Месцазнаходжанне Амерыкі

Адзіны Амерыканскі кантынент умоўна падзелены на дзве часткі — Паўночную і Паўднёвую Амерыкі. Як частку свету іх не падзяляюць і лічаць адзінай часткай свету — Амерыкай. Умоўна вылучаюць Цэнтральную Амерыку і Лацінскую Амерыку.

Назва «Амерыка» прапанавана ў 1507 годзе географам з Латарынгіі Вальдземюлерам.

Агульная плошча Амерыкі — 42 549 000 км², на 4,5 % менш за тэрыторыю Азіі, то-бок Амерыка — другая велічынёй частка свету. Буйнейшыя на яе тэрыторыі дзяржавы — Канада (9 984 670 км²), ЗША (9 147 593 км²) і Бразілія (8 515 767 км²). Агульная колькасць насельніцтва — больш за 953 млн жыхароў, Амерыка трэцяя колькасцю насельніцтва частка свету пасля Азіі і Афрыкі. Буйнейшыя колькасцю насельніцтва дзяржавы — Злучаныя Штаты Амерыкі (333 449 281 чал.) і Бразілія (207 353 391 чал.).

Гісторыя

Амерыка заселена людзьмі з Азіі дзесьці паміж 42-м і 14-м тысячагоддзямі таму. Хваля міграцыі эскімосаў / інуітаў за некалькі тысячагоддзяў да н. э. была апошняй з ліку карэнных амерыканскіх народаў (па традыцыі яны, за выключэннем эскімосаў і алеутаў, мелі атрыманаю ад еўрапейцаў памылковую назву амерыканскіх індзейцаў).

Хрыстафор Калумб узначальвае экспедыцыю ў Новы Свет, 1492 год

Першымі еўрапейцамі, пра знаходжанне якіх у Амерыцы пэўна вядома, былі мараплаўцы-вікінгі на чале з Лейфам Эрыксанам. Зрэшты, адкрыццё Амерыкі традыцыйна датавалі эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў — 1492 годам, калі экспедыцыя Хрыстафора Калумба дасягнула астравоў Вест-Індыі. Еўрапейская каланізацыя Амерыкі прывяла да знішчэння шэрагу дакалумбавых цывілізацый, дэмаграфічнай катастрофы карэнных народаў Амерыкі, масавай эміграцыі са Старога Свету і завозу афрыканскіх рабоў. У выніку адкрыццяў і заваёў тэрыторыя Амерыкі была падзелена паміж еўрапейскімі дзяржавамі — Іспаніяй, Партугаліяй, Англіяй, Францыяй, Нідэрландамі і Расіяй.

Станам на пачатак XXI ст. пераважная большасць амерыканскіх краін ёсць суверэннымі дзяржавамі. Галоўнымі вехамі ў дэкаланізацыі былі вайна за незалежнасць ЗША 1776—1783 гадоў, Гаіцянская рэвалюцыя 1791—1803 гадоў, вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы пад кіраўніцтвам Сiмона Балівара 1810—1826 гадоў і вайна за незалежнасць Кубы.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.