары нагою наперад), таму мусіць магчы як спрытна лавіць мяч, калі свае робяць выхап (snap) мяча ў яго кірунку, так і пасылаць мяч высока і далёка, але і дакладна;
- трымальнік (holder, H) — атрымлівае пачатковы выхап (snap), трымае мяч для выбівальніка; звычайна задача запаснога чвэрць-абаронцы, дасведчанага ў атрыманні выхапаў;
- вяртальнік выбою (kick returner, KR) — звычайна той, хто ловіць мяч пасля выбіванняў ці пунтаў, а потым спрабуе прасунуцца з мячом як мага далей; звычайна ўвасабляе хуткасць і спрыт.
Ачкі
Звычайна, ачкі можа атрымаць толькі каманда ў ролі нападніка.
- 6: тачдаўн (touchdown) — дакрананне мячом з рук да паверхні канцавой зоны праціўніка;
- 3: гол з поля (field goal) — пралёт мяча над папярочкай і між слупамі брамы праціўніка пасля ўдару нагой па мячы, які трымаюць у руках пасля ўзнаўлення гульні;
- 2: бяспека (safety) — завал (tackle) гульца нападнікаў, які валодае мячом, у канцавой зоне нападнікаў; адзіная магчымасць атрымаць ачкі ў абароне;
- 2: канверт (two-point conversion) — пасля тачдаўну нападнікі могуць яшчэ раз пачаць гульню ў 2 ярдах ад лініі мэты, каб занесці мяч у канцавую зону за дадатковыя 2 ачкі;
- 1: ачко пасля тачдаўну, дадатковае ачко (point-after-touchdown, extra point) — пасля тачдаўну нападнікі могуць паспрабаваць прабіць мяч над папярочкай і між слупамі брамы праціўніка з адлегласці 2 ярды[4] ад лініі мэты праціўніка.