Аляксей Сцяпанавіч Кучынскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 (16) лютага 1892 ці 12 (24) лютага 1892 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 кастрычніка 1937 (45 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | навуковец |
Навуковае званне |
|
Альма-матар |
Аляксе́й Сцяпа́навіч Кучы́нскі (12 (24) лютага 1892, в. Выдранка, Магілёўская губерня, цяпер Краснапольскі раён — 29 кастрычніка 1937, Мінск) — дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР, в. а. рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар.
Біяграфія
Скончыў сельскае вучылішча і Мсціслаўскае гарадское вучылішча. Здаўшы экстэрнам экзамен на званне сельскага настаўніка, з кастрычніка 1909 г. па верасень 1913 года выкладаў у школах Рагачоўскага павета.
Скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут (1916), у тым жа годзе быў прызваны ў армію, служыў радавым у 50-м пяхотным запасным палку, з 1917 года — на Румынскім фронце яфрэйтарам 7-га інжынернага палка.
У маі 1917 года быў камандзіраваны ў Петраградскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, удзельнічаў у рабоце I Усерасійскага з’езда сялянскіх дэпутатаў з правам дарадчага голасу. У чэрвені 1917 г. уступіў у РСДРП(б).
Пасля дэмабілізацыі ў снежні 1917 года прыехаў да бацькоў у вёску Соіна Мсціслаўскага павета. Быў абраны старшынёй павятовага выканкама; адначасова са студзеня 1918 па май 1920 года ўзначальваў павятовы райкам, кіраваў аддзелам адукацыі, затым аддзелам юстыцыі, рэдагаваў газету «Думы бедняка».
З мая 1920 года працаваў у Смаленску: член камісіі па рабоце ў вёсцы, адначасова — старшыня губернскага праўлення работнікаў асветы. З лютага 1921 года ўзначальваў Мсціслаўскі павятовы камітэт РКП(б) і выканкам. З верасня 1922 года — намеснік загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды Смаленскага губкама РКП(б), член камісіі па працы ў вёсцы. З лютага 1923 па красавік 1924 года — рэдактар газеты «Працоўны шлях», кандыдат у члены Смаленскага губкама РКП(б).
З красавіка 1924 года — загадчык агітацыйна-прапагандысцкім аддзелам Ярцаўскага гаркама РКП(б). З красавіка 1925 года — у Смаленску: намеснік рэдактара газеты «Працоўны шлях», з лістапада 1925 — старшыня губернскага праўлення саюза сельскагаспадарчых і лясных рабочых, адначасова рэдактар газеты «Смаленская вёска». Абіраўся ў прэзідыум губернскага савета прафсаюзаў, дэлегатам XV, XVI і XVII губернскіх партканферэнцый, членам Смаленскага губкама партыі, членам ЦК саюза сяльгаслесрабочых (студзень 1926). З лістапада 1927 года — загадчык пададдзелам друку Смаленскага губкама ВКП(б).
З мая 1929 года жыў і працаваў у Мінску: выконваў абавязкі рэдактара газеты «Рабочы», з лютага 1930 г. па красавік 1931 года — намеснік рэдактара газеты «Советская Белоруссия». Адначасова завочна вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры (1930—1933), у аспірантуры на кафедры палітычнай эканоміі факультэта права і гаспадаркі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У чэрвені — лістападзе 1933 года — намеснік упаўнаважанага па БССР наркамата цяжкай прамысловасці СССР, затым — старшыня палітаддзела Чаускай МТС, з 1935 г. — загадчык аддзела ЦК КП(б)Б. Адначасова выкладаў у мінскім Камвузе.
З 3 красавіка 1936 г. па 7 лютага 1937 года — в. а. рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
7 лютага 1937 года арыштаваны ў Мінску па адрасе вул. Універсітэцкая (цяпер вул. Кірава), 23, кв. 44.; выключаны з партыі.
28 кастрычніка 1937 як «член антысавецкай шпіёнскай тэрарыстычнай арганізацыі, які прымаў удзел у падрыхтоўцы тэракту над адным з кіраўнікоў дзяржавы» выязной сесіяй Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР згодна арт. 69, 70, 76 Крымінальнага кодэкса Беларускай ССР асуджаны да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года; пахаваны ў Мінску.
Рэабілітаваны 4 ліпеня 1957 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР «за адсутнасцю складу злачынства».
Сям’я
- жонка — Алёна Фёдараўна Кучынская (Старасценка), выкладчык нямецкай мовы Беларускага політэхнічнага інстытута; асуджана да 8 гадоў лагераў, другім разам да ссылкі, якую адбывала ссылку ў Краснаярску;
- сын — Дзмітрый (нар. 9.11.1919), асуджаны да 5 гадоў лагераў, з 1940 года ў Краснаярску, вызвалены ў 1940, але далейшы лёс невядомы, мачыма, памёр у Краснаярску ў тым жа годзе.
Літаратура
- Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 322.
- Кучынская (Старасценка) Алена Фёдараўна // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 1 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2004.
- Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч // Ахвяры і карнікі / Леанід Маракоў. — Мн., 2007. — 440 с.
- Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч (Стафанавіч) // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
Спасылкі
- Яноўскі А. А. Кучынскі Аляксей Сцяпанавіч. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
- Кучинский Алексей Степанович. Жертвы политического террора в СССР. Общество «Мемориал».