Аляксандра Ануфрыеўна Паслядовіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 23 красавіка 1918 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 красавіка 1988 (70 гадоў) |
Грамадзянства | |
Муж | Віктар Іванавіч Сахненка[d] |
Род дзейнасці | мастачка |
Месца працы | |
Жанр | графіка |
Вучоба | |
Член у | |
Прэміі |
![]() |
Узнагароды |
![]() |
Аляксандра Ануфрыеўна Паслядо́віч[2] (23 красавіка 1918 — 23 красавіка 1988) — беларуская мастачка, графік, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1963).
Біяграфія
Нарадзілася 23 красавіка 1918 года ў Мінску ў сям’і чыгуначніка. Наведвала прыватную студыю Валянціна Волкава[3]. У 1938 годзе скончыла 9 класаў школы і паступіла на другі курс Віцебскага мастацкага вучылішча. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны А. Паслядовіч эвакуіравалася ў Куйбышаўскую вобласць, дзе працавала ў калгасе[3]. У 1942 годзе пераехала ў Казань і працавала на авіяцыйным заводзе, потым жыла ва Уфе, дзе некаторы час працавала экскурсаводам у Мастацкім музеі[3]. У 1943 годзе паступіла на першы курс жывапіснага факультэта Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна, які ў гэты час знаходзіўся ў эвакуацыі ў Самаркандзе. У 1944 годзе працягвала вучобу ў інстытуце, які ўжо быў вернуты ў Ленінград. Сярод яе настаўнікаў былі А. А. Асмёркін і Г. А. Савінаў, С. Л. Абуга, К. І. Рудакоў, У. М. Канашэвіч, Г. Д. Епіфанаў[3]. У час вучобы захапілася графікай і на чацвёртым курсе перайшла на аддзяленне графікі. Інстытут скончыла ў 1950 годзе. Яе дыпломнай работай сталі ілюстрацыі да рамана Веры Кетлінскай «Мужнасць» і па выніках абароны дыплома Аляксандра Паслядовіч атрымала адзнаку «добра» і званне мастака-графіка[3]. Засталася жыць у Ленінградзе, працавала ў выдавецтвах «Молодая гвардия», «Лениздат», «Госиздат», афармляла і ілюстравала кнігі[3]. У 1954 годзе стала членам Ленінградскага Саюза савецкіх мастакоў.
У 1957 годзе вярнулася ў Мінск і з гэтага часу назаўсёды звязала лёс і творчасць з Беларуссю[4].
Член Беларускага саюза мастакоў з 1957 года.
Творчасць
Браць удзел у мастацкіх выстаўках пачала ў 1953 годзе. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі, спрабавала свае сілы ў так званых вольных тэхніках: пастэлі, гуашы, вугалі. Аўтар акварэляў, шэрагу прац у кніжнай графіцы. Аўтар ілюстрацый да кніг «Сымон-музыка» і «Рабакова хата» Якуба Коласа, «Кацярына» Тараса Шаўчэнкі (у сааўтарстве з В. І. Сахненкам), збора твораў індыйскіх пісьменнікаў «Дрэва вады», да твораў да твораў Д. Грыгаровіча і І. Ганчарова і інш. Сярод іншых работ Аляксандры Паслядовіч: «Партрэт Марыі Касавец» (1960) і «Беларуска» (1961) з цыкла «Па родным краі», цыклы станковых прац «Па Балгарыі», «Па Італіі», «На Палессі», серыі літаграфій «Беларускія народныя святы», «Беларускія жанчыны» (1971), «Беларускія песні», нацюрморты «Рыба і сеці» (1976), «Нацюрморт са званочкамі» і «Нацюрморт са снапом» (1977), «Нацюрморт з макамі» (1980)).
Працы Аляксандры Паслядовіч знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна ў Маскве і інш.[4]
Узнагароды і званні
- Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1963)
- Пасмяротна, 28 снежня 1988 года ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР за графічныя лісты «Жанчына са збанам», «На адпачынку», «Святочны дзень», «Надыход ночы», «Саламяная птушка» і цыкл «Беларускі нацюрморт»[3].
Ушанаванне памяці
9 красавіка 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне паштовы канверт з арыгінальнай маркай «Жывапіс. А. А. Паслядовіч».
Зноскі
- ↑ http://bdamlm.by/gallery/alyaksandra-paslyadovich
- ↑ Беларусь 1995.
- 1 2 3 4 5 6 7 Аляксандра Паслядовіч. Да 100-годдзя з дня нараджэння Архівавана 10 лістапада 2022. // Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
- 1 2 Паслядовіч Аляксандра Ануфрыеўна на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
Літаратура
- Паслядо́віч Аляксандра Ануфрыеўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 565—566. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Паслядовіч Аляксандра Ануфрыеўна на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Аляксандра Паслядовіч. Да 100-годдзя з дня нараджэння Архівавана 10 лістапада 2022. // Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
- 9 красавіка Мінсувязі выпускае ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай з серыі «Жывапіс»(недаступная спасылка) // Сайт Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь