Але́і — вадкія тлушчы, атрыманыя з пладоў і насення розных раслін.

Складаюцца на 95—97% з сумесі трыгліцэрыдаў (поўных эфіраў гліцэрыны) вышэйшых насычаных і ненасычаных тлустых кіслот, пераважна С16 і С18, і свабодных тлустых кіслот, фасфатыдаў, воску, токаферолаў, вітамінаў, пігментаў і інш. Не маюць у сабе халестэрыну. У залежнасці ад саставу тлустых кіслот падзяляюцца на высыхальныя (ільняны алей, канапляны алей, тунгавы алей), паўвысыхальныя (соевы алей і макавы алей) і невысыхальныя (какосавы алей, пальмавы алей).

Алеі — вадкія, мазепадобныя ці цвёрдыя афарбаваныя рэчывы, некаторыя з іх таксічныя. Палімерызуюцца пры t=250—300 °С ці пад уздзеяннем кіслароду паветра (паглынаюць да 30%, чым тлумачыцца «прагарканне» алею). Атрымліваюць са здробненага насення, мякаці пладоў алейных раслін, у т.л. алейных культур, прасаваннем ці экстрагаваннем арганічнымі растваральнікамі з ачысткай, адстойваннем, фільтрацыяй, апрацоўкай вадой (гідратацыя), растворамі шчолачаў (рафінацыя), адсарбентамі ці глінамі (адбельванне), вадзяной парай ці вакуумам (дэзадарацыя).

Падзяляюцца на сырыя, рафінаваныя і нерафінаваныя.

Выкарыстоўваюцца як харчовыя прадукты, для прыгатавання кансерваў, маянэзаў, гідрыраваныя алеі — для маргарынаў; у вытворчасці гліцэрыны, тлустых кіслот, алейных лакаў і фарбаў, мазяў, касметычных сродкаў.

Літаратура

  • Алеі // БЭ ў 18 т. Т. 1. Мн., 1996.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.