Аляксей Дудараў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 6 чэрвеня 1950(1950-06-06)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 лютага 2023(2023-02-27) (72 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, пісьменнік, сцэнарыст
Жанр п’еса
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія СССР прэмія Ленінскага камсамола
Узнагароды
Ордэн «Знак Пашаны»
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР

Аляксей Ануфрыевіч Дудараў (6 чэрвеня 1950, в. Кляны, Дубровенскі раён, Віцебская вобласць — 27 лютага 2023, Мінск) — беларускі драматург.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і калгаснікаў. Скончыў у 1968 годзе Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў у 1976 годзе Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно». Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Мінск, 1976—1983). Быў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР (з 1979), сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1989). У 1991—2002 гадах займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 год быў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска[1].

Творчасць

Дэбютаваў у друку ў 1973 годзе. Пісаў апавяданні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург. Выдаў зборнікі апавяданняў «Святая птушка» (1979). Паводле сцэнарыяў Аляксея Дударава пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.).[2]

Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў Вялікім Княстве Літоўскім напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя паводле матываў аднайменнай паэмы Міколы Гусоўскага. Гістарычныя асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.

У п’есе «Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Уладзіміра ў святле вялікіх пачуццяў, страсцей. Палачанка праклінае Уладзіміра, і праклён гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. Аляксей Дудараў вельмі актыўна працаваў у жанры гістарычнай драмы: п’есы «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Чорная панна Нясвіжа», «Крыж» і інш. Творам на гістарычную тэму ўласцівая дынамічнасць сюжэта, займальнасць інтрыгі, экзотыка і захаваны каларыт эпохі. Станоўчыя героі надзелены такімі вартасцямі, як вернасць ідэалу, высакароднасць, шляхетнасць, самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне.

Драматург абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў меладраму «Кім» (2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых неверагодных метамарфозаў і супадзенняў, твор мае шчаслівы канец. Да жанру «меладраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п’еса Аляксея Дударава «Люці» (2002).

Пераклаў на беларускую мову хроніку Уільяма Шэкспіра «Рычард III».

Тэатральныя пастаноўкі

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета:

Дняпроўскі акадэмічны тэатр драмы і камедыі:

  • 2004 — «В сумерках» (пастаноўка Жана Мельнікава)

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і іншымі ўзнагародамі. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданняў «Святая птушка» і п’есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спектакль «Радавыя», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).

Бібліяграфія

  • «Кола»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1977)
  • «Дэбют»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1978)
  • «Суседзі»: сцэнарый мастацкага фільма (1979)
  • «Выбар»: п’еса (паст. 1979)
  • «Святая птушка»: зборнік апавяданняў (1979)
  • «Буслянё»: сцэнарый кароткаметражнага фільма (1980)
  • «Як гартавалася сталь»: інсцэніроўка рамана М. Астроўскага (паст. 1980)
  • «Парог»: п’еса (паст. 1981)
  • «Сінявочка»: казка для дзяцей (1981)
  • «Купальская ноч»: сцэнарый мастацкага фільма (1982)
  • «Апошні ўзлёт»: п’еса (паст. 1982)
  • «Вечар»: п’еса (паст. 1983)
  • «Белыя росы»: сцэнарый мастацкага фільма (1984)
  • «Радавыя»: п’еса (паст. 1984)
  • «Восеньскія сны»: сцэнарый мастацкага фільма (1986)
  • «Майстар і Маргарыта»: інсцэніроўка рамана М. Булгакава (паст. 1987)
  • «Дыялог»: зборнік п’ес (1987)
  • «Злом»: п’еса (паст. ў 1988)
  • «Вежа»: п’еса, разам з У. Някляевым (паст. 1990)
  • «Купала»: трагедыя (1994) — увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385
  • «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа
  • «Песня пра зубра» (1994) — па матывах паэмы М. Гусоўскага
  • «Палачанка» (1998)
  • «Чорная панна Нясвіжа» (1999)
  • «Прынц Мамабук»: камедыя (1999)
  • «Крыж»: зборнік п’ес (2000)

Зноскі

  1. У Мінску развіталіся з драматургам Аляксеем Дударавым. bel.sputnik.by (1 сакавіка 2023).
  2. Журбін, Якаў. Памёр беларускі драматург Аляксей Дудараў.. Вы дакладна ведаеце ягоныя творы . Onliner.by (28 лютага 2023). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2023. Праверана 23 мая 2023.

Літаратура

  • Аляксей Дудараў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
  • Астроўская, Т. Драматургічныя дамінанты ў апавяданнях Аляксея Дударава / Т. Астроўская // Роднае слова. — 2008. — № 6. — С. 30-32.
  • Дудараў Аляксей // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.  653 с.: іл. 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Дудараў Аляксей // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч (і інш.). — Мн., 1993. — Т. 2. — С. 396—399.
  • Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1998. — Т. 6. — С. 253.
  • Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Памяць: Дубровенскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў (і інш.); мастак Э. Э. Жакевіч. — Мн., 1997. — Кн. 1. — С. 513—514.
  • Дудараў Аляксей Ануфрыевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (і інш.). — Мн., 1996. — Т. 3. — С. 311—312.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.